Некаторыя былыя ўдзельнікі ўзорнага харэаграфічнага калектыву “Школьны квартал” сярэдняй школы № 1 Полацка і сёння з вялікім задавальненнем наведваюць рэпетыцыі і ўдзельнічаюць у выступленнях. Агеньчык любові да танца ў сэрцах дзяцей запаліла таленавіты педагог Алена Крупіца.
Вытокі
У шасцігадовым узросце маленькая палачанка ўпершыню выйшла на сцэну ў складзе танцавальнага калектыву “Іскрынкі”. Народныя танцы з гэтага моманту захапілі душу і вольны час Алены. Было цяжка, часам складана, хацелася папрасіць у маці дазволу больш не наведваць рэпетыцыі, але святло сцэны прыцягвала і стрымлівала дзяўчынку ад такога кроку. Наступнай прыступкай стала захапленне бальнымі танцамі, якія заклалі трывалы фундамент для будучых дасягненняў. Пасля заканчэння 11 класа А.Крупіца паступіла на аддзяленне харэаграфіі Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Потым Алена паспяхова вытрымала экзамены і была залічана ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на факультэт эстэтычнага выхавання. Пасля атрымання дыплома малады педагог вярнулася ў родны Полацк, выйшла замуж, стала маці. Клопатаў назбіралася шмат, часам было вельмі складана, але падтрымка сям’і, родных і блізкіх дазволіла Алене
Алегаўне цалкам аддацца любімай справе — танцаваць і вучыць гэтаму дзяцей.
Станаўленне
Працоўны шлях Алена Крупіца пачала ў Полацкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі. Там яна стварыла харэаграфічны калектыў народных танцаў “Вясёлка”, а вечарамі рэпеціравала ў тэатры танца “Премьер-Спонайд”. Ішоў час, прыйшлі першыя поспехі, з’явіліся першыя ўзнагароды, а галоўнае — вучні, якім не сядзелася на месцы, якія былі галоўнымі натхняльнікамі, якім усё было цікава, якія давяралі свайму педагогу, ішлі за ім.
— Самай запамінальнай стала першая харэаграфічная пастаноўка народнага танца “Фарбы дзяцінства”, з якой мой калектыў “Вясёлка” выступіў на сцэне Полацкага дома культуры. Я і сёння з вялікай любоўю ўспамінаю сваіх першых танцораў, якія з адкрытай душой, хто са здзіўленнем, хто з насцярогай, глядзелі на мяне, чакаючы цуду. І такім цудам для іх стаў танец, які дапамог паверыць у свае сілы, магчымасці, адкрыў сэрцы дзяцей, дазволіў даверыцца педагогу, — з цёплай усмешкай успамінае Алена Алегаўна.
Гэта быў каштоўны вопыт, які ў выніку прывёў педагога-харэографа ў сцены базавай школы № 5 Полацка, дзе дзейнічалі класы з харэаграфічным ухілам. Менавіта адтуль і бярэ свой пачатак узорны харэаграфічны калектыў “Школьны квартал”. У той час ён не меў такога звання, але любоў да танца, цесная сувязь з дзецьмі, цяжкая праца, адказнасць педагога перад дзецьмі і іх бацькамі дазволілі дасягнуць перамог — значных, вялікіх.
“Школьны квартал”
Танец — гэта не толькі рытмічныя рухі пад музыку, але яшчэ і пластыка, эмоцыі, настрой. Без згуртаванасці калектыву не будзе кампазіцыі, не атрымаецца ўзор. А як зрабіць так, каб усё было зладжана? Праца — цяжкая штодзённая, шматлікія рэпетыцыі, а яшчэ вытрымка кожнага ўдзельніка танцавальнага калектыву і ўзаемападтрымка. Толькі тады можна дасягнуць высокіх вынікаў, калі кожны стараецца не толькі дзеля асабістых поспехаў. Якраз такім адзіным цэлым і з’яўляецца ўзорны харэаграфічны калектыў “Школьны квартал”, які некалькі гадоў назад змяніў свой адрас і зараз “жыве” ў сярэдняй школе № 1 Полацка. Яго ўдзельнікі — дзеці рознага ўзросту. Найменшыя вучацца ў пачатковых класах, а старажылы — у 11 класе. Былыя вучні, пайшоўшы ў дарослае самастойнае жыццё, не сталі былымі выпускнікамі калектыву, некаторыя з іх і сёння з вялікім задавальненнем наведваюць рэпетыцыі і ўдзельнічаюць у выступленнях. Любоў да танца, павага да педагога запалілі ў сэрцах дзяцей агеньчык, які мацнеў з гадамі і стаў часткай іх жыцця. Для некаторых выпускнікоў захапленне танцамі перарасло ў нешта больш значнае, а “Школьны квартал” стаў пачаткам іх будучай прафесіі. Так, Мікіта Скурат, Яўген Карчагін звязалі свой лёс з харэаграфіяй і цяпер самі вучаць іншых.
Дарэчы, скарбонка ўзнагарод узорнага харэаграфічнага калектыву “Школьны квартал” вельмі багатая, у тым ліку ў ёй важкі стос дыпломаў І ступені рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсаў. На гэтым педагог і яе вучні спыняцца не збіраюцца.
Таццяна ШАПАВАЛАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 1 Полацка
Фота Наталлі СЛЯПЦОВАЙ