Пінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці мае багатую паўвекавую гісторыю. Усе гэтыя гады педагагічны калектыў навучальнай установы даваў маладым людзям пуцёўку ў жыццё, выпускаў кваліфікаваныя рабочыя кадры, так неабходныя сельскай гаспадарцы, гандлю і грамадскаму харчаванню.
Сучасны рынак працы не стаіць на месцы: адны прафесіі знікаюць, іншыя з’яўляюцца. А ёсць такія, якія становяцца ўсё больш актуальнымі. Вось яны, так бы мовіць, вечныя прафесіі: кухар, прадавец, кандытар, механізатар, вадзіцель. Менавіта такіх рабочых і рыхтуюць у ліцэі. Выпускнікі ўстановы канкурэнтаздольныя і заўсёды запатрабаваны на прадпрыемствах не толькі рэгіёна, але і ўсёй краіны.
Сёння мы раскажам пра майстра вытворчага навучання ліцэя Наталлю Валянцінаўну Ількавец і яе выхаванку, удзельніцу рэспубліканскага конкурсу ў прафесійнай кампетэнцыі “Кандытарскае мастацтва” Ганну Панціну.
— Калі пастроіць жыццёвыя вехі маёй біяграфіі ў рад, гэта будзе выглядаць так: школа, Віцебскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, Мазырскі педагагічны ўніверсітэт, магістратура Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, — расказала Наталля Валянцінаўна. — Сам лёс звязаў маё жыццё з Пінскім ліцэем сельскагаспадарчай вытворчасці.
Упершыню парог гэтай навучальнай установы Наталля Валянцінаўна пераступіла ў далёкім 1994 годзе ў якасці майстра вытворчага навучання. З першых дзён працоўнай дзейнасці яна вызначылася ў адной важнай выснове: галоўная задача — быць прафесіяналам, асобай і жыць у сваіх навучэнцах. Паступова Наталля Валянцінаўна выпрацавала свой стыль навучання і наладжвання зносін з выхаванцамі.
Наталля Валянцінаўна заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку, актыўна засвойвае сучасныя адукацыйныя і вытворчыя тэхналогіі, удумліва падыходзіць да іх выкарыстання ў адукацыйным працэсе. З году ў год выпускнікі майстра займаюць прызавыя месцы на абласных конкурсах прафесійнага майстэрства і ўжо трэці раз дэманструюць свае прафесійныя навыкі на Рэспубліканскім конкурсе WorldSkills.
Наталля Валянцінаўна лічыць, што каб дасягнуць поспеху, патрэбны тры ўмовы: мара, вера ў сябе і працавітасць.
— Я шчыра люблю сваю работу. Яна адпавядае маім інтарэсам і магчымасцям, прыносіць радасць і задавальненне. Маё педагагічнае крэда і прызванне — быць побач з дзецьмі, жыць іх інтарэсамі, быць карыснай, раскрываць іх таленты і несці ім любоў і радасць праз кандытарскае мастацтва.
Наталля Валянцінаўна — майстар вытворчага навучання вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, займаецца метадычнай работай, праводзіць майстар-класы, удзельнічае ў розных праектах і семінарах. Яна мае метадычныя распрацоўкі, якія апублікаваны ў навуковых часопісах “Интернаука”, “Вестник науки”, “Матрица научного познания”.
Два гады назад майстар выступала ў якасці эксперта на III Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “WorldsSkills Belarus — 2018”. Спаборніцтвы праходзілі і па кандытарскім мастацтве. За званне лепшага змагаліся 6 маладых кандытараў, у тым ліку і з пінскага ліцэя.
— Кандытарскае мастацтва — гэта свята стварэння чароўных дэсертаў, часцінка тваёй душы, увасобленая ў тарты і пірожныя, — сцвярджае майстар.
На Рэспубліканскім конкурсе “WorldSkills — 2020” заданні былі, як заўсёды, няпростыя: выраб святочнага торта (тэма — 75-годдзе Вялікай Перамогі), мадэляванне з розных матэрыялаў, скульптура з карамелі і, вядома, шакаладныя цукеркі.
Выпускніца Наталлі Валянцінаўны Ганна Панціна старанна рыхтавалася да конкурсу. На падрыхтоўчым этапе былі вывучаны тэндэнцыі кандытарскай вытворчасці, сучаснае тэхналагічнае абсталяванне. Для адточвання прафесійных навыкаў Ганна вырабіла незлічоную колькасць бісквітаў розных відаў. Дзяўчына з дзяцінства марыла стаць кандытарам. Яна была пераканана, што гэтая прафесія на ўсе часы. Спакон веку славяне сустракалі дарагіх гасцей хлебам-соллю, збожжам абсыпалі маладых на вясельных абрадах. Да гэтага часу хлеб застаецца сімвалам дабрабыту і шчодрасці, багацця і добразычлівасці, міралюбнасці і шчасця.
Каб увасобіць сваю мару ў жыццё, Ганна паступіла ў пінскі ліцэй. Асвойваць будучую прафесію ёй дапамагалі вопытныя выкладчыкі і майстры вытворчага навучання. Тут, у ліцэі, дзяўчына па-сапраўднаму захапілася прафесіяй і імкнулася авалодаць ёй у дасканаласці. Яна разумела: каб адпавядаць сучасным патрабаванням, кандытар павінен умець працаваць з заказчыкам, рабіць разлікі, умець карыстацца зборнікамі рэцэптур і тэхналагічнымі картамі.
Сёння Ганна працуе кандытарам на Пінскім хлебазаводзе, філіяле ААТ “Берасцейскі пекар”. Яна адказны, мэтанакіраваны і творчы чалавек.
— Стварэнне кандытарскіх вырабаў — гэта сапраўднае мастацтва, доўгі творчы пошук эстэтычнага і смакавага густу, — паведаміла Ганна. — Хочацца рабіць асаблівыя вырабы — самыя смачныя, самыя прыгожыя. Пры гэтым вельмі важныя ўнутраны настрой, жаданне тварыць і шукаць новае.
Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.