Педагогі Бараўлянскай сярэдняй школы Мінскага раёна прапануюць сваім навучэнцам комплексна падыходзіць да выбару прафесій. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Як расказала Ірына Шахава, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, кожная трэцяя субота — гэта дзень працоўнага выхавання і прафесійнай арыентацыі. У гэты дзень у школе працуюць факультатыўныя заняткі, аб’яднанні па інтарэсах, ладзяцца паездкі на дні адкрытых дзвярэй у розныя навучальныя ўстановы, экскурсіі на прадпрыемствы, праходзяць трэнінгі і інш. У рамках дня працоўнага выхавання і прафесійнай арыентацыі класнымі кіраўнікамі, педагогамі сацыяльнымі, педагогамі-псіхолагамі, бібліятэкарамі праводзяцца прафарыентацыйныя мерапрыемствы. Сярод апошніх — трэнінг “Асаблівасці выбару прафесіі”, гульня-трэнінг “Падарожжа ў свет прафесій”, гульня-дыспут “Праца ўпрыгожвае чалавека”, кірмаш прафесій “Дзе працуюць мае бацькі”, круглы стол “Праца ў нашым жыцці”, прафарыентацыйная гульня “Турнір знаўцаў прафесій”.
Вельмі насычаныя і… “смачныя” экскурсійна-прафарыентацыйныя маршруты. Напрыклад, малодшыя школьнікі надоечы завