Чэмпіянат Еўропы і адкрытае першынство свету па японскіх шахматах сёгі сёлета ўпершыню прайшлі ў Мінску. Прадстаўнікі самых розных краін свету сустрэліся за шахматнымі партыямі ў мармуровай зале Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Як гульня японскіх генералаў трапіла ў беларускую сталіцу? Як падрыхтаваць чэмпіёнаў Еўропы і свету? У чым галоўны трэнерскі сакрэт? Аб гэтым і многім іншым “Настаўніцкай газеце” расказаў арганізатар мерапрыемства, загадчык кабінета шахмат МДПДіМ Сяргей Уладзіміравіч Лысенка.
— Сяргей Уладзіміравіч, сёлетнія турніры сталі першымі для Беларусі. Наколькі яны ўдаліся і як паказалі сябе беларускія шахматысты?
— У чэмпіянаце Еўропы прынялі ўдзел 32 гульцы, якія з’яўляюцца лепшымі ў еўрапейскім рэйтынгу. Менавіта яны і разыгрывалі паміж сабой тытул чэмпіёна Еўропы. Спаборніцтвы праходзілі па алімпійскай сістэме, і тыя, хто выбыў, таксама маглі паспрабаваць свае сілы ў першынстве свету.
Галоўнай інтрыгай чэмпіянату стала сустрэча трох чэмпіёнаў Еўропы розных гадоў: украінца Арцёма Каламійца, расіяніна Віктара Запары і француза Жана Фартэна. Канкурэнцыю ім склаў віцэ-чэмпіён Еўропы беларус Сяргей Карчыцкі, менавіта ён і стаў чэмпіёнам Еўропы 2013 года. На другім месцы Віктар Запара, на трэцім — Арцём Каламіец. Як бачыце, славянская школа японскіх шахмат аказалася вельмі моцнай, увесь п’едэстал належыць славянам.
Што да першынства свету, то ў ім было некалькі турніраў і некалькі намінацый. У асноўным турніры прынялі ўдзел 92 чалавекі, прычым узроставыя рамкі турніру вельмі шырокія: гульцамі могуць быць людзі да 90 гадоў. Цікава, што яго пераможцам стаў 10-гадовы хлопчык з Японіі Іта Такумі. Бацька прывёз Іта на яго першы міжнародны турнір, думаецца, яны самі не чакалі такога поспеху. Іта займаецца японскімі шахматамі з 5-гадовага ўзросту. Сёлета ён збіраецца паступаць у школу Сёрыкай.
У бліц-турніры першынства свету лідарам стала японская шахматыстка Хероі Накаі. Яна лічыцца прафесіяналам, таму гуляла з іншымі ўдзельнікамі на форы, інакш кажучы, убірала са свайго поля адну фігуру. Другое месца ў турніры заняў выхаванец палаца Улад Закржэўскі, трэцяе — трохразовы чэмпіён Еўропы француз Жан Фартэн.
— Кажуць, што вучоба ў школе Сёрыкай з’яўляецца абавязковай умовай для таго, каб стаць прафесіяналам у шахматах сёгі…
— Гэта сапраўды так, і такіх школ усяго дзве: адна з іх знаходзіцца ў Токіа, другая — у Осацы. Кожны год школу Сёрыкай заканчвае толькі адзін вучань, той, які з’яўляецца самым лепшым. Толькі пасля гэтага ён мае права называцца прафесіяналам.
У Японіі прафесіянальны гулец у сёгі — чалавек, забяспечаны на ўсё жыццё. Прычым прафесіяналам можна стаць хоць у 14 гадоў. Аднак існуе правіла: калі ты не стаў лепшым да 21 года і не скончыў школу, то павінен пакінуць яе.
Пакуль што прафесіяналамі ў сёгі з’яўляюцца толькі японцы, хаця такая патэнцыяльная магчымасць ёсць практычна ў кожнага.
