Сэрцам і душой: у свае 89 гадоў Іна Шарупіч вядзе музычныя і танцавальныя заняткі

- 9:30АРТ-квартал, Новости

Іна Шарупіч у свае 89 гадоў поўная аптымізму і энергіі. Працуе настаўніцай музыкі ў сярэдняй школе № 5 Мінска імя Алега Кашавога, піша музыку, вядзе заняткі па танцах і рытміцы, вакальны, харавы і музычны гурткі, а таксама з’яўляецца цьютарам (выхавальнікам персанальнага суправаджэння) для дзяцей з аўтызмам, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Творчыя заняткі Іны Міхайлаўны наведваюць вучні 1–4-х класаў. У апошнія гады да іх далучаюцца дзеці з інтэграваных класаў, у тым ліку хлопчыкі і дзяўчынкі з аўтызмам. Звычайныя вучні з’яўляюцца для іх памочнікамі і інструктарамі.

– Дзеці – гэта дар Божы, і яго трэба развіваць. У аснове маёй канцэпцыі ляжыць пастулат пра тое, што кожнае дзіця павінна паказаць, на што яно здольнае. Майстэрства настаўніка, яго талент, працавітасць, энергія, памножаныя на жаданне, абавязкова дадуць вынік. На маіх уроках рытмікі і танца навучэнцы спасцігаюць эстэтыку руху. Рытміка для іх – дадатковы рэзерв рухальнай актыўнасці, крыніца здароўя, радасці, станоўчых эмоцый, зняцця псіхічнага напружання, – адзначае педагог. – Танцы выхоўваюць пачуццё дружбы, калектывізму, культуру зносін, уменне ў руху перадаваць розны характар музыкі, дынаміку, тэмп. Мы развучваем класічныя танцы, напрыклад вальс, у які я ўношу новыя элементы. Выконваем не толькі калектыўныя танцы, але і сольныя.

Так, элементы народнага танца (беларускі «Мікіта») выконваюцца ў суправаджэнні харавога калектыву. У гады Вялікай Айчыннай вайны І. Шарупіч знаходзілася ў Баку. Там скончыла чатыры класы і памятае, як настаўніца вучыла яе азербайджанскаму танцу. Яго элементы Іна Міхайлаўна паўтарыла са сваімі выхаванцамі – атрымалася добра! Танцуе з дзецьмі рускую польку пад мелодыю Рахманінава, элементы гапака. Музыку да паланэза Іна Міхайлаўна напісала сама. Развучваючы паланэз, вучні выконваюць музычна-рытмічныя практыкаванні ў парах і групай. Любяць матроскі танец «Яблычак». Кожны ўрок педагог заканчвае музычнай гульнёй.

– Мы іграем на дзіцячых музычных інструментах: у дзіцячы шумавы аркестр уваходзяць румбы, маракасы, кастаньеты, трохвугольнікі, званочкі, флейты, бубен, барабан, лыжкі, – расказвае суразмоўніца. – Школьнікі знаёмяцца з паняццем «аркестр». Пад музычнае суправаджэнне выконваюць рытмічныя практыкаванні, даведваюцца аб нюансах p, pp, f, ff, mf (ступені гучнасці гучання), крэшчэнда, дымінуэнда (паступовае ўзмацненне і паслабленне гучнасці) і г. д.

Вучні з асаблівасцямі ў развіцці ўмеюць дарыць навакольным пачуццё любові і радасці. Зносіны з імі выхоўваюць у звычайных дзецях дабрыню і спагадлівасць. Пагружэнне ў чароўны свет мастацтва робіць усіх дабрэйшымі, бо спяваюць і танцуюць усе сэрцам і душой.

На танец у пару з дзіцем з асаблівасцямі я стаўлю звычайнага вучня. І ад усіх патрабую трымаць паставу – прамую спіну, галаву, глядзець адно на аднаго, усміхацца, ісці прыгожым крокам. З дзецьмі з цяжкімі парушэннямі танцуюць іх мамы. А некаторыя вучні з аўтызмам проста прысутнічаюць на занятках у суправаджэнні цьютара і ў лепшым выпадку выконваюць некалькі элементаў. Але і гэта важна для іх развіцця. Вынікі нашай сумеснай дзейнасці бачны падчас канцэртаў. Душа радуецца, калі дзіця, якое ўчора не ўмела правільна хадзіць, сёння выконвае танец з мноствам складаных элементаў, або той, хто дрэнна размаўляе, раптам пачынае чыста спяваць. Хіба гэта не цуд, які нам дорыць музыка! – адзначае І. Шарупіч.

Сярод нядаўніх дасягненняў яе вучняў – сем дыпломаў на раённым фестывалі-конкурсе мастацкай творчасці «Вясёлка талентаў».

Дарэчы, сёлета Іна Міхайлаўна стварыла новую канцэртную праграму патрыятычнай накіраванасці, дзе прадстаўлены ўсе намінацыі: «Хор», «Харэаграфія», «Вакал», «Інструментальная музыка», «Міні-інсцэніроўкі», «Сольны танец». У самым пачатку канцэрта вучаніцы 2-га класа выходзяць у сукенках колераў дзяржаўных сцягоў Беларусі і Расіі і чытаюць чатырохрадкоўі аб нашых краінах, нагадваючы пра свята – Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Спецыяльна да выступлення сіламі педагогаў школы былі пашыты новыя касцюмы.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы