Рэспубліканская Дошка гонару: сярод лепшых 64 рэгіёнаў і арганізацый шэраг устаноў адукацыі

- 9:00Главная, Знак качества, Новости

На плошчы Дзяржаўнага герба і флага адкрылася абноўленая рэспубліканская Дошка гонару. На ёй выключна тыя, хто летась працаваў якасна, эфектыўна і ўмацоўваў дабрабыт краіны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Індыкатар якасці

Сярод 64 лепшых і Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, які занесены на Дошку гонару за дасягненне найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод навуковых арганізацый.

Безумоўна, для калектыву БДПУ такая ўзнагарода — гэта вялікі гонар і прызнанне на дзяржаўным узроўні вынікаў навукова-даследчай дзейнасці супра­цоўнікаў установы. Прычым пед­універсітэт — адзіная УВА, якая стала пераможцай у гэтай намінацыі.

— Дарэчы, гэта наш другі такі поспех. Упершыню БДПУ быў зане­сены на рэспубліканскую Дошку гонару за дасягненні ў галіне навуковай дзейнасці ў 2018 годзе. Знакава, што сённяшнюю ўзнагароду мы атрымалі ў юбілейны год (сёлета ўніверсітэт адзначыць 110-годдзе), калі падводзім вынікі і аналізуем дынаміку нашага развіцця за апошняе дзесяцігоддзе. А занясенне на дошку выступае індыкатарам якасці работы ўніверсітэта ў галіне навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці, мэтанакіраванасці, настойлівасці і зладжанай работы калектыву. Хачу падкрэсліць, што гэтая перамога — вялікая адказнасць, стымул да дасягнення новых вынікаў, — паведаміў рэктар установы Аляксандр Жук.

Па яго словах, БДПУ акрэдытаваны як навуковая арганізацыя да 2027 года. А значыць, універсітэту давядзецца не толькі рэалізоўваць пастаўленыя задачы, але і дзейнічаць на апярэджанне, нарошч­ваць навукова-даследчы патэнцыял як вядучай УВА ў сферы бесперапыннай педагагічнай адукацыі для забеспячэння ўстойлівага развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі.

Адным з найважнейшых інструментаў, які дазволіў БДПУ перамагчы ў названым спаборніцтве, стала распрацаваная Стратэгія навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ўстановы да 2025 года, якая паспяхова рэалізуецца.

— Нашы вучоныя ўдзельнічаюць у дзяржаўна важных і грамадска знакавых фундаментальных і прыкладных навуковых даследаваннях, і мы ганарымся вынікамі іх працы. Нашы вучоныя вядуць даследаванні ў галіне педагогікі, псіхалогіі, методык дашкольнай, пачатковай адукацыі, выкладання школьных прадметаў. А гэта аснова гуманітарнай бяспекі беларускага грамадства і дзяржавы, — дадаў Аляксандр Іванавіч.

У Стратэгіі развіцця ўніверсітэта вызначаны ключавыя паказчыкі развіцця навуковай дзейнасці, якія ў цэлым адпавядаюць параметрам, што ўлічваліся пры вызначэнні пераможцы для занясення на Дошку гонару. Так, у 2023 годзе супрацоўнікі БДПУ прымалі ўдзел у выкананні 93 тэм навукова-даследчых работ рознага ўзроўню, яны выступілі кіраўнікамі і кансультантамі дзесяці эксперыментальных і шасці інавацыйных праектаў. Да таго ж адбылося дзевяць абарон дысертацый работнікамі БДПУ, з іх шэсць кандыдацкіх і тры доктарскія. За апошнія 10 гадоў гэта лепшы паказчык па абароне доктарскіх дысертацый супрацоўнікамі ўніверсітэта па выніках года. А яшчэ ў педуніверсітэце да навукі актыўна прыцягваецца і студэнцкая моладзь.

— Фарміраванне і развіццё ў студэнтаў цікавасці да навуковай дзейнасці — адна з прыярытэтных задач нашага ўніверсітэта. Таму асаблівы акцэнт мы робім на падрыхтоўцы мэтанакіраванага педагога-даследчыка, які ўмее думаць і аналізаваць. Гэтаму спрыяюць больш за 50 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый. Іх дзверы адчынены для кожнага жадаючага, а тэматыка можа задаволіць разнастайныя навуковыя інтарэсы студэнтаў усіх інстытутаў і факультэтаў. Матывуе да даследчай дзейнасці і далучэнне студэнтаў да выканання фінансуемых навуковых даследаванняў пад кіраўніцтвам нашых вядомых выкладчыкаў-навукоўцаў. Такая ступень даверу да студэнта фарміруе разуменне значнасці навуковай дзейнасці і магчымасці яе ўплыву на адукацыйны працэс і дзей­насць педагога, патэнцыялу навукі як інструменту вырашэння многіх задач, — патлумачыў А.І.Жук.

Да важных паказчыкаў адносяцца таксама ўкараненне вынікаў навукова-даследчай работы ў адукацыйны працэс, публікацыі прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнтаў, а таксама ўдзел выкладчыкаў і студэнтаў у конкурсах рознага ўзроўню.

Што ж будзе садзейнічаць далейшаму развіццю навукова-даследчай работы ва УВА, дзе асноўная дзейнасць адукацыйная?

— Яшчэ адна прыярытэтная задача — стымуляванне падрыхтоўкі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Толькі валодаючы высокім інтэлектуальным патэнцыялам, універсітэт можа эфектыўна ажыццяўляць навукова-даследчую і інавацыйную дзейнасць. Гэтаму пытанню ў БДПУ ўдзяляецца вялікая ўвага. Акцэнт зроблены на забеспячэнні пераемнасці навукова-даследчай дзейнасці па ланцужку “студэнт — магістрант — аспірант — малады вучоны з вучонай ступенню”. Магу запэўніць, што ў БДПУ ствараюцца ўсе ўмовы для таго, каб вынікі дысертацыйных даследаванняў аспірантаў і дактарантаў былі завершаны паспяхова і мы маглі ўключыць іх у навукова-даследчую дзейнасць на новым, больш складаным і адказным узроўні. Зацверджаны план абароны кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый на 5 гадоў, — сказаў рэктар БДПУ.

Дарэчы, вынікі многіх навуковых даследаванняў супрацоўнікаў педуніверсітэта звязаны з мадэрнізацыяй і распрацоўкай тэхналогій і методык, навукова-метадычнага забеспячэння адукацыі на розных узроўнях.

— Поспехі БДПУ немагчымыя без нашых студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў. Дзякуючы іх адданасці педагагічнай прафесіі і прафесіяналізму, мы дасягаем новых вышынь і будуем будучыню нашай установы. Гісторыя ўніверсітэта — гэта асабісты ўклад кожнага з нас, гэта гісторыя навуковых школ, іх станаўлення і развіцця. Разам мы працягваем рухацца наперад, развіваючы наш універсітэт і ажыццяўляючы падрыхтоўку педагогаў новага пакалення на навуковай аснове, — падкрэсліў Аляксандр Жук.

Вялікі гонар

На Дошку гонару гэтым разам занесены і Гродзенскі дзяржаўны электратэхнічны каледж імя Івана Шчаснага.

— У нас створаны ўсе ўмовы для максімальнага раскрыцця творчага патэнцыялу выкладчыкаў і навучэнцаў. Бо мы працуем 24/7 круглы год, каб было камфортна выкладчыкам і цікава навучэнцам, каб у выніку ад нас выходзілі кваліфікаваныя спецыялісты і проста выхаваныя людзі. Пасту­піўшы да нас, падлеткі пачынаюць раскрывацца творча і пакараць спартыўныя вяршыні, таму каледж рэгулярна зай­мае прызавыя месцы ў розных конкурсах і спаборніцтвах, — не без гордасці паведаміў дырэктар каледжа Алег Рахунок.

Так, 29 работнікаў і навучэнцаў установы — стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, 18 вучняў яшчэ і лаўрэаты абласной прэміі імя А.І.Дубко для адораных навучэнцаў. Педагогамі і навучэнцамі каледжа ў 2023 го­дзе заваявана 77 дыпломаў на рэс­публіканскіх і міжнародных конкурсах прафесійнага майстэрства, тэхнічнай і мастацкай творчасці, спартыўных спаборніцтвах.

Дырэктар Гродзенскага электратэхнічнага каледжа дадаў, што сярод мноства леташніх узнагарод асабліва значнымі і прыемнымі былі “серабро” Марціна Буслаўскага на Усерасійскім чэмпіянаце па прафесійным майстэр­стве “Прафесіяналы” і на V Рэс­публіканскім конкурсе ProfSkills Belarus — 2023 у кампетэнцыі “Аўтамабільныя тэхналогіі”, дып­ломы І і ІІ ступені рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі—2023”, 1-е месца Дзяніса Юркіна на абласным маладзёжным інтэрнэт-конкурсе “Патриоты в сети”.

У красавіку ж гэтага года на заключным этапе Рэспубліканскага агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі 1-е месца заняў франтальны міні-пагрузчык “Кальмар”, які стварылі прадстаўнікі каледжа на чале з майстрам вытворчага навучання Міхаілам Аўсейчыкам, а 2-е — аўтапагрузчык “Мустанг”, распрацаваны і выраблены сумесна з навучэнцамі майстрам вытворчага навучання Сямёнам Самойла.

— Летам мінулага года наш каледж атрымаў статус вядучай установы адукацыі, якая рэалізуе праграмы ПТА на рэспубліканскім узроўні па спецыяльнасцях напрамку “Інжынерыя і інжынерная справа (электратэхніка і энергетыка)”, — падкрэсліў Алег Рыгоравіч.

Дарэчы, з 2017 года каледж уваходзіць у тройку пераможцаў абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы ўстаноў прафесійнай адукацыі сярод прафесійна-тэхнічных каледжаў. Па выніках 2019, 2023 гадоў узнагароджаны дыпломам I ступені сярод УССА Гродзенскай вобласці.

— Перамогі ў конкурсах стымулююць да далейшага развіцця. Галоўнае ў любой справе не спыняцца, а ісці ў нагу з часам і крыху апярэджваючы яго. У свой юбілейны год, а ў бягучым годзе нашаму каледжу споўніцца 85 гадоў, неабходна завяршыць мадэрнізацыю матэрыяльна-тэхнічнай базы нашага цэнтра кампетэнцый у сферы энергетыкі і аўтасэрвісу, што дасць магчымасць перайсці на новы ўзровень у падрыхтоўцы спецыялістаў, — перакананы Алег Рахунок.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота БелТА