Складнікі поспеху педагогаў Мядзельшчыны: адданасць сваёй справе і ўменне падтрымліваць цікавасць дзяцей да прадмета

- 14:00Репортаж

Раскрыць у вучняў спартыўныя здольнасці, дапамагчы дзецям вырасці здаровымі і спрытнымі — на гэтым будуюць сваю дзейнасць педагогі Занарацкай сярэдняй школы Мядзельскага раёна.

Гэтая ўстанова адукацыі значылася першай у маршруце падчас чарговага прэс-­туру прадстаўнікоў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”. У мінулым го­дзе дзякуючы падтрымцы старшыні Мінабл­выканкама Аляксандра Турчына тут быў пабудаваны школьны стадыён. Сёння не толькі падчас урокаў, але і пасля заняткаў навучэнцы могуць прыходзіць на тэрыторыю навучальнай установы і зай­мацца на сучасным абсталяванні, розным па сваім функцыянале.

“У нас з’явілася шматфункцыянальнае спартыўнае ядро, — расказвае дырэктар Занарацкай сярэдняй школы Вікторыя Кумішча. — У цэнтры стадыёна знаходзіцца агароджаная пляцоўка для гульні ў футбол. Побач з ёю — пляцоўка для баскетбола і валейбола. Таксама ёсць яма для скачкоў у даўжыню, месца, дзе можна ўдасканальваць свае навыкі ў сілавых і гімнастычных практыкаваннях, а таксама варкаўт-пляцоўка”.

Пасля таго як у школе з’явіўся сучасны стадыён, ён стаў любімым месцам для вучняў. Настаўнікі ведаюць: калі дзяцей няма ў класе, значыць, яны ўсе на пляцоўцы.

“Створаныя ўмовы дапамагаюць падчас канікул аздараўліваць навучэнцаў з усяго Мядзельскага раёна, — дадае дырэктар установы. — Так, у першыя летнія месяцы 56 дзяцей пройдуць у нас аздараўленне. Безумоўна, для гэтага будзе выкарыстоўвацца спартыўная пляцоўка, бо школьнікі вельмі любяць футбол, валейбол і іншыя рухавыя гульні. Дарэчы, па вечарах тэрыторыя школьнага стадыёна адкрыта да 22 гадзін. Гэта дазваляе мясцовым жыхарам таксама займацца тут спортам”. 

Ва ўстанове адукацыі вялікую ўвагу ўдзя­ляюць выхаванню беражлівых адносін да таго, што створана карпатлівай працай. Вікторыя Кумішча гаворыць, што павагу не толькі да роднай вёскі, але і да ўсёй краіны трэба выхоўваць паступова і на ўласным прыкладзе. Для гэтага навучэнцы і педагогі разам наводзяць парадак на школьнай тэрыторыі.

“Не кожная вясковая школа можа пахваліцца тым, што ў яе ёсць такая багатая спартыўная база, — зазначае Вікторыя Генадзьеўна. — Мы заўсёды нагадваем дзецям, што ўсё патрабуе догляду, за ўсім, калі хочаш нешта зберагчы, трэба сачыць”.

Гэтаму вучыць сваіх выхаванцаў і настаўнік фізічнай культуры і здароўя Аляксандр Жыхар. Па словах педагога, пасля таго як у школе пабудавалі спартыўны комплекс, вучні яшчэ больш палюбілі фізкультуру.

“Не буду хаваць: нават мне прыемна знаходзіцца на новых пляцоўках, што ўжо гаварыць пра дзяцей, — заўважае Аляксандр Мікалаевіч. — Добрая спартыўная база дазваляе праводзіць урокі максімальна насычана”. 

За час, пакуль працуе ў школе, педагог выгадаваў не адно пакаленне ўлюбёных у спорт дзяцей. Пра сябе настаўнік гава­рыць не вельмі любіць, затое пра вучняў, якія дасягнулі поспеху ў спорце, можа расказваць доўга. А расказаць ёсць што. Дзякуючы захопленасці Аляксандра Мікалаевіча спортам і ўласнаму падыходу да выкладання, навучэнцы Занарацкай сярэдняй школы ўжо многа гадоў становяцца пераможцамі шматлікіх спартыўных мерапрыемстваў.

“Нашы навучэнцы штогод займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў спорце, — акцэнтуе Вікторыя Кумішча. — Прычым яны паказваюць выдатныя вынікі не толькі ў раённых спаборніцтвах, але і на вобласці. Да таго ж вучні 2—4 класаў прымаюць удзел у рэспубліканскім праекце “300 талентаў для Каралевы”.

Калі ў раёне праводзяцца спаборніцтвы па гульнявых відах спорту, судзіць іх заўсёды запрашаюць настаўніка фізкультуры з Занарацкай сярэдняй школы. У Мядзеле ўсе, хто звязаны са спортам, ведаюць, што лепшага суддзі ім не знайсці: справядлівы, тактоўны, ён увесь час імкнецца да дасканаласці.

На пытанне, адкуль такая любоў да спорту, Аляксандр Мікалаевіч сціпла адказ­вае, што ўсё здарылася ў той час, калі ён сам хадзіў у школу.

“Я вучыўся ў звычайнай вясковай установе адукацыі. У нас не было спартыўных пляцовак і залы. Нягледзячы на гэта, я заўсёды выходзіў на вуліцу і займаўся спортам, і было няважна, лета за акном ці зіма”, — падзяліўся настаўнік.

З цягам часу адносіны са спортам у Аляксандра Жыхара толькі ўмацаваліся. Мяркуйце самі: ва ўзросце 59 гадоў у скла­дзе зборнай каманды педагог заняў 1-е месца ў раёне па пляжным валейболе.

Скарбонка знаходак

Разважаючы над тым, што дапамагае дасягаць поспеху ў розных кірунках, дырэктар нарацкай сярэдняй школы № 2 Генадзь Крыштафовіч сказаў, што складнікаў шмат, але галоўныя — гэта адданасць сваёй справе і ўменне падтрымліваць цікавасць дзяцей да прадмета.

Яскравым прыкладам гэтага з’яўляецца дзейнасць нас­таўніцы гісторыі і грамадазнаўства Святланы Валер’еўны Гатоўкі. Акрамя сваіх асноўных дысцыплін, педагог ужо 10 гадоў зай­маецца тэмай фінансавай дас­ведчанасці. Вынікам стаў праект “Фарміраванне і развіццё ў навучэнцаў праектна-прадпрымальніцкіх кампетэнцый ва ўмовах сацыяльнага партнёрства сродкамі вучэбнага стартапа “PROект”.

Па словах педагога, гэтым кірункам дзейнасці яна зацікавілася ў 2014 годзе, калі яе вучні першы раз удзельнічалі ў алімпіядзе па фінансавай дасведчанасці.

“Гэтая падзея падштурхнула да збору адпаведнай інфармацыі, — расказала С.Гатоўка. — Вынікам карпатлівай працы стала перамога Ула­дзіслава Шалкоўскага ў абласным і ўдзел у рэспубліканскім этапах алімпіяды па фінансавай дасведчанасці. Пасля самыя актыўныя навучэнцы сабралі каманду “Чырвонец” і заваявалі кубак і дыплом III ступені ў конкурсе па фінансава-эканамічнай дас­ведчанасці выпускнікоў школ 2016 года. Каманда “Залаты злітак” на наступны год паўтарыла вынік сваіх папярэднікаў, а каманда “Плаціна” ў 2020 годзе стала другой у VI конкурсе выпускнікоў школ “Фінансавая і лічбавая дасведчанасць пакалення Z”.

Асаблівае захапленне настаўніцы — краязнаўства. Менавіта гэтай тэме прысвечаны сацыяльны лакальны праект Святланы Валер’еўны “Людзі Нарачанскага краю”.

“Сваёй задачай лічу прыцягненне навучэнцаў да пошукава-края­знаўчай дзейнасці праз вывучэнне, даследаванне і выяўленне малавядомых і згубленых фактаў пра гісторыю Мядзельскага раёна, — дадае настаўніца гісторыі. — У конкурсе “Скарбонка краязнаўчых знаходак”, які праводзіўся ў межах рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”, навукова-даследчая работа “Пошук артэфактаў вузкакалейнай чыгункі Нарач — Лынтупы” Ігната Малько заняла 1-е месца.

Праекты­-эксперыменты

Урокі біялогіі Марыны Федзічкінай, настаўніцы нарацкай сярэдняй школы № 2, заўсёды пабудаваны ў форме даследавання.

Усё пачынаецца з маленькага доследу, які пасля вырастае ў вялікі даследчы праект.

“Біялогія — вель­­мі цікавы прадмет, бо па кожнай тэме можна право­дзіць даследаванне, — расказвае Ма­рына Вячаславаўна. — Прычым займацца гэтым могуць дзеці з любым узроўнем паспяховасці, галоўнае, каб ім гэта падабалася, каб гарэлі вочы”.

Сваю галоўную задачу педагог фармулюе наступным чынам: паказаць школьнікам, што даследаванне — гэта цікава. Сёлета Марына Федзічкіна і яе вучні займаліся некалькімі распрацоўкамі, сярод якіх вывучэнне лішайнікаў і змяненне клімату.

“Мы вывучалі стан навакольнага асяроддзя пры дапамозе лішайнікаў і ліхенаіндыкацыі, — тлума­чыць настаўніца. — Для даследавання выбралі ў нашым пасёлку пяць асноўных пунктаў. Лішайнікі — доб­рыя біяіндыкатары, яны вельмі актыўна растуць у тым месцы, дзе бруднае паветра. Пасля доследу зрабілі наступныя вынікі: паветра ў нашым рэгіёне забруджваецца ў асноўным вых­лапнымі газа­мі”.

Яшчэ адзін праект, які рэалізавалі настаўніца і вучні, называецца “Уплыў дзейнасці чалавека і ліўневай каналізацыі на стан вады ў ручаі на тэрыторыі курортнага пасёлка Нарач”. Каманда школьных біёлагаў брала пробы вады і пры дапамозе спецыялістаў вывучала іх у лабараторыі.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА