Сцяг Полацкага кадэцкага корпуса ўзору 1844 года вярнуўся на гістарычную радзіму
Зацверджанае Мікалаем І у 1830 годзе “Палажэнне аб губернскіх кадэцкіх карпусах” абвяшчала аб стварэнні такога корпуса ў Полацку, хаця той не з’яўляўся губернскім цэнтрам. Установа адкрылася ў 1835 годзе і да 1917 года ажыццяўляла выхаванне, навучанне і падрыхтоўку да воінскай службы юных дваран Віцебскай, Магілёўскай, Смаленскай, Віленскай і Беластоцкай губерняў.
Ад іншых кадэцкіх карпусоў імперыі полацкі прыкметна адрозніваўся дэмакратызмам: тут усе, незалежна ад чыноў і заслуг, гаварылі паміж сабой на “ты”. У верасні 1914 года корпус эвакуіравалі з горада, кадэтаў размеркавалі паротна па Сімбірскім, Уладзікаўказскім і Адэскім карпусах, пры гэтым палачане захавалі сваю форму. У 1918 годзе быў аддадзены загад аб абавязковай здачы старых імператарскіх сцягоў для ўтылізацыі. Палкі розных гарнізонаў прадпісанае выканалі, іх сцягі былі знішчаны. Калі пра загад даведаліся палачане, кадэты 7 класа вырашылі выратаваць свой сцяг. Адцягваючы на сябе ўвагу, група кадэтаў учыніла бойку на вачах у каравула. Тым часам двое юнакоў праніклі ў царкву, дзе знаходзіўся сцяг, зрэзалі палотнішчы, абгарнулі вакол сябе пад формай, вынеслі і непрыкметна далучыліся да строю кадэтаў, які ішоў міма.
З рызыкай, у шэрагу выпадкаў — коштам жыцця, кадэты збераглі сваю святыню: вывезлі спачатку ў Сербію, дзе яна стала галоўным сцягам І рускага вялікага князя Канстанціна Канстанцінавіча кадэцкага корпуса ў горадзе Белая Царква (які аб’яднаў кадэтаў з розных карпусоў дарэвалюцыйнай Расіі, па сутнасці сцяг стаў агульнарасійскім), а ў гады Другой сусветнай вайны — у Злучаныя Штаты Амерыкі.
У 2010 годзе ў Полацку пачало працаваць кадэцкае вучылішча. Чатыры гады назад у верасні ўстанове адукацыі была ўрачыста перададзена дакладная копія рэліквіі з прымацаваным да палотнішча невялікім фрагментам арыгінала. Да нядаўняга часу славуты кадэцкі сцяг захоўваўся ў сінаідальным Знаменскім саборы Нью-Ёрка. У мінулую суботу падчас святкавання 175-годдзя сцяга Полацкага кадэцкага корпуса адбылася перадача гістарычнага артэфакта Полацкаму кадэцкаму вучылішчу.
Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел старшыня Полацкага райвыканкама намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Мікалай Шаўчук, старшыня рэспубліканскага савета Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў палкоўнік запасу Сяргей Жыціхін, ганаровы старшыня Адкрытай садружнасці сувораўцаў, нахімаўцаў і кадэтаў Расіі генерал-маёр Аляксандр Уладзіміраў, старшыня праўлення Беларускага фонду міру дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Максім Місько, начальнік упраўлення па адукацыі Полацкага райвыканкама Ірына Драздова, іншыя ганаровыя госці, а таксама прадстаўнікі педагагічных і навучэнскіх калектываў, грамадскіх арганізацый Полаччыны.
У фае цэнтра культуры “Полацк” навучэнцы Полацкага кадэцкага вучылішча прадставілі выставачную экспазіцыю, прысвечаную Полацкаму кадэцкаму корпусу; агульную прыўзнята-святочную атмасферу падтрымліваў духавы аркестр вайсковай часці 5530. Палачане прэзентавалі яркую мастацкую рэтраспектыву з элементамі харэаграфіі і тэатралізацыі, праглядам дакументальных кінастужак. Перад вачыма прысутных паўстаў складаны шлях, пройдзены сцягам Полацкага кадэцкага корпуса, ажылі постаці падзвіжнікаў, дзякуючы якім у дзень свайго 175-годдзя рэліквія вярнулася на радзіму.
— Адбываецца знамянальная падзея не толькі для Полацкага кадэцкага вучылішча, устаноў адукацыі сістэмы кадэцкай адукацыі нашай рэспублікі, але і для ўсёй міжнароднай садружнасці сувораўцаў, нахімаўцаў і кадэтаў, — адзначыў Сяргей Жыціхін. — Святая святых кадэцкага братэрства, за 175 гадоў сцяг пражыў няпростае, трагічнае і велічнае жыццё, нямала павандраваў па свеце. У ім увасоблена крыштальна чыстая гісторыя самаадданасці, доблесці і вернасці. Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў пачаў займацца вяртаннем старэйшага воінскага сцяга Беларусі на радзіму ў 2012 годзе, потым да гэтай важнай справы далучыліся нашы браты з Расіі. У ходзе перагавораў у ЗША з захавальнікамі рэліквіі было прынята рашэнне зрабіць з яе копію, бо арыгінал ператварыўся ў вельмі крохкую субстанцыю. Новы сцяг вышывалі ўручную. Літаральна па сантыметры рэліквію ўдалося аднавіць у яе першапачатковым выглядзе. Для цырымоніі асвячэння ў палатно была ўманціравана невялікая кішэнь, у якую ўклалі часцінку арыгінала. У 2015 годзе сучасны сцяг быў перададзены Полацкаму кадэцкаму вучылішчу, менавіта ён цяпер з’яўляецца афіцыйным сімвалам установы адукацыі. Сёння вяртаннем гістарычнага сцяга мы падводзім вынік нашай вялікай сумеснай работы.
