Іаган Гаспар Лафатэр, мысліцель і чалавеказнаўца са Швейцарыі другой паловы XVIII стагоддзя, яшчэ да ўзнікнення навукі псіхалогіі пісаў: “Ведаеце, які гук на Зямлі самы райскі? Гук дзіцячага смеху ад беспрычыннай радасці быцця!” Любому чалавеку, а асабліва педагогу, з гэтым выказваннем цяжка не пагадзіцца. Настаўніку ў школе, выхавальніку ў дзіцячым садзе важна так мець зносіны з дзецьмі, каб іх беспрычынная радасць быцця нікуды не знікала, а працягвалася і захоўвалася заўсёды. Як дасягнуць такой гармоніі? Ці трэба педагогу быць магам або гіпнатызёрам? Напэўна, не. А вось чалавекам уважлівым, адчувальным, добразычлівым, успрымальным да асаблівасцей канкрэтнага дзіцяці трэба быць абавязкова. У тым жа XVIII стагоддзі Лафатэр напісаў у лісце да Гётэ: “Уважлівых назіральнікаў, як і добрых чытачоў, вельмі мала; тых, хто ўнікае ў глыбіню, яшчэ менш, тых, хто ўспрымае цэласна, — вельмі рэдкія адзінкі: такіх можна сустрэць толькі сярод высокаадораных натур, улюбёных у прыгажосць свету і заклапочаных не сабой, а ісцінай”. Спадзяюся, што ў ХХІ стагоддзі гэта не так і людзей, апісаных Лафатэрам як “вельмі рэдкія адзінкі”, больш, асабліва сярод прадстаўнікоў педагагічнай прафесіі.
Дыялог з чытачом
Настаўнік працуе з сабой, падзеямі вакол сябе і далей, робіць жывыя дакрананні да быцця дзіцяці, мелодыі і рытму яго характару, распазнаваючы і вывучаючы бясконцыя іх падрабязнасці, мімалётнасці, якія заўсёды паўтараюцца, але інакш, па-новаму. Пра гэта — пра распазнаванне і ўзаемадзеянне педагога з характарам дзіцяці — у нас сёння дыялог.
Характар — гэта сплаў прыроджаных і набытых уласцівасцей паводзін. Прыродная аснова характару — тэмперамент. Рысы характару адлюстроўваюць тое, як жыве і дзейнічае чалавек. Характар чалавека існуе ў складаным узаемадзеянні з яго асобай. Рысы асобы вызначаюць тое, дзеля чаго чалавек жыве і дзейнічае, якія яго мэты, ідэалы, мары, імкненні. Няма абсалютна дрэнных і абсалютна добрых характараў. Кожны мае свае слабыя і моцныя бакі. Слабае месца — гэта значыць павышаная адчувальнасць або ўразлівасць чалавека ў адносінах да пэўных умоў.Прааналізуем некалькі тыпаў характараў дзяцей і падлеткаў, з якімі педагогам звычайна бывае цяжка ўзаемадзейнічаць. Разам знойдзем прасторы сілы і, абапіраючыся на іх, разгледзім магчымасці гарманізаваць узаемаадносіны. Пры выхаванні любога характару мы спрыяем развіццю моцных бакоў, па магчымасці згладжваем адмоўныя ўласцівасці і беражом слабыя месцы.
Напружана-афектыўны характар. Прыродную аснову гэтага характару складае сіла патрэб і “вязкасць”, запаволенасць нервовых працэсаў. Такое дзіця не проста думае, а думае грунтоўна: не проста хоча, а ўпарта настойвае; не проста перажывае, а затрымліваецца на гэтым перажыванні. Зносіны ў калектыве суправаджаюцца незадаволенасцю, крыўдамі, канфліктамі. Перыядычна праяўляецца расстройства настрою, агрэсіўнасць, упартасць, эгацэнтрызм. Чым больш угаворваеш, тым больш супраціўляецца. Здараецца, што тэрарызуе больш слабых. У апошнім выпадку даросламу абавязкова трэба ўмешвацца і абараняць слабых. Пазітыўныя ўласцівасці дзіцяці напружана-афектыўнага характару — гэта энергія, упартасць, працавітасць, уменне канцэнтравацца. Адсюль важна падтрымліваць яго ва ўсіх станоўчых пачынаннях, развіваць цікавасці, захапляць актыўнымі дзеяннямі — гэта значыць накіроўваць энергію ў рэчышча карыснай дзейнасці. Для такога дзіцяці вельмі важны асабісты поспех. Яму больш падыдуць адзіночныя віды спорту. У класе добра назначыць такое дзіця адказным за нейкую справу. Пастаянна засцерагаць дзіця з напружана-афектыўным характарам ад удзелу ў калектыўных справах было б памылкай. Трэба вучыць яго клапаціцца і думаць пра навакольных, спачуваць ім. Адна з самых цяжкіх задач звязана з кіраваннем эмоцыямі такога дзіцяці. Яму неабходны ўзмоцнены кантроль за эмоцыямі і дапамога ў развіцці сацыяльнага пачуцця або пачуцця супольнасці з іншымі людзьмі. Педагог і бацькі могуць прымяняць толькі мяккую сілу. Вырашальнае слова застаецца за дарослым. Ён паведамляе пра сваё рашэнне спакойна, але слова сваё не мяняе, а таксама сочыць за тым, каб яго ўказанні былі выкананы. З другога боку, педагог умее спагадліва выслухаць дзіця, а калі трэба — прыняць яго пазіцыю. Калі дзіця выслухоўваюць актыўна, могуць прыняць яго адмову, то праяўляецца падатлівасць, гібкасць. Пры зносінах з дзіцем напружанага характару асабліва неабходна спакойная цвёрдасць дарослага. Пачынаць адзінаборствы безнадзейна і дарэмна. Негатыўнае ўздзеянне, рэзкі тон педагога або бацькоў выклічуць гнеў і пратэст дзіцяці да поўнага разрыву адносін.
Няўстойлівы характар. Галоўная асаблівасць — цяга да задавальненняў пры поўнай адсутнасці жадання працаваць. Такія дзеці непаслухмяныя, неарганізаваныя, дрэнна засвойваюць правілы паводзін, не паддаюцца маральнаму выхаванню, у школе не хочуць вучыцца. Здаецца, што ўсё дрэннае да іх ліпне. Няўстойлівыя падлеткі бяруць прыклад з самых непадыходзячых узораў паводзін. У іх няма планаў, яны не праяўляюць цікавасцей, прагульваюць школу, трапляюць у групы правапарушальнікаў. Развіццю няўстойлівага характару спрыяе патуральніцкі тып выхавання або, наадварот, залішні клопат, калі вызваляюць ад любых працоўных намаганняў. І хаця складана знайсці добрае ў чалавеку, які пазбаўлены пачуцця абавязку, усё ж няўстойлівыя дзеці цярпімыя да недахопаў іншых, вясёлыя, з імі лёгка мець зносіны, забаўляючыся. Такім дзецям неабходны кантроль з боку дарослых. Важна даць адчуць, што прыкладанне намаганняў дае вынікі, больш прыемныя эмоцыі, чым гультаяванне, з’яўляецца самапавага. Важна крок за крокам цярпліва прывучаць дзяцей з няўстойлівым характарам здзяйсняць валявыя намаганні, прытрымлівацца рэжыму працы і адпачынку, быць самастойным хаця б у дробязях. Неабходна ствараць умовы для пражывання дзіцем сітуацый адказнасці, вучыць рабіць правільны выбар, прагназуючы наступствы няправільнага.
Дэманстратыўны характар. Галоўнае для такога дзіцяці — быць у цэнтры ўвагі, атрымліваць захапленне, шанаванне, адабрэнне. Дэманстратыўнае дзіця вельмі эгацэнтрычнае, заўсёды імкнецца здавацца большым, чым ёсць на самай справе, таварыскае. Эмацыянальнасць дзіцяці з дэманстратыўным характарам асаблівая: яно востра рэагуе на падзеі, якія тычацца асабіста яго, значна менш уважлівае да праблем іншых. Яго засмучае ўсё, што перашкаджае выглядаць асаблівым і выключным: крытыка выказванняў, меркаванняў, дзеянняў, адмаўленне ў просьбах, каханні, страта значнай пазіцыі, аўтарытэту. На такога роду падзеі ў дзіцяці бурныя рэакцыі — ад капрызаў да пагроз пазбавіць сябе жыцця. Пры самай бурнай рэакцыі дэманстратыўнае дзіця ўважліва назірае, як дзейнічаюць яго “пакуты” на іншых. Уменне маніпуліраваць навакольнымі з дапамогай сваіх эмоцый — характэрная рыса дэманстратыўных. Логіка — не самы моцны іх бок. Імкненне фантазіраваць у такіх дзяцей захоўваецца на працягу ўсяго жыцця. Часта назіраецца схільнасць да хлусні і міфатворчасці. Падрыхтоўка да ўрокаў можа суправаджацца слязамі, скаргамі на настаўнікаў, якія яго не разумеюць, “гандлем” з бацькамі. Адносіны з аднакласнікамі неспакойныя. Дзіця з дэманстратыўным характарам нярэдка бярэ на сябе ў класе ролю клоўна, спадзеючыся заваяваць аўтарытэт і сімпатыі ў аднакласнікаў. Будучы падлеткам, ён ярка апранаецца, мае моднае хобі, часта аказваецца “каралём на гадзіну” і, калі гэтая гадзіна мінае, стараецца змяніць кампанію.
Дэманстратыўнае дзіця нельга захвальваць. Пахвала павінна быць строга дазіраванай, але зусім пазбаўляць яго ўвагі не варта. Тактыка залатой сярэдзіны заключаецца ў тым, каб толькі тады выказваць адабрэнне, калі дзіця працуе ўпарта і добрасумленна. Важна не ўступаць плачу і крыкам, калі вы адчуваеце маніпуляцыю з боку дзіцяці. Звяртацца з просьбай, выказваннем даросламу да дзіцяці з дэманстратыўным характарам трэба адзін раз, без паўтарэнняў, з захаваннем спакою. Важны напрамак выхавання дзіцяці з такім характарам — пераадоленне яго эгацэнтрызму. Для гэтага трэба няспынна звяртаць яго ўвагу на іншых і станоўча падмацоўваць намаганні ў гэтым напрамку.
Акрамя чыстых, існуюць змешаныя тыпы характараў. Яны бываюць двух відаў: прамежкавыя і амальгамныя. Прамежкавым лічыцца характар, дзе прыроднай з’яўляецца арганічная аснова двух тыпаў характараў. Прачнуцца і загаварыць у дзіцяці можа цётка або стрыечны дзядуля. Такі падыход быў тонка апісаны ў п’есе Я.Шварца “Звычайны цуд”. Аднак змешвацца могуць не ўсе тыпы характараў. Ёсць узаемавыключальныя немагчымыя спалучэнні. Напрыклад, замкнутасць і гіпертымнасць (адкрытасць і камунікабельнасць), трывожнасць і афектыўнасць.
Амальгамныя характары ўтвараюцца пры жыцці ў выніку напластавання рыс аднаго тыпу на прыродную аснову другога. Прычыны такіх напластаванняў могуць быць рознымі: неспрыяльныя ўмовы асяроддзя, асаблівасці выхавання, уласныя намаганні чалавека па карэкцыі рыс свайго характару.
Жыццё кожнага чалавека і педагога ў прыватнасці можна разгледзець як сузіранне каруселі чалавечых характараў і ўзаемадзеянне з гэтай каруселлю. З гэтага пункту гледжання жыццёвы шлях прафесіянала можна параўнаць з надзвычай цікавай прыгодай, дзе ёсць месца творчаму пошуку спосабаў жыць у гармоніі з любым характарам маленькага або юнага чалавека.
Псіхагалічнае люстэрка
Самаацэнка характару і асобы
“Якія “так” і “не” чалавека, такі і характар. Прасачыце за тым, як чалавек вымаўляе свае “так” і “не” не менш чым у сямі выпадках — і перад вамі партрэт яго душы. Вывучайце яго”. Зноў дакладнае выказванне швейцарскага мысліцеля і фізіянаміста Лафатэра натхняе і падахвочвае нас да дзеяння. З вельмі даўніх часоў людзей цікавілі пытанні: як пазнаць свой характар, як зразумець характар іншага чалавека, ці існуюць падобныя характары? Паспрабуем адказаць на некаторыя з іх, вывучыўшы з дапамогай самаацэнкі свой характар і прапанаваўшы гэтую магчымасць сваім вучням. Такога кшталту заняткі цікавыя і карысныя ў якасці самапазнання і далейшага выхавання. Урачы, псіхолагі, філосафы даследуюць гэтыя пытанні ўжо больш за дзве з паловай тысячы гадоў. Скарыстаемся методыкай “Самаацэнка характару і асобы” А.П.Елісеева. У яе змесце выкарыстаны матэрыялы методыкі В.В.Багаслоўскага і інтэрпрэтацыі апытальнікаў Р.Кэтэла, з якіх выбраны найбольш істотныя характарыстыкі асобы па кожным з 16 асобасных фактараў. Гэтыя характараўтваральныя рысы асобы дадзены ў тэксце па кожнай літары алфавіта.
Інструкцыя. Выпішыце 16 паняццяў (з усяго спіса паняццяў, які прыводзіцца ніжэй), якія адлюстроўваюць, на вашу думку, асаблівасці вашага характару і вашай асобы найбольш дакладна. Потым неабходна ўпарадкаваць гэтыя 16 уласцівасцей такім чынам, каб найбольш важныя і істотныя з іх былі абазначаны нумарамі ад 1 да 16.
Спіс паняццяў
Апатычнасць; акуратнасць, актыўнасць, альтруістычнасць, аналітычнасць, агрэсіўнасць, аскетызм, авантурызм, аб’ектыўнасць, арганізаванасць, крыўдлівасць, шчырасць, абачлівасць, вопытнасць, камунікабельнасць, асцярожнасць, дасціпнасць, спагадлівасць, абавязковасць. Бязволле, безадказнасць, безразважнасць, бескарыслівасць, бестурботнасць, беспрынцыповасць, бясстрашнасць, бесхарактарнасць, бязладнасць, бесклапотнасць, бессаромнасць, разважлівасць, багемнасць, няхітрасць, трывожнасць, баязлівасць. Ветлівасць, бурклівасць, захопленасць, запальчывасць, вынослівасць, велікадушнасць, вернасць, весялосць, уладарнасць, уважлівасць, узбудлівасць, уражлівасць, высакамернасць, пачуццё віны.
Гарачнасць, гордасць, грубасць, гуманнасць, гібкасць. Далікатнасць, двудушнасць, дзелавітасць, дзёрзкасць, дэспатычнасць, дабрадушнасць, дальнабачнасць, дысцыплінаванасць, даверлівасць. Жорсткасць, прагнасць, жыццярадаснасць, жывасць, жаноцкасць. Зайздроснасць, фанабэрыстасць, сарамлівасць, злапамятнасць, замкнутасць. Ідэйнасць, спешчанасць, ініцыятыўнасць, інтэлігентнасць, інтэлектуалізм, стараннасць, інывідуалізм. Капрызнасць, пакорлівасць, калектывізм, канфармізм, крытычнасць, культурнасць, кансерватызм. Ласкавасць, легкадумнасць, ілжывасць, крывадушнасць, хітраватасць, легкавернасць, цікаўнасць, ліберальнасць.
Марудлівасць, маўклівасць, панурасць, меланхалічнасць, надумлівасць, мсцівасць, мяккасць, маральная ўстойлівасць, мужнасць, летуценнасць. Насмешлівасць, знаходлівасць, нядбайнасць, некрытычнасць, непераборлівасць, нецярплівасць, наіўнасць, настойлівасць, няўважлівасць, непарушнасць, недаверлівасць, незалежнасць, нелюдзімасць, нерашучасць, надзейнасць, нязмушанасць, непрактычнасць, некіруемасць, напружанасць.
Павярхоўнасць, пільнасць, пастаянства, паваротлівасць, прыветлівасць, пасіўнасць, песімістычнасць, падазронасць, прамалінейнасць, праніклівасць, практычнасць, прадпрымальнасць, прынцыповасць, пунктуальнасць, пакорнасць. Рассеянасць, сардэчнасць, разважлівасць, расслабленасць, рашучасць, разумнасць, раздражняльнасць, рэалізм. Скрытнасць, ганарлівасць, слабаволле, стараннасць, самастойнасць, самаўпэўненасць, стрыманасць, сціпласць, самадастатковасць, смеласць, самапавага, сталасць, скептыцызм, сентыментальнасць.
Тактоўнасць, паспешлівасць, славалюбства, працавітасць, трывожнасць. Угодлівасць, руплівасць, ужыўчывасць, уступчывасць, кіруемасць, ураўнаважанасць, вытанчанасць. Флегматычнасць, мэтанакіраванасць, сумленнасць, чуллівасць. Храбрасць, хітрасць, выхвальства. Экспансіўнасць, эгаістычнасць, эмацыянальная ўстойлівасць, энергічнасць, энтузіязм. Ячаства.
Прыгожы спіс атрымаўся або такі, што падахвочвае да работы над сабой, меркаваць толькі эксперту. А ў гэтым выпадку экспертам з’яўляецеся вы самі, той, хто разглядае свой характар у непрадузятым псіхалагічным люстэрку. Такім чынам, “свет мой, зеркальце, скажи да всю правду доложи”.
Святлана РАДЗЬКОВА,
дацэнт кафедры псіхалогіі і прадметных методык
Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.