Што прадстаўлена ў адзіным у Жыткавіцкім раёне музейным пакоі «Летапіс школы» ў СШ № 3

- 10:07Новости

«Залаты фонд» выпускнікоў сярэдняй школы № 3 Жыткавіч імя І.М. Банава днямі папоўніўся новымі імёнамі, што адразу ж знайшло адлюстраванне ў экспазіцыях музейнага пакоя «Летапіс школы». На сімвалічным дрэве з залатымі яблыкамі (на кожным пазначаны год выпуску і колькасць выпускнікоў) з’явіўся ўжо 34-ы яблык, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Сёлета са сцен установы выйшлі 39 вучняў 11-га класа, з іх тры медалісты — Настасся Бакунец, Антон Кавальчук і Паліна Мазур. Са 103 выпускнікоў 9-га класа дзевяць атрымалі пасведчанні з адзнакай.

У школе беражліва захоўваюць звесткі аб усіх выпускніках, іх анкеты, узнагароды, фатаграфіі. Асобная ўвага — медалістам (іх за ўсю гісторыю ўжо 174), удзельнікам абласных і рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў. Сабрана інфармацыя аб працаўладкаванні выпускнікоў і іх прафесійных дасягненнях, а таксама матэрыялы аб настаўніцкім складзе з першага года заснавання ўстановы і заслугах педагогаў.

Мы адзіныя ў раёне, дзе вырашылі стварыць (у 2017 г.) музейны пакой «Летапіс школы». Ідэя належала дырэктару Ганне Друк, якая прапрацавала на гэтай пасадзе 30 гадоў, да мінулага года, — расказала кіраўнік музейнага пакоя і настаўніца мастацтва Алена Шаўчэнка. — Матэрыялы размеркавалі па дзевяці раздзелах. Асаблівая ўвага — традыцыям і дасягненням калектыву. Так, з 1998 г. у нашай школе і раёне праводзіцца метадычны фестываль «Настаўнік года». За гэты час многія педагогі атрымалі гэтае высокае званне. У 2014 г. настаўніца гісторыі Ірына Маркевіч у конкурсе «Настаўнік года» заняла першае месца ў вобласці і выйшла на рэспубліканскі ўзровень. Знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» узнагароджаны настаўніца біялогіі Любоў Балкоўская і былы дырэктар школы Ганна Друк.

Намеснік дырэктара Святлана Друк падрыхтавала каля 100 дыпламантаў раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд па грамадазнаўстве, фінансавай дасведчанасці, знаўцаў закону і інш. Сёлета яе вучаніца Ангеліна Леўчанка здала ЦЭ па грамадазнаўстве на 100 балаў, а Паліна Мазур стала абсалютнай пераможцай на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве і абсалютнай пераможцай алімпіяды па пытаннях тэорыі і практыкі выбарчага працэсу. Выпускнік Іван Кувік перамог на рэспубліканскім конкурсе маладых журналістаў «Прэс-код».

Школьная каманда чырлідараў дасягнула значных вынікаў у раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах: 56 кубкаў, мноства дыпломаў. Кіруе ёй на працягу 10 гадоў выпускніца школы Алена Рэкун. Настаўніцай фізкультуры і здароўя з’яўляецца ганаровы грамадзянін Жыткавіч, майстар спорту, 12-разовая чэмпіёнка рэспублікі, 16-разовая чэмпіёнка Узброеных Сіл, чэмпіёнка Савецкага Саюза па акадэмічным веславанні Таццяна Салко. Вясновыя спартыўныя гульні — адно з самых яркіх і запамінальных свят у школе.

Раздзел музейнага пакоя «Яго імя носіць школа» прысвечаны дзейнасці Героя Савецкага Саюза, генерала ваеннай разведкі І.М. Банава. Тут сабраны матэрыялы да конкурсаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Экспазіцыя «Настаўнік у салдацкім шынялі» расказвае пра ўдзельніка вайны Паўла Мікітавіча Курбана — настаўніка пачатковых класаў і дырэктара сельскай школы ў в. Поўчын Жыткавіцкага раёна. 15 снежня мінулага года ў школе адбыўся Дзень Героя да 100-годдзя з дня нараджэння педагога. З дапамогай сваякоў, сведак яго педагагічнай кар’еры былі сабраны класныя журналы таго часу, планы-канспекты, фатаграфіі, звесткі аб ваенных узнагародах.

Экспазіцыя «100 гадоў піянерыі» выглядае як музей у чамадане. Тут знаходзяцца фота самых яркіх піянерскіх спраў, дыпломы конкурсаў, баявы лісток піянераў, банеры піянерскіх атрадаў, барабаны, сцяг дружыны і іншае. Сабраны партфоліа сучасных лідараў піянерскага руху школы, БРСМ, ініцыятыўнай групы старшакласнікаў «Лідар». На рахунку калектыву каля 200 дыпломаў у конкурсах «Агеньчык запрашае сяброў», «Піянер года», «Піянерскія іскры» і інш.

У музейным пакоі адлюстраваны звесткі аб вядомых асобах раёна, яго ураджэнцах, сярод якіх ёсць і сучаснікі: кампазітар Уладзімір Буднік, заслужаны артыст краіны Міхаіл Пацук, майстар разьбы па дрэве і стваральнік казачнай сядзібы Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы Аляксандр Масла, а таксама пісьменнік і краязнаўца Міхаіл Хільман, публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч, разведчык генерал Уладзімір Вараб’ёў. Некаторыя з іх падарылі школе свае кнігі, матэрыялы аб баявым шляху і працоўнай дзейнасці.

***

Увесь мінулы навучальны год наша школа актыўна рыхтавалася да 80-годдзя вызвалення Беларусі. Дзеці зрабілі серыю артыкулаў для раённай газеты пра подзвігі сваіх прадзядуляў і прабабуль, некаторыя былі апублікаваны, а астатнія знаходзяцца ў кабінеце-музеі «Гісторыя ваеннай разведкі», — падзялілася настаўніца гісторыі Алена Мікалаенка.

Вучаніца 10-га класа Лізавета Рамановіч атрымала дыплом ІІІ ступені ў абласным конкурсе «Гісторыя сям’і — гісторыя Перамогі». Школьнікі далучыліся да акцыі «Збяры Беларусь у сваім сэрцы», актыўна падарожнічалі. Напярэдадні Дня Перамогі наведалі мемарыяльны комплекс «Хатынь». Традыцыяй сталі штогадовыя паездкі ў Брэсцкую крэпасць. Вучні вялі даследчую дзейнасць. Так, Віталіна Гром стала пераможцай раённага конкурсу на лепшую віктарыну, прысвечаную 80-годдзю вызвалення Беларусі. У школе прайшоў конкурс інсцэніраванай ваенна-патрыятычнай песні.

— Толькі дакрануўшыся да старонак мінулага, даведаўшыся пра трагедыю і гераізм продкаў, дзеці змогуць зразумець усю значнасць подзвігаў нашых прадзедаў, адчуць адказнасць за будучыню сваёй Радзімы. Наперадзе яшчэ шмат конкурсаў і мерапрыемстваў, прысвечаных грандыёзнаму святу. Спадзяемся, што наш удзел у іх будзе выніковым і зробіць лета па-сапраўднаму цікавым, — падкрэсліла А. Мікалаенка.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара