Нядаўна Брэстчыну наведаў пасол Германіі ў Беларусі Вольфрам Маас. Падчас візіту ён пабываў у школах Брэста і Пінска, а таксама ў БрДУ імя А.С.Пушкіна.
Дзесяцікласнікі брэсцкай сярэдняй школы № 7 атрымалі з рук пасла шпрахдыпломы. Вольфрам Маас наведаў гэтую навучальную ўстанову невыпадкова: паміж школай і пасольствам наладжаны даволі цесныя сувязі. Установа адукацыі адзначана ганаровым знакам “Школы: партнёры будучыні”. Нямецкую мову тут вывучаюць каля 800 дзяцей (англійскую — амаль 200).
Ва ўрачыстай абстаноўцы Вольфрам Маас упершыню ўручыў школьнікам шпрахдыпломы І ступені, якія сведчаць пра дастатковае веданне нямецкай мовы для зносін. У мінулым навучальным годзе нямецкую мову паспяхова здалі 37 дзевяцікласнікаў. Сёння яны атрымалі дакументальнае пацвярджэнне гэтага дасягнення.
Па словах каардынатара Цэнтральнага ўпраўлення па справах школьнай адукацыі за мяжой Вернэра Ліберкнехта, брэсцкія навучэнцы паказалі лепшыя вынікі ў краіне па колькасці дыпломаў І ступені сярод дзевяцікласнікаў. Раней выхаванцы 7-й школы здавалі экзамены пасля 11 класа і маглі прэтэндаваць адразу на дыпломы ІІ ступені, якія дазвалялі паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы Германіі без здачы моўнага экзамену. Сёння ў будучых старшакласнікаў з’явілася магчымасць патрэніравацца ў моўных ведах ужо ў 9 класе, каб лепш паказаць сябе ў 11-м.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.