Рэспубліканскі злёт Дзядоў Марозаў і Снягурак «Ёлка­-фэст — 2024» сабраў педагогаў з усёй краіны

- 12:40АРТ-квартал, Новости, Шестой день

Лепшыя навагоднія чараўнікі жывуць на Гродзеншчыне. Дзве з трох галоўных перамог Х Рэспубліканскага агляду­-конкурсу Дзядоў Марозаў і Снягурак “Ёлка­-фэст — 2024” атрымалі педагогі з Астраўца і Шчучына. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Казачныя дуэты

У межах сёлетняга конкурсу прымералі на сябе ролі навагодніх чараўнікоў і іх памочнікаў больш за 2,5 тысячы педагогаў з устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі краіны. У фінал выйшлі 14 пар — пераможцы і прызёры абласных і мінскага гарадскога этапаў у намінацыях “Лепшы Дзед Мароз і Снягурка” і “Лепшая навагодняя сюжэтна-гульнявая праграма”. Злёт белабародых фіна­лістаў праходзіў у суботу на сцэне Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, таму адзнакі за свае творчыя нумары канкурсанты атрымлівалі не толькі баламі ад журы, але і апладысментамі ад паўнюткай залы юных гледачоў.

Кожнае выступленне ў намінацыі “Лепшы Дзед Мароз і Снягурка” ўключала ў сябе дэфіле-прэзентацыю гэтых персанажаў, іх крэатыўнае віншаванне ў відэафармаце, сюжэтна-гульнявую праграму, творчы нумар (танцавальны, вакальны, інструментальны і інш.) і навагодні флэш-моб. У выніку перамогу ў гэтай намінацыі падзялілі педагогі Дзмітрый Лесік і Юлія Сільчанка з Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч і Ілона Міцкевіч і Павел Букель з Астравецкага цэнт­ра творчасці дзяцей і моладзі.

Старшыня журы загадчык кафедры педагогікі сацыяльна-культурнай дзейнасці БДУКіМ Міхаіл Камоцкі гаворыць:

— Я ўжо не першы год у журы і кожны раз заўважаю, як расце майстэрства ўдзельнікаў. Сёлета гэта было асабліва відавочна, нам было цяжка вызначыць леп­шых, таму 2-га і 3-га прызавых месцаў таксама ў нас было па два. Мы тут ацэньвалі і рэжысуру, і сцэнічнае майстэрства, і знешнія вобразы навагодніх пар, прыдуманыя імі гульнявыя элементы, тое, як яны ўзаемадзейнічалі з юнымі гледачамі. Якраз пераможцы былі тут на вышыні. Персанажы Дзмітрыя Лесіка і Юліі Сільчанка з Баранавіч прадставілі сваё выступленне ў тэматыцы Года якасці, разам з гледачамі адно за другім праходзілі навагоднія заданні, зараб­ляючы пячаткі ў імправізаваны сертыфікат якасці. Пара педагогаў Паўла Букеля і Ілоны Міцкевіч з Астраўца вылучылася дасканалым іміджам, музычна-мастацкім суправаджэннем і выдатным узаемадзеяннем з аўдыторыяй.

Ад Зюзі да робатаў

Яшчэ больш фантазіі праявілі канкурсанты ў намінацыі “Лепшая навагодняя сюжэтна-гульнявая праграма”. Беручы ў свае каманды маленькіх гледачоў, яны адпраўляліся ў Залюстрэчча, у шахматнае каралеўства, вярталіся ў старажытнасць да Зюзі, асвойвалі нязведаныя касмічныя прасторы з робатам Марозам і інш.

Мастацкі кіраўнік НЦМТДіМ і член журы Надзея Коршунава адзначае:

— Фіналісты падарылі нам сапраўднае свята крэатыву. Неверагодныя знаходкі, музычнасць і харэаграфія, новыя гульні, цікавая актывізацыя залы, мультымедыйны кантэнт на экране — гэта была цэласная карціна майстэрства культарганізатараў і метадыстаў устаноў адукацыі краіны. У сваіх праграмах многія канкурсанты адлюстравалі спецыфіку сваіх рэгіёнаў. Адны звярнуліся да традыцый, другія аддалі перавагу інавацыям, трэція знайшлі баланс паміж імі. Сама сюжэтна-гульнявая праграма — няпростая форма, даволі складаны жанр, але нашы канкурсанты і з гэтым справіліся на выдатна. А ўсё таму, што творчая фантазія ў педагогаў не мае меж.

Па словах журы, у гэтай намінацыі яны ацэньвалі не столькі пару Дзеда Мароза і Снягуркі, колькі цэласнасць усёй сцэнарнай канструкцыі, рэжысёрскага рашэння праграмы. Так, каманду з Лёзненскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі ў прызёры вывеў незвычайны і вельмі артыстычны персанаж — люты Бамбр і яго ўменне развесяліць аўдыторыю. Сталічны Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя” ўразіў прысутных тэхнічнымі рашэннямі, незвычайным і сучасным сюжэтам. У прыватнасці, робат Мароз з яго тэматычнымі гульнямі і флэш-мобам быў запамінальным. Абедзве гэтыя камады атрымалі дыпломы III ступені.

 

Сямейны кавербэнд

А вось выбар пераможцы, прызнаецца Міхаіл Камоцкі, для журы быў асабліва складаным:

— Канкурсанты з Акцябрскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гомельскай вобласці прадставілі выдатную праграму. Ім мы і аддалі ганаровае 2-е месца. Навагодні батл у шахматным каралеўстве арганізавалі педагогі Данііл Папруга і Вольга Бяняк. Хоць тэма шахмат і супрацьстаяння чорных і белых фігур непрывычная для навагодняй праграмы, але якраз гэта і падкрэсліла відовішчнасць праграмы і той сюжэтны ход, які быў выбраны. Ад шахматнай тэматыкі героі не адыходзілі ні на крок. Хочацца адзначыць і касцюмы, і дэкарацыі (такіх маштабных не прывёз больш ніхто), і музычна-мастацкае афармленне. Па гэтых крытэрыях каманда была бясспрэчным лідарам, але ад 1-га месца іх аддзяліла ўсяго пара балаў.

Пераможцай жа стала каманда са Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі. Яе праграма была поўнай, насычанай самабытнай музыкай, выдатна падабраным гульнявым кантэнтам (інтэлектуальнае караоке і інш). І што немалаважна, педагогі не зышлі ў мэйнстрым — яны захоўваюць традыцыйны кантэкст, традыцыйных герояў, якія нясуць дабро, свята і цуд. Больш за тое, нам прадставілі ўсю сям’ю Дзеда Мароза, якая аказалася яшчэ і музыкальнай, — у фінале выступленне кавербэнда, іх навагодняе папуры і сола Снягуркі якасна выдзелілі каманду як лідара.

Дарэчы, сярод удзельнікаў гэтай установы майстэрства правя­дзення навагодняга свята перадаецца ад пакалення да пакалення. Ірына Краўчук, педагог дадатковай адукацыі палаца, ужо 6 разоў у вобразе Снягуркі прадстаўляла свой рэгіён у фінале конкурсу ў Мінску, адкуль двойчы вярталася з дыпломам III ступені і двойчы — з дыпломам II ступені. Гэтым разам яна сыграла ролю ўжо мамы Снягуркі — Зімы. Адзінаццацікласніца Паліна Краўчук не толькі на сцэне яе дачка, але і ў жыцці, ву­чыцца ў педагагічным класе і марыць, як і яе мама і бабулі, атрымаць педагагічную адукацыю і працаваць з дзецьмі. Паліна з двух гадоў з мамай ездзіць на гэты конкурс у складзе каманды падтрымкі і ўпершыню яе замяніла на сцэне. Іншых членаў “марознай” сям’і Снягуркі — брата Марозкі, Дзеда Мароза і прадзеда Мароза — сыгралі педагогі палаца, якія ў звычайным жыцці кіруюць мала­дзёжным прадзюсарскім цэнтрам і дзіцячымі вакальна-інструментальнымі калектывамі ўстановы.

Ірына Краўчук, кіраўнік узорнай студыі эстраднага вакала “Галасы элегіі”, гаворыць:

— Мы падумалі, што на “Ёлка-фэсце” яшчэ ніколі не было жывога гучання інструментаў, і вырашылі гэта выправіць. А яшчэ хацелі зрабіць акцэнт на нашых традыцыйных каштоўнасцях — на сям’і, а таксама на традыцыйных казачных персанажах. Калі мы заменім прывычных нам Дзеда Мароза і Снягурку на прышэльцаў ці іншых істот, мы страцім нашу традыцыю, і любімае навагодняе свята ператворыцца ў тэатр.

У шчучынскіх пераможцаў пачаліся ўжо творчыя справаздачы. У пятніцу, 13 снежня, яны запалілі гарадскую ёлку. А ў панядзелак, 16 снежня, далі старт рэс­публіканскай акцыі “Нашы дзеці” першым навагоднім ра­нішнікам для асаблівых дзетак.

— Наш Палац творчасці размяшчаецца ў будынку сапраўднага палаца Друцкіх-Любецкіх — з высокімі столямі, з шыкоўнымі люст­рамі і заўсёды з прыгожай ёлкай. Таму ўсе школы горада і раёна прыходзяць на святы да нас — ужо запланавана 15 ранішнікаў. А 30 снежня ў нас пройдуць традыцыйна калядныя сустрэчы з таленавітай моладдзю — пераможцамі творчых конкурсаў і алімпіяд, дзе мы яшчэ раз прадставім сваю конкурсную праграму, — дзеліцца Ірына Краўчук.

Між тым паспяхова здадзены экзамен усімі белабародымі фіналістамі і іх памочнікамі стаў для іх пропускам на навагоднія святы. Ужо пачаліся гастролі — навагоднія святы яны прадстаўляюць для навучэнцаў сваіх рэгіёнаў.

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ладзіцца не толькі экзамен для Дзядоў Марозаў і Снягурак. Для педагогаў, якія хочуць паспрабаваць сябе ў навагоднім амплуа, праходзіць тут і навучанне — тэарэтычнае і практычнае.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота і відэа аўтара