Чаму такія школы толькі дзве, таксама цікавая гісторыя. Японскія шахматы сфарміраваліся раней, чым шахматы класічныя. У Сярэднявеччы існавала такая пасада, як міністр сёгі, яе атрымліваў самы моцны гулец у японскія шахматы. Любы воін, які планаваў стаць палкаводцам, павінен быў здаць іспыт міністру сёгі. Толькі смеласці і адвагі было недастаткова. Патрэбна было прадэманстраваць, як ты можаш кіраваць сваім войскам на шахматным полі.
У тыя часы ў Японіі былі дзве багатыя сям’і, якія едзілі па вёсках, шукалі таленавітых дзяцей, пры згодзе бацькоў забіралі іх і выхоўвалі самі. Разлік быў такі: магчыма, нехта з выхаванцаў, пасталеўшы, стане міністрам сёгі і верне ў сям’ю ўвесь матэрыяльны ўклад разам з уладай. З часам гэта стала асновай зараджэння дзвюх школ, куды імкнуцца дзеці з усёй Японіі.
— У чым асноўнае адрозненне шахмат сёгі ад класічных шахмат?
— Па-першае, ёсць навуковыя даследаванні, якія паказваюць, што сёгі развіваюць адразу абодва паўшар’і мозга, а таму яны надзвычай эфектыўныя для развіцця дзяцей. Цікава, што самі японцы без усялякіх даследаванняў абавязковай умовай паступлення ў школу Сёрыкай зрабілі сачыненні. Можна быць геніяльным гульцом, але калі ты не ўмееш выказаць свае адносіны да шахмат на паперы, членам школы ты не станеш.
Па-другое, сама гульня больш дынамічная. Правілы адрозніваюцца тым, што збітая фігура можа выкарыстоўвацца на полі саперніка. У класічных шахматах у ходзе партыі колькасць фігур змяншаецца. Камбінацыі становяцца больш відавочнымі. У японскіх шахматах колькасць фігур не змяншаецца, наадварот, у аднаго з сапернікаў яна можа павялічвацца, а значыць, і камбінацыі становяцца больш складанымі.
Па-трэцяе, у сёгі не існуе такога паняцця, як нічыя. Фігуры не ходзяць назад, што падкрэслівае менталітэт японцаў. Пры гэтым любая фігура можа стаць залатым генералам. Дарэчы, сёгі і перакладаецца з японскай, як гульня генералаў.
— Сяргей Уладзіміравіч, чым вы кіруецеся, калі набіраеце дзяцей у секцыю? Тут патрэбны нейкія асаблівыя задаткі або дастаткова толькі дзіцячага інтарэсу?
— Я настаўнік матэматыкі па адукацыі. Іншым разам назіраю такую карціну. Бацькі прыводзяць дзіця займацца шахматамі і самі не вераць у яго поспех, маўляў, ды ў яго з дакладнымі навукамі адносіны не складваюцца. Ці яшчэ аргумент: бацькі самі такіх схільнасцей не маюць. А дзіця здзіўляе тым, што ў яго нечакана ўсё атрымліваецца. Жаданне — вось, што важна.
У школе рознае бывае. Не спадабаўся вучню педагог, і інтарэсу да прадмета хутчэй за ўсё не будзе. Мы дапамагаем дзіцяці паверыць ва ўласныя сілы. Стаўшы паспяховым у шахматах, яно разумее, што ўсё можа атрымацца і ў матэматыцы, фізіцы і інш.
У Беларусі японскімі шахматамі можна пакуль займацца толькі ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі. Разам з тым беларускія падлеткі маюць нядрэнны рэйтынг на сусветным узроўні.
У свой час, яшчэ калі я быў студэнтам педуніверсітэта, адкрыў там жа секцыю сёгі. Аднак з часам прыйшоў да высновы, што пачынаць працаваць трэба з дзецьмі. Маім першым наборам у палацы была група з 16 чалавек. Дзеці былі зусім розныя: нехта займаўся класічнымі шахматамі, а нехта ўпершыню бачыў фігуры. Узнік інтарэс, загарэліся вочы, пачалі натхнёна працаваць. Мы паехалі на першы міжнародны турнір і нядрэнна выступілі. Адзін з маіх вучняў стаў чэмпіёнам Еўропы да 18 гадоў, другі — чэмпіёнам свету да 18 гадоў. Наш першы поспех акрыліў. Сёлета, як бачыце, ужо новыя перамогі.
— Для секцыі, якая існуе ўсяго трэці год, гэта, сапраўды, значнае дасягненне. У чым ваш трэнерскі сакрэт? Магчыма, ёсць нейкая ўласная методыка падрыхтоўкі чэмпіёнаў?
— Я не валодаю ніякімі асаблівымі сакрэтамі. Проста мне падабаецца тое, што я раблю, мне падабаецца быць педагогам і ў мяне ў гэтым плане вялізны вопыт. У свой час я прайшоў праз летнікі, педатрады…
Можна быць выдатным шахматыстам, але дрэнным педагогам. Каб дзеці хацелі прыходзіць займацца шахматамі, ім павінна быць тут утульна, трэба мець выдатны калектыў. Якой бы цікавай ні была справа, атмасфера — гэта самае важнае. Я імкнуўся стварыць сям’ю. Кожны новы ўдзельнік акунаецца ў атмасферу добразычлівасці і агульнай справы. Нехта купіў кацяня — мы ўсім клубам выбіраем мянушку. У некага непарадак у адносінах з дзяўчынай ці хлопцам — мы стараемся параіць, дапамагчы. Гэта дзеці, і іх трэба разумець.
Ну і, канечне, мы шмат працуем, шмат рашаем задач, шмат чытаем. Я стараюся падтрымаць інтарэс дзяцей, расказваю ім пра традыцыі і культурныя асаблівасці японцаў. Бацькам падабаецца тое, што іх дзеці прыходзяць у калектыў, які ўжо сфарміраваўся, і іх вельмі хутка прымаюць. Ужо праз месяц у дзяцей адна каманда: няма розніцы ва ўзросце, статусе. Яны разам.
Я спрабую прывіць ім асновы японскай этыкі. Гэта тычыцца і ўмення правільна скончыць шахматную партыю. Ні ў якім разе нельга паказваць сваю перавагу над сапернікам, які прайграў. Ты — лепшы, цябе перапаўняюць эмоцыі? Падумай над тым, што адчувае твой сапернік. Акрамя таго, што мы паціскаем адно аднаму рукі і дзякуем за гульню, я вучу аналізаваць партыю. Можна акуратна паказаць іншаму, дзе ён зрабіў памылку, падкрэсліць плюсы яго гульні. Як педагог я шчаслівы, калі бачу паміж гульцамі сапраўдную ўзаемапавагу.
Сёлета на чэмпіянаце свету былі намінацыі па ўзростах, і мае выхаванцы сталі лепшымі ва ўзроставых катэгорыях да 8, да 10, да 14, да 18 гадоў. Таксама ўдзельніцы нашай секцыі дастаўся тытул наймацнейшай дзяўчынкі турніру.
Я — гуляючы трэнер. Дзецям цікава, калі, разбіраючы нейкую партыю, педагог раптам кажа: “А вось у мяне на чэмпіянаце Еўропы супраць нарвежца, скажам, Андэрсена, была вось такая сітуацыя…”
Сам пачаў гуляць у японскія шахматы яшчэ ў школе. У мяне ёсць перамогі на міжнародных турнірах, аднак я знайшоў сябе менавіта як педагог. Выдатны гулец, ён адзін, а трэнер можа выхаваць некалькіх чэмпіёнаў. Нават японскія шахматысты, з якімі давялося пазнаёміцца на нядаўніх турнірах, адзначаюць, што я перш за ўсё настаўнік, і я ганаруся гэтым.