Рэктар Акадэміі адукацыі Ірына Старавойтава — пра навукова-метадычнае суправаджэнне і забеспячэнне якасці адукацыі

- 11:30Компетентно

Забеспячэнне якасці адукацыі — пытанне нумар адзін для адукацыйнай галіны краіны. І ў вырашэнні гэтага пытання многае залежыць ад эфектыўнасці навукова-метадычнага суправаджэння, якое сёння ў поўнай меры забяспечвае Акадэмія адукацыі. Акцэнты ў яе дзейнасці расстаўляем разам з рэктарам Ірынай Старавойтавай.

Новыя стандарты

У межах галіновай навукова-тэхнічнай праграмы “Функцыянальная адукаванасць” на 2021—2025 гады распрацоўваецца навукова-метадычнае забеспячэнне фарміравання функцыя­нальнай адукаванасці навучэнцаў.

Ужо распрацаваны праекты адукацыйных стандартаў да­школьнай, пачатковай, базавай, сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, якія арыентаваны на фарміраванне чытацкай, матэматычнай, прыродазнаўчанавуковай, інфармацыйнай, фінансавай і іншых відаў адукаванасці навучэнцаў. Акрамя таго, улічваецца неабходнасць фарміравання такіх важных кампетэнцый, як грамадзянскасць, мысленне, камунікацыя, эмацыя­нальная рэгуляцыя, устойлівае асобаснае развіццё.

Праекты адукацыйных стандартаў ужо прайшлі апрабацыю ва ўстановах адукацыі і пасля зацвярджэння стануць складовай часткай нарматыўнай прававой асновы адукацыйнага працэсу. Замацаваныя ў іх патрабаванні да вучэбна-праграмнай дакументацыі, арганізацыі адукацыйнага працэсу, засваення зместу адукацыйных праграм можна будзе разглядаць у якасці крытэрыяў ацэнкі якасці дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі.

Распрацавана больш за 40 вучэбна-метадычных комплексаў для правядзення факультатыўных заняткаў, накіраваных на фарміраванне ў навучэнцаў функцыя­нальнай адукаванасці ў працэсе праектнай дзейнасці. У склад ВМК уваходзяць вучэбная праграма, дыдактычныя матэрыялы для навучэнцаў, а таксама метадычныя рэкамендацыі для настаўніка. З 2024/2025 навучальнага года ВМК рэкамендаваны да выкарыс­тання ў адукацыйным працэсе (размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале).

У 2024 годзе ў адпаведнасці з патрабаваннямі новых адукацыйных стандартаў Акадэміяй адукацыі распрацоўваецца вучэбная праграма дашкольнай адукацыі, вучэбныя праграмы па ўсіх прадметах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Разам з прадметнымі вынікамі ў новым пакаленні вучэбных праграм будуць паслядоўна прадстаўлены асобасныя і метапрадметныя адукацыйныя вынікі (праяўленне грамадзянскасці і патрыятызму, сфарміраванасць маральных якасцей асобы, уменне працаваць з інфармацыяй, навыкі крытычнага мыслення і інш.).

Удасканаленне падручнікаў

Важнай умовай павышэння якасці адукацыі з’яўляецца ўдасканаленне падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. Створаная за гады дзяржаўнага суверэнітэту Рэспуб­лікі Беларусь сістэма вучэбнага кнігавыдання для ўстаноў да­школьнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ўключае ў сябе фарміраванне аўтарскіх калектываў, шматэтапную экспертызу вучэбных выданняў, рэдакцыйна-выдавецкую падрыхтоўку і тыражаванне вучэбных выданняў для навучэнцаў усёй краіны.

З 2015 па 2021 год было выдадзена 217 новых вучэбных дапаможнікаў для 1—11 класаў. У цяперашні час пры падрыхтоўцы да паўторнага выпуску адбываецца іх удасканаленне. Каб зрабіць усё максімальна якасна, Акадэмія адукацыі выкарыстоўвае розныя механізмы атрымання зваротнай сувязі ад педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў: анкетаванне, доследную праверку, дзейнасць інфалініі нацыянальнага адукацыйнага партала, рэспуб­ліканскія кантрольныя работы, дыялогавыя пляцоўкі.

Найважнейшым напрамкам удасканалення падручнікаў пры падрыхтоўцы да паўторнага выпуску з’яўляецца ўзмацненне іх выхаваўчай, навучальнай і развіццёвай функцый. Выхаваўчы патэнцыял пашыраецца за кошт адлюстравання дасягненняў Рэспублікі Беларусь у розных сферах грамадскага жыцця (навуцы, медыцыне, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, спорце, культуры). Метадычны апарат прадугледжвае актывізацыю вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў (работу з рознымі крыніцамі інфармацыі, правядзенне міні-даследаванняў, выкананне заданняў міжпрадметнага характару).

Каб аказаць педагогам патрэбную метадычную падтрымку пры рэалізацыі вучэбнага, развіццёвага і выхаваўчага патэнцыялу школьнага падручніка, у праграмах павышэння кваліфікацыі Акадэміі адукацыі, рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі шырэй прадстаўляюцца пытанні, звязаныя з выкарыстаннем вучэбных дапаможнікаў у адукацыйным працэсе. Аўтары вучэбных дапаможнікаў з’яўляюцца абавязковымі ўдзельнікамі павышэння кваліфікацыі педагогаў.

