У Астравецкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі працуе рэтравыстава навагодніх паштовак. У яе аснову лягла ўласная калекцыя педагога дадатковай адукацыі Валянціны Вільеўны Віннічак, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Узрост некаторых экспанатаў — больш за 65 гадоў. Каля сотні паштовак дазваляюць апынуцца ў свеце чараўніцтва і дабрыні. А іх захавальніцу яны адпраўляюць у цёплыя ўспаміны аб людзях, якія дарылі прыгожыя карцінкі-віншаванні.
— Самай старой паштоўцы на гэтай выставе 68 гадоў. Калі мне было чатыры гады, яе падарылі бацькі, мабыць, напярэдадні зімовых свят. Увогуле ў нас была вялікая сям’я. Толькі па бацькавай лініі — трое родных дзядзькаў. І віншаванне адно аднаго паштоўкамі было сямейнай традыцыяй. У маё юнацтва гэтая традыцыя аб’ядноўвала літаральна ўсіх, — гаворыць Валянціна Вільеўна.
З усмешкай суразмоўніца прыгадвае, як паўстагоддзя назад яшчэ не было Viber-стыкераў і часам у паштовай скрыні яна знаходзіла адразу з дзясятак душэўных віншаванняў ад сваякоў і сяброў. З трапятаннем і цяплом яна захоўвае іх ужо шмат гадоў. Апроч навагодніх паштовак, а такіх у Валянціны Вільеўны амаль 140, у калекцыі ёсць да 8 Сакавіка і Дня кастрычніцкай рэвалюцыі.
— Бацька быў вайскоўцам, і мы часта пераязджалі, але паштоўкі заўсёды былі са мной. Цікава, што па іх сёння нават можна вывучаць сямейную геаграфію: на многіх значацца розныя адрасы атрымальніка ў сувязі з новымі адрасамі месца нашага жыхарства.
Расказвае пра свае паштоўкі Валянціна Вільеўна, нібы пра людзей. У кожнай свая гісторыя, з кожнай звязаны ўспаміны… Год выпуску некаторых адразу выдае сюжэт. Напрыклад, паштоўка з касманаўтам, які крочыць па планеце з ёлкай за плячыма, разляцелася па свеце ў год першага палёту ў космас Юрыя Гагарына.
— Паштоўкі майго юнацтва былі вельмі асаблівыя. Яны маляваліся мастакамі і толькі потым друкаваліся тыражамі. У іх выразна прасочваецца аўтарскі след, — адзначае суразмоўніца.
І гэта яшчэ адна прычына, па якой Валянціна Вільеўна збірала і столькі гадоў захоўвае сваю калекцыю. Сюжэты шматлікіх паштовак яна не раз змалёўвала для школьнай і студэнцкай насценгазеты. Зрэшты, уся яе працоўная біяграфія цесна звязана з мастацтвам. Гэта і работа мастаком на гродзенскай швейнай фабрыцы, і 13-гадовы стаж работы ў Астравецкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Народны майстар з цікавасцю і любоўю да сваёй справы вучыць дзяцей салома- і бісерапляценню.
Разам са сваімі таленавітымі гурткоўцамі не так даўно Валянціна Віннічак спляла 60-сантыметровую фігуру сімвала 2024 года. Саламяны дракон сёння з’яўляецца ўдзельнікам абласнога конкурсу “Калядная зорка”.
На заканамернае пытанне, якая з работ пакінула самы яркі след у сэрцы народнага майстра, Валянціна Вільеўна без доўгіх роздумаў адказала:
— Гэта калекцыя сукенак, якія шчодра ўпрыгожаны ўзорамі з саломкі. Яны аб’ехалі практычна ўсю Беларусь і зусім нечакана для мяне зазірнулі нават у Маскву — былі прадстаўлены ў Доме моды Вячаслава Зайцава.
Прыгадвае Валянціна Віннічак і яшчэ адну грунтоўную сумесную з вучнямі работу — куфар з саломы. Некалькі гадоў назад ён быў прадстаўлены ў сталіцы падчас заключных мерапрыемстваў рэспубліканскага конкурсу “Калядная зорка”.
Вяртаючыся да выставы паштовак, якая больш за два тыдні прымае гасцей Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Валянціна Вільеўна дадала:
— Вельмі прыемна бачыць, як дзеці і дарослыя падоўгу разглядаюць паштоўкі з маёй калекцыі. Яны выпраменьваюць нейкае асаблівае цяпло. Госці раз-пораз просяць узяць у рукі карткі і з цікавасцю вывучаюць віншаванні даўно мінулых дзён, якія і сёння не страчваюць актуальнасці для кожнага: “Здароўя, шчасця і цяпла!”
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота з архіва Святланы ШАТРОЎСКАЙ