Адзін з сучаснікаў, які стаіць ля вытокаў вяртання артэфакта, — Максім Місько, на той час першы намеснік старшыні рэспубліканскага савета Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў. Віншуючы прысутных са святам, Максім Уладзіміравіч выканаў прыжыццёвую волю аднаго з захавальнікаў сцяга на чужыне — Валянціна Мантуліна — і перадаў моладзі тры галоўныя запаветы старшага кадэта: “Берагчы гонар мундзіра”, “Да кожнай жанчыны адносіцца, як да роднай маці”, “Самае галоўнае для кадэта — служэнне Радзіме”.
— Кадэты — наш нацыянальны набытак. У 1701 годзе Пётр І напісаў указ аб адкрыцці першай установы кадэцкай адукацыі, Навігацкай школы ў Маскве. Першы кадэцкі корпус стварыла ў 1732 годзе Ганна Іаанаўна, потым іх колькасць значна вырасла. Затым успыхнула грамадзянская вайна — і іх нібыта не стала, — расказаў Аляксандр Уладзіміраў. — Але яны жылі. Аказалася, што гэтая пераемнасць служэння Айчыне ніколі не перарывалася. І ўвасоблена яна менавіта ў полацкім сцягу. Кадэцкі рух паспяхова развіваецца ў Беларусі, яму аказваецца маштабная дзяржаўная падтрымка. У 2017 годзе ў Нью-Ёрку была ажыццёўлена перадача святынь імператарскіх палкоў і кадэцкіх карпусоў у Расію згодна з рашэннем рускіх кадэцкіх аб’яднанняў за мяжой. Захавальнікам гэтых рэліквій да канца жыцця быў князь Уладзімір Галіцын, які з годнасцю выканаў свой абавязак, перадаў нам сцягі, але, на жаль, практычна праз тыдзень яго не стала. Сцягі былі спецыяльна ўпакаваны і праз тры дні дыпламатычнай поштай дастаўлены ў Маскву, дзе іх прыняў мой сувораўскі брат Ігар Іваноў. Мы падтрымалі ідэю перадаць полацкі артэфакт на радзіму. На дадзены момант у Расіі 300 тысяч чалавек штодня садзяцца за парты ў кадэцкіх карпусах, школах, класах. Усе мы — юныя кадэты, іх выкладчыкі, больш за 200 тысяч ветэранаў кадэцкага руху — сёння дзякуем Богу за магчымасць выканаць гэты пачэсны абавязак. Перадача мае два асноўныя сэнсы: першы — гістарычная справядлівасць, другі — развіццё, крок наперад. Ад імя ветэранскіх аб’яднанняў, выпускнікоў і калектываў сувораўскіх, нахімаўскіх вучылішчаў і кадэцкіх карпусоў Расіі я ўпаўнаважаны звярнуцца да нашых вярхоўных галоўнакамандуючых Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі і Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна з прапановай стварыць на аснове Полацкага кадэцкага вучылішча на тэрыторыі Беларусі Полацкі кадэцкі корпус Саюзнай дзяржавы, зрабіць Полацк агульным цэнтрам нашага кадэцкага руху.
Пад сцягамі кадэцкіх вучылішчаў, спецыялізаваных ліцэяў МУС і МНС, Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча Рэспублікі Беларусь прадстаўнікі Адкрытай садружнасці сувораўцаў, нахімаўцаў і кадэтаў Расіі ўручылі гістарычны сцяг Полацкага кадэцкага корпуса Мікалаю Шаўчуку і дырэктару Полацкага кадэцкага вучылішча палкоўніку Станіславу Красоўскаму. Артэфакт змешчаны ў спецыяльны футляр, які забяспечвае аптымальныя ўмовы захоўвання. Так склаліся абставіны, што сцяг вярнуўся на радзіму праз 105 гадоў.
— Атрыманне бясцэннай рэліквіі — знак асаблівага гонару для палачан, — падкрэсліў Мікалай Шаўчук. — Подзвіг некалькіх пакаленняў захавальнікаў сцяга будзе жыць у нашых сэрцах і памяці. Падрастае новае пакаленне кадэтаў, якія перанялі ад сваіх старэйшых таварышаў пачуццё воінскага гонару, сяброўства, братэрства, годнасці і гарачае імкненне служыць Радзіме. Мы ўпэўнены, што ў кадэцкай сістэмы адукацыі — вялікая будучыня. Гэта моцны духоўны і маральны арыенцір для моладзі.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.






