Экспазіцыю “Беларускія народныя рамёствы” ў выглядзе музея ў чамадане і макет “Беларуская хатка” з абстаноўкай і прадметамі побыту нашых продкаў у мініяцюры стварылі ў дзіцячым садзе № 5 Смалявіч.
— Магчымасці абсталяваць “беларускую хатку” ў асобным пакоі ў нашым садзе няма, бо літаральна кожны куточак тут запатрабаваны дзецьмі, якіх у нас 136 у шасці групах, у тым ліку ў трох інтэграванага навучання і выхавання, — падзялілася намеснік загадчыка ўстановы Галіна Садоўская. — Так, наш садок маленькі, але вельмі ўтульны, напоўнены атмасферай любові і клопату пра дашкалят, павагі да іх бацькоў і гордасці за родны край. І мы знайшлі спосаб праявіць гэтыя свае пачуцці, стварыўшы экспазіцыю пад назвай “Беларускія народныя рамёствы” ў выглядзе музея ў чамадане. І ў дапаўненне да яго макет “Беларуская хатка” — дыдактычны дапаможнік, у якім прадстаўлены прадметы побыту нашых продкаў у мініяцюры. Разам з бацькамі гэты макет зрабіла выхавальніца Любоў Казлова. Былі распрацаваны таксама канспекты заняткаў і экскурсій у “беларускую хатку”. Дарэчы, у ролі экскурсаводаў сябе спрабуюць і нашы выхаванцы.
Знаходзіцца экспазіцыя ў метадычным кабінеце ўстановы. Багатая яна на вырабы з розных матэрыялаў: драўляныя скрыначкі для ўпрыгажэнняў дзяўчат, гліняныя цацкі, саламяныя і льняныя вырабы, вышываныя рэчы і інш. Педагогі бяруць такі музей у чамадане і ідуць з ім на заняткі ў групу.
Чытайце матэрыял Надзеі Церахавай у нумары ад 10 лютага 2023 года.