Алгарытмы выхаваўчай работы

Немалаважнай задачай Акадэміі адукацыі з’яўляецца навукова-метадычнае забеспячэнне выхаваўчай работы ва ўстановах дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Мы разглядаем адукацыю як галоўны інстытут сацыялізацыі падрастаючага пакалення, які павінен забяспечваць не толькі навучанне, але і выхаванне асобы. Для забеспячэння эфектыў­нага выхавання навучэнцаў важным з’яўляецца навукова-метадычнае суправаджэнне шэрага рэс­публіканскіх праектаў, сярод якіх “Школа актыўнага грамадзяніна”, “Адзіныя ўрокі”, “Бацькоўскі ўніверсітэт”, “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма”.

Для рэалізацыі гэтых рэспуб­ліканскіх праектаў распрацаваны і размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале метадычныя матэрыялы. Прапанаванае навукова-метадычнае забеспячэнне спрыяе кансалідацыі намаганняў педагогаў і бацькоў у выхаванні нашых дзяцей. Для навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу актыўна выкарыстоўваюцца сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. З 2014 года дзейнічае нацыянальны адукацыйны партал, які забяспечвае комплексную падтрымку ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. На ім размешчаны нарматыўныя прававыя, інструктыўныя і метадычныя матэрыялы, неабходныя настаўніку для арганізацыі вучэбных заняткаў, выхаваўчай работы. Хочацца адзна­чыць, што колькасць карыстальнікаў партала ўвесь час расце.

Важная ацэнка

Дзейсным механізмам удасканалення адукацыйнага працэсу, яго навукова-метадычнага забеспячэння з’яўляецца ацэнка якасці адукацыі. Комплекснае даследаванне якасці агульнай сярэдняй адукацыі ўключае ў сябе вывучэнне ўзроўню адукацыйных дасягненняў вучняў па вучэбных прадметах, якасць арганізацыі адукацыйнага працэсу, асобаснае развіццё навучэнцаў, псіхалагічныя аспекты навучання і выхавання, прафесійныя кампетэнцыі і адукацыйныя запыты педагагічных работнікаў.

З 2016 года праводзяцца рэспубліканскія кантрольныя работы па вучэбных прадметах, адначасова вывучаюцца фактары, якія аказваюць уплыў на засваенне вучнямі зместу вучэбных прадметаў.

У 2023 годзе ўпершыню было праведзена Нацыянальнае даследаванне па ацэнцы функцыянальнай (чытацкай, матэматычнай, прыродазнаўчанавуковай, фінансавай) адукаванасці навучэнцаў, якія атрымалі базавую адукацыю. Варта адзначыць, што пералік відаў функцыянальнай адукаванасці застаецца адкрытым: у перспектыве ў яго могуць увай­сці інфармацыйная адукаванасць, крытычнае мысленне, крэатыўнасць, эмацыянальны інтэлект.

Мадэль ацэнкі якасці агульнай сярэдняй адукацыі да 2030 года прадугледжвае чаргаванне рэспубліканскіх кантрольных работ і Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.

Своечасовая дыягностыка

На сістэмнай аснове Акадэмія адукацыі праводзіць дыяг­настычныя і маніторынгавыя даследаванні, накіраваныя на ацэнку ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных работні­каў і дыягностыку прадметна-метадычных кампетэнцый настаўнікаў. Варта адзначыць, што ў мерапрыемствах, якія арганізуюцца акадэміяй, штогод прымаюць удзел больш чым 30 тысяч кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі.

Прафесійная кампетэнтнасць педагагічных работнікаў цесна звязана з іх светапогляднай і грамадзянскай пазіцыяй. Менавіта грамадзянская пазіцыя педагогаў з’яўляецца каштоўнаснай асновай іх прафесійнай дзейнасці. У сувязі з гэтым ва ўсе вучэбныя праграмы павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў і спецыялістаў адукацыі ўключаны пытанні ідэалогіі беларускай дзяржавы.

Важнай умовай павышэння якасці адукацыі з’яўляецца каардынацыя дзейнасці арганізацый, якія ажыццяўляюць навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу. З гэтай мэтай у Акадэміі адукацыі створаны рэспубліканскі метадычны савет, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, загадчыкі раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў, педагогі кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”.

Перспектыўным напрамкам узаемадзеяння Акадэміі адукацыі і іншых арганізацый, якія ажыццяўляюць навукова-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу, для ўдасканалення прафесійнага майстэрства педагогаў бачыцца стварэнне рэспуб­ліканскай метадычнай школы для настаўнікаў-прадметнікаў. Цяпер спецыялісты акадэміі працуюць над стварэннем праекта Палажэння аб рэспубліканскай метадычнай школе.

На павышэнне якасці адукацыі накіраваны рэспубліканскія эксперыментальныя і інавацыйныя праекты. У 2024/2025 навучальным годзе рэалізуюцца 28 інавацыйных праектаў у 982 установах адукацыі, 12 эксперыментальных праектаў у 321 установе адукацыі.

Прысваенне педагогу кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” з’яўляецца адным з механізмаў забеспячэння не толькі якасці адукацыі, але і павышэння сацыяльнай значнасці і прэстыжу педагагічнай працы. Акадэмія адукацыі вядзе рэспубліканс­кі банк даных настаўнікаў-метадыстаў, па стане на 1 верасня 2024 года ў яго ўнесены 541 педагагічны работнік.

Лічым, што, каб актывізаваць метадычную дзейнасць такіх настаўнікаў, неабходна ўвесці працэдуру пацвярджэння кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”, напрыклад, адзін раз у пяць гадоў.

Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА, выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі