Школа мужнасці: лепшых гульцоў «Зарнічкі», «Зарніцы» і «Арляняці» краіны вызначылі на спаборніцтвах пад Брэстам

- 16:09Актуально

Больш за 300 удзельнікаў у складзе 21 каманды з усёй краіны сабралі сёлета фінальныя этапы рэспубліканскіх ваенна- і спартыўна-патрыятычных гульняў «Зарнічка», «Зарніца» і «Арляня», якія на працягу 5 дзён праходзілі на агульнавайсковым палігоне Брэсцкі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Спаборніцтвы, арганізаваныя БРПА і БРСМ пры падтрымцы міністэрстваў адукацыі і абароны, прысвячаліся 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Павіншаваць школьнікаў з пачаткам гульняў завіталі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Пярцоў і першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў, якія прынялі ўдзел у запуску чарговага сезона інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Шлях да поспеху».

Спаборніцтвы праходзяць на гераічнай брэсцкай зямлі невыпадкова, — адзначыў У. Пярцоў. — Менавіта тут юнакі і дзяўчаты лепш адчуваюць не толькі дух патрыятызму і атмасферу подзвігу, але і пераемнасць пакаленняў, з’яўляючыся дастойнымі нашчадкамі пераможцаў, якія знішчылі фашызм і падарылі ўсяму свету мірную будучыню. Пра гэта ніколі нельга забываць моладзі, інакш зламыснікі тут жа пачынаюць перапісваць гісторыю і насаджаць скажоную гістарычную праўду, сціраючы з памяці гераічныя подзвігі нашых продкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Гісторыя масавых ваенна-спартыўных гульняў пачалася яшчэ ў савецкі час і паспяхова працягваецца сёння, — расказала старшыня Цэнтральнага савета БРПА Хрысціна Сарока. — Спаборніцтвы па-ранейшаму знаёмяць падлеткаў з гераічным мінулым продкаў, адыгрываюць важную ролю ў патрыятычным і спартыўным выхаванні моладзі, прапагандзе вайсковай службы. Гэта выдатная школа мужнасці для будучых абаронцаў Айчыны, якія авалодваюць ваенна-прыкладнымі і тэхнічнымі ведамі і ўменнямі.

Пяць гульнявых дзён праляцелі на адным дыханні, — заўважыў на закрыцці спаборніцтваў памочнік міністра абароны — начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Леанід Касінскі. — Школьнікі паказалі добрыя веды і ўменні, знайшлі новых сяброў, навучыліся пераадольваць цяжкасці, працаваць у камандзе, прыходзіць на дапамогу таварышам, а галоўнае — замацавалі ў свядомасці неабходнасць захавання гістарычнай памяці і яе перадачы наступным пакаленням.

Гаспадары палігона, ваеннаслужачыя 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай Венскай Чырванасцяжнай дэсантна-штурмавой брыгады, наблізілі гульню да сапраўдных ваенных збораў: школьнікі жылі ў такім палатачным лагеры, што і салдаты падчас вучэнняў.

За кожнай камандай былі замацаваны куратары, якія вучылі азам ваеннай навукі. Юнармейцы займаліся страявой і медыцынскай падрыхтоўкай, збіралі і разбіралі аўтаматы, праходзілі школу юнага разведчыка: практыкаваліся ў маскіроўцы і ўзвядзенні шалашоў, авалодвалі навыкамі карыстання рацыяй і іншымі сучаснымі сродкамі сувязі.

Удзельнікі «Зарніцы» і «Арляняці» прэзентавалі візіткі атрадаў, выяўлялі лепшых у аглядзе строю і песні, інтэлектуальнай віктарыне па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, ваенізаванай эстафеце на мясцовасці, спартыўным арыентаванні і медыцынскай падрыхтоўцы, збіралі і разбіралі аўтамат Калашнікава, стралялі з пнеўматычнай вінтоўкі, афармлялі баявыя лісткі. Удзельнікі «Зарнічкі» змагаліся ў 5 тэматычных спаборніцтвах інтэлектуальнага і спартыўнага характару, кожнае з якіх мела сімвалічную назву і мэту. Выпрабаванні дазволілі акунуцца ў армейскае жыццё, прымяніць набытыя ўменні і навыкі на вучэбнай практыцы і адчуць сябе абаронцамі Айчыны.

Праграма гульняў прадугледжвала экскурсію ў Брэсцкую крэпасць, сустрэчы з афіцэрамі і ваеннаслужачамі брыгады, творчыя конкурсы, а таксама песні пад гітару каля вячэрняга піянерскага вогнішча.

Падводзячы вынікі, намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай падзякаваў педагогам і бацькам дзяцей за важкі ўклад у іх грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, а школьнікам пажадаў з гонарам працягваць лепшыя традыцыі папярэднікаў, любіць Радзіму.

— Радуе, калі маладыя людзі займаюцца актыўнай і карыснай дзейнасцю, у выніку якой яны становяцца патрыётамі, з’яўляюцца прыкладам для іншых, — падкрэсліў А. Кадлубай.

Лепшыя гульцы былі адзначаны дыпломамі ў розных выпрабаваннях. У камандным заліку пераможцамі «Зарнічкі» сталі атрады «Лётчыкі» з сярэдняй школы № 3 Ганцавіч, «Вышыня» з сярэдняй школы № 43 Мінска і «Чорны ліс» з сярэдняй школы № 4 Мар’інай Горкі. Лепшымі ў «Арляняці» аказаліся атрады «Патрыёт» з сярэдняй школы № 209 Мінска, «Лідар» з сярэдняй школы № 21 Гомеля і «Пагранічнікі» з сярэдняй школы № 2 Іванава. У «Зарніцы» не было роўных атрадам «Нашчадкі Склязнёва» з сярэдняй школы № 2 імя Г.М. Склязнёва Гомеля, «Юны патрыёт» з сярэдняй школы № 209 Мінска і «Докшыцкі дэсант» з сярэдняй школы № 1 Докшыц.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара