Тэатр, спектакль… Калі вымаўляеш гэтыя словы, адразу ўяўляецца паездка ў Мінск або абласны горад, асвечаны агнямі будынак тэатра, апошні званок, які азначае хуткі пачатак дзеяння.
Для настаўнікаў і вучняў сярэдняй школы № 3 Паставаў усё значна прасцей: у вызначаны для спектакля дзень падымаешся ў актавую залу — і спектакль пачынаецца. Пра школьны тэатр гаворым з яго кіраўніком (па сумяшчальніцтве сцэнарыстам, натхняльнікам і рэжысёрам) Людмілай Пчалінцавай.
— Маё захапленне тэатрам пачалося яшчэ ў дзяцінстве, — расказвае Людміла Савельеўна. — Я вельмі добра памятаю, як мама ў мой дзень нараджэння павяла мяне ў тэатр. Не прыпомню, які гэта быў спектакль, але тыя пачуцці, якія ахапілі мяне, успамінаю да гэтага часу. Тэатр для мяне — гэта цуд, нагода да вялікага разважання. І яшчэ тэатр — гэта стан душы. Я ніколі ў жыцці не марыла стаць актрысай і тым больш рэжысёрам, проста так склалася. Пачатак маёй тэатральнай дзейнасці звязаны з прадметам, які я выкладаю, — з англійскай мовай. На працягу 15—20 гадоў я ставіла невялікія спектаклі на англійскай мове з дзецьмі рознага ўзросту. Потым мы прадстаўлялі спектаклі на фестываль міжкультурных камунікацый, які праводзіўся кожны год. Хачу сказаць, што ў нас заўсёды быў дыплом І ступені. Спектаклі ў нас былі масавыя, з гэтай прычыны мы не заўсёды ездзілі ў Віцебск на абласны конкурс. Апошнія 3—4 гады дасылалі туды свае работы і таксама заваёўвалі дыпломы І ступені. Але гэта былі спектаклі на англійскай мове, абмежаваныя ў часе (10 мінут), такія як “Сон у летнюю ноч”, “Утаймаванне свавольніцы” па п’есах У.Шэкспіра, “Прадавец дажджу” па п’есе Р.Неша і іншыя.
— І вось тры гады назад…
— …я рызыкнула. Мне заўсёды хацелася чаго-небудзь глабальнага, і вось мара стала явай: мы пачалі ставіць вялікія спектаклі на рускай мове. З мяне жартавалі, што я рэжысёр аднаго аўтара — Яўгена Шварца. Мы пачалі з яго п’есы “Звычайны цуд”. Вучні тады толькі пачыналі, але трэба было бачыць іх вочы, іх зацікаўленасць! На наступны год была “Снежная каралева” і “Цень” па Я.Шварцу. У гэтым годзе — мюзікл “Золушка” Я.Шварца па матывах казкі Ш.Перо. Ставілі спектаклі традыцыйна на Новы год.
— Раскажыце, калі ласка, пра спектакль на ваенную тэматыку.
— У гэтым годзе да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў я вырашыла паставіць п’есу “А золкі тут ціхія” па аповесці Б.Васільева. Не магла прамінуць ваенную тэму, таму што гэта забываць нельга. Калі мы забудзем пра вайну, яна можа паўтарыцца.
Ролі тых дзяўчат выконвалі вучаніцы 11 класа. Іх гераіні старэйшыя за маіх дзяўчынак на 1—2 гады. Артысткі-вучаніцы вельмі глыбока адчувалі і разумелі тых, хто гатовы быў аддаць жыццё за Радзіму. На мой погляд, гэты спектакль вельмі прачулы і перажыты. Папярэднія спектаклі былі рамантычнымі казкамі, а ў гэтым усё было вельмі сур’ёзна. Як мне здаецца, ён дастае з нашых душ усё самае лепшае, што ў нас ёсць. Я сама кожны раз у час спектакля не магла стрымаць слёз. Калі заканчваўся спектакль, глядзела на аўдыторыю і гаварыла: “Дзякую вам за слёзы”. Калі ёсць слёзы, значыць, дайшло, значыць, спектакль атрымаўся. І мы дастукаліся няхай не да ўсіх, але да большай часткі гледачоў.
— Кажуць, тэатр пачынаецца з вешалкі. З чаго пачынаецца ваш тэатр?
— Гэтыя словы прыпісваюць Станіслаўскаму, бо так ён звяртаўся да гардэробшчыкаў, паказваючы, што ў тэатры важная кожная дробязь. Сур’ёзную, вялікую справу трэба пачынаць з таго, што здаецца дробным, нязначным. Мы пачынаем спектакль з пошуку твораў. П’есу выбіраю я сама, разважаю, хто можа якую ролю сыграць. Потым прачытваю твор дзецям.
Вельмі часта вучні прапаноўваюць свае версіі характару героя або сітуацыі. Спрабуем і прыходзім да агульнага рашэння. Зрэдку настойваю на сваім пункце гледжання. Выбралі твор, прачыталі, абмеркавалі. Потым трэба вучыць шмат слоў. Мы стараемся паглядзець як мага больш тэатральных пастановак: ездзім у тэатры Мінска, глядзім запісы. Многае абмяркоўваем.
— Хто вам дапамагае ў пастаноўках? Гэта ж тытанічная праца!
— У апошнія гады ў мяне з’явіліся такія цудоўныя памочнікі! Гэта Алена Яўгенаўна Грантоўская, выхавальніца групы прадоўжанага дня, якая прапанавала сваю дапамогу ў пашыве касцюмаў. Я ёй вельмі ўдзячна! Раней мы шукалі, з чаго зрабіць, як адлюстраваць тую ці іншую эпоху ў адзенні. Алена Яўгенаўна шые нам касцюмы літаральна з нічога. У апошні час актывізаваліся і бацькі, сталі дапамагаць з адзеннем калегі. У мінулым навучальным годзе да нас у школу прыйшла працаваць настаўніца музыкі Наталля Дзмітрыеўна Бароўка, якая ўзяла на сябе харэаграфію. Створана харэаграфічная група “Пакаленне Next”, якая працуе на тэатр і робіць цудоўнейшыя пастаноўкі. Я вельмі ўдзячна дырэктару школы Вераніцы Леанідаўне Казлоўскай за спонсарскую дапамогу і маральную падтрымку.
— Якім спектаклем завяршыўся навучальны год?
— Навучальны год мы закончылі спектаклем па п’есе Б.Шоу “Пігмаліён”. Спектакль прадставілі выпускнікі школы, удзельнікі “Творчай майстэрні юнага акцёра”. Гісторыя ператварэння простай кветачніцы ў сапраўдную лэдзі з’яўляецца сапраўдным цудам і кранае сэрцы гледачоў ужо больш за сто гадоў. У гэтым спектаклі мае выпускнікі змаглі паказаць усё, чаму навучыліся за гады заняткаў у школьным тэатры. Артысты ігралі на адным уздыху. Касцюмы, музыка… Акцёры не проста ігралі, яны жылі на сцэне. Я думаю, што і гэты спектакль, і ўсе папярэднія застануцца ў дзяцей у сэрцы і ў памяці на ўсё жыццё як дакрананне да цуду, натхнення і радасці.
— Якія спектаклі марыце паставіць?
— У будучыні хачу паспрабаваць паставіць п’есы У.Шэкспіра, “Снягурачку” М.Астроўскага. Дзеці малодшых класаў вельмі хочуць іграць, прыходзяць цэлымі групамі. З імі мару паставіць казкі “Марозка”, “Дванаццаць месяцаў”. Хацелася б знайсці яшчэ ваенны спектакль, каб ён закрануў душу гэтак жа, як папярэдні.
— Што дае тэатр дзецям?
— Дзяўчаты навучыліся прыгожа хадзіць. Хлопцы, якія спачатку былі на сцэне скаванымі, пераадольваюць унутраныя бар’еры, вучацца сябе паводзіць, ведаюць, як паказаць сябе ў той ці іншай сітуацыі. Перш за ўсё тэатр дае ўнутраны змест, выхоўвае душу, як спектакль “А золкі тут ціхія”. Дзеці пачынаюць па-іншаму глядзець на свет.
— Што для вас тэатр? — спытала я ў акцёраў.
Адказаў было шмат:
— Гэта неверагодныя эмоцыі і ўспаміны. Не перадаць словамі той камфорт і атмасферу, якія я перажываю ў час і пасля выступлення.
— Я ўжо даўно зачаравана тэатрам. Асабліва спектакль “А золкі тут ціхія” ўразіў мяне сваёй атмасферай і прафесіяналізмам дзяўчат. Гледачы былі ў захапленні.
— Мяне натхняла кожнае дзеянне, акрыляла ўся гэтая мітусня. Было цяжка, асабліва спачатку. Вялікі дзякуй Людміле Савельеўне за тое, што дае нам магчымасць пабываць у розных вобразах.
— Сцэна вельмі дапамагае пазбавіцца комплексаў, перамагчы сябе, забыцца пра цяжкасці. Усе гэтыя тры гады тэатра назаўсёды застануцца цёплымі ўспамінамі пра школу.
Аліна ЛАТЫШ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 3 Паставаў