Родная зямля: як улюбіць дзяцей у працу, ведаюць у Клецкім раёне

- 13:00Репортаж

Уласны сад і агарод педагогі і навучэнцы Рассветаўскай сярэдняй школы Клецкага раёна даглядаюць пры дапамозе ІТ-­тэхналогій. Цяпер таленавітыя школьнікі працуюць над стварэннем робата, які будзе дапамагаць у праполцы школьных градак.

Пра Рассветаўскую сярэднюю школу чулі калі не ўсе, то многія. Несумненна, у гэтым заслуга яе дырэктара Сяргея Ленгардтавіча Дубмана, які працуе тут больш чым 30 гадоў. Разумеючы, што вяс­ковая школа павінна развівацца, калектыў установы пачаў мяняць свае падыходы не толькі ў адукацыйным працэсе, але і ў выхаваўчай рабоце.

“Перш за ўсё мы ўвялі новую дысцыпліну — “Робататэхніка”, пра якую толькі пачыналі ўсе гава­рыць, — адзначыў Сяргей Дубман. — Дзякуючы падтрымцы рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, у школе з’явіліся першыя робататэхнічныя наборы. Сёння ў нас іх дзясяткі, прычым розных мадыфікацый. Акрамя гэтага, школа забяспечана камп’ютарамі, планшэтамі, манаблокамі, ноўтбукамі — яны стаяць у кожнага настаўніка на рабочым стале. Дзякуючы зацікаўленасці навучэнцаў і калектыву, мы першымі на Міншчыне адкрылі Junior Steam клас”.

 Вясна і восень — самая гарачая пара ў Рассвеце. 3 сакавіка і да лістапада кожная раніца ­Сяргея Ленгардтавіча пачы­наецца аднолькава. Сустрэўшы ўсіх дзяцей, руплівы гаспадар абыхо­дзіць тэрыторыю: у школе вельмі вялікая гаспадарка, якая патрабуе пастаяннага догляду. Дарэчы, агароды, за якімі сочыць дырэктар, раскіданы па ўсім пасёлку. Вясной і летам на праполку градак, а восенню збіраць ураджай настаўнікі і вучні ідуць разам.

“Мы не толькі пакідаем агародніну сабе, але і прадаём, — гаворыць С.Дубман. — Я ганаруся сваімі вучнямі: яны і траву ўмеюць касіць, і на зямлі працаваць. Калі пачалі займацца агародам, тыя, хто захапляецца ІТ, сказалі, што будуць прымяняць свае веды і падчас работы на зямлі. Мне гэтая ідэя спадабалася, дзяцей трэба падтрымліваць у іх інтарэсах”.

Для таго каб ураджай вырас добрым, багатым, неабходна ве­даць кіслотнасць глебы. Што для гэтага прыдумалі юныя рассветаўскія праграмісты? Да таго часу, пакуль можна было выкарыстоўваць дроны, вучні прымацоўвалі да тэхнікі спецыяльныя датчыкі. З іх дапамогай бралі для даследавання глебу на розных участках і вызначалі яе кіслотнасць, пасля апрацоўвалі зямлю неабходнымі сродкамі.

“Сёння нашы навучэнцы зай­маюцца праполкай градак, — з гордасцю адзначае дырэктар школы. — А яшчэ ствараюць робата, які будзе адрозніваць сельскагаспадарчыя культуры ад зелля. Каб усё прывесці ў сістэму, неабходна ведаць біялогію. Калі дзеці пачалі вывучаць расліны, якія ёсць на агародах, то даведаліся, што сярод іх некалькі дзясяткаў відаў пустазелля”.

Апошняй распрацоўкай, якую прэзентавалі школьнікі, быў ліхтар для адпуджвання зайцоў: яны вельмі любяць паласавацца на школьных градках.

“Зайцы не рухаюцца, калі ліхтар свеціць у вочы, — тлумачыць Сяргей Ленгардтавіч. — Акрамя гэтай функцыі, дзеці запраграмавалі ліхтары такім чынам, каб яны не толькі адпуджвалі лясных жыхароў, але і рэагавалі на тых, хто незаконна знаходзіцца на тэрыторыі школы ў пазаўрочны час. У аснове распрацоўкі — датчыкі руху і штучны інтэлект. Калі раптам нехта трапляе на нашу тэрыторыю, мне на тэлефон прыходзіць паведамленне”.

Школьны сад Рассветаўскай школы — гэта больш чым 40 яблынь. Згодна з прагнозамі і мінулагоднімі паказчыкамі, сёлетні ўраджай складзе больш чым 10 тон яблыкаў. Пасля збору іх будуць захоўваць у спецыяльным сховішчы, а зімой варыць кампоты.

На школьным агародзе зранку кіпіць работа: навучэнцы чысцяць барану, мультыкультыватар, ко­сяць траву і па-гаспадарску абыхо­дзяць тэрыторыю. Да гэтага іх прывучыў дырэктар. Сяргей Дубман гаворыць, што парадак павінен быць ва ўсім і, як доказ, паказвае прыгожыя градкі, на якіх акуратнымі радкамі ўжо ўзышлі морква, буракі, капуста, бульба, але акцэнт агароднікі робяць на вырошчванні цыбулі “эксібішэн”.

“Эксібішэн” — гэта асаблівы сорт цыбулі, які мае шмат пераваг перад рэпчатай, — тлумачыць
С.Дубман. — Яна вырастае вагой ад 600 грам да кілаграма, мае смачныя пёры і непасрэдна саму цыбуліну. Бульба ў нас займае тэрыторыю ў 10 сотак. І яе, і капусту мы вырошчваем як для сябе, так і на продаж”.

У Рассветаўскай сярэдняй школе ёсць свой конь Вайзер. Ён, як расказаў Сяргей Ленгардтавіч, за зіму з’ядае каля 3,5 тоны сена, таму яго для Вайзера рыхтуюць ужо сёння: у сховішчы зараз сабрана 500 кілаграмаў.

“Я ўпэўнены, што любоў да Ра­дзімы, павага да працы пачынаюцца ў школе, на роднай зямлі, — рэзюмуе дырэктар. — Я жыву праз дарогу ад школы. Нават калі знаходжуся ў адпачынку, прыхо­джу да дзяцей, да калег, кармлю Вайзера, бо не ўяўляю свайго жыцця без гэтага”.

Школьныя фарбы

У Клецкім раёне кожная ўстанова адукацыі імкнецца да таго, каб яе тэрыторыя радавала вока не толькі педагогаў і вучняў, але і мясцовых жыхароў.

Так, у сярэдняй школе № 1 усе клумбы і алеі з’явіліся дзякуючы выпускнікам. Ужо многа гадоў тут жыве традыцыя: заканчваючы 11 клас, вучні дораць настаўнікам новыя кветкі, але не ў выглядзе букетаў.

Сёння на тэрыторыі ўстановы расце каля 50 відаў дэкаратыўных раслін. Па словах настаўніцы біялогіі Святланы Шэйка, для кожнай клумбы прыдумалі пэўныя камбінацыі пасадкі кветак.

“Мы спецыяльна саджалі разам рана-, сярэдне- і познацвітучыя кветкі, каб клумбы з ранняй вясны і да позняй восені патаналі ў фарбах”.

Вяргела, касач, самшыт, біручына, расходнік, гіяцынт, даронікум — гэта толькі некаторыя з тых кветак, што кожны дзень радуюць вока педагогаў, вучняў і бацькоў. А недалёка з больш простымі кветкамі высаджаны разарыі ў выглядзе сэрца — так дэманструецца любоў да роднай школы. Побач размешчаны клумбы ў выглядзе сонца. У большасці сваёй педагогі стараюцца высаджваць на іх мнагалетнія расліны.

“Зусім нядаўна, спецыяльна да 80-годдзя з дня вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, недалёка ад увахода на тэрыторыю ўстановы размясцілася спецыяльная тэматычная кампазіцыя”, — дадае настаўніца біялогіі.

Не проста месца работы

Для азелянення дзіцячага сада № 2 Клецка выбралі ліставыя і хвойныя дрэвы, кусты, мнагалетнія і адналетнія расліны, газонную траву. А два гады назад тут пасадзілі сад надзеі — 12 яблынь, 6 сліў, абрыкос, чарэшні, грушу.

“Тэрыторыя дашкольнай установы — гэта яе візітная картка, — запэўнівае намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада № 2 Святлана Лук’янчык. — Калі вока дзяцей і бацькоў радуюць клумбы, чыстыя дарожкі, кусты і дрэвы, дагледжаныя ўчасткі, адразу зразумела, што для людзей, якія тут працуюць, дзіцячы сад — не проста месца работы, а другі дом, у якім хочацца падтрымліваць парадак”.

Адна з асноўных задач, якая стаяла перад педагагічнымі работнікамі сада, — стварыць непаўторны вобраз дашкольнай установы.

“Для гэтага мы выкарыстоўвалі сучасныя тэндэнцыі добраўпарадкавання і азелянення, — дадае С.Лук’янчык. — Падчас работ прытрымліваліся асноўнага правіла: усё павінна адказваць патрабаванням бяспекі для жыцця і здароўя дзяцей”.

Касачовы цуд

Калектыў Грыцэвіцкай сярэдняй школы адным з прыярытэтных напрамкаў работы лічыць экалагічнае выхаванне.

Установа адукацыі штогод прымае ўдзел у раённых конкурсах па добраўпарадкаванні тэрыторыі і становіцца лепшай. І гэта не выпадкова. Толькі зайшоўшы на тэрыторыю школы, дзіву даешся, колькі тут кветак. У асноўным педагогі і навучэнцы вырошчваюць касачы — іх не злі­чыць.

“Прыходзіць у школу з вясны і да позняй восені — сапраўднае задавальненне, — дзеліцца дырэктар установы Наталля Аўдзей. — Добра­ўпарадкаваннем тэрыторыі займаемся калектыўна, разам з педагогамі і вучнямі”.

Але не толькі касачы ўпадабалі тэрыторыю грыцэвіцкай школы. Тут добра растуць хвойныя і ліставыя дрэвы. Яны патрабуюць менш догляду, чым кветкі, але не менш радуюць сваёй прыгажосцю.

“У школе ёсць і свой агарод, на якім вырошчваюцца бульба, морква, буракі, — дадае дырэктар. — Работа на ім — таксама наш сумесны абавязак. Наперадзе летнія канікулы, у вучняў будзе практыка, таму і нашы кветкі, і агарод будуць пад пільным наглядам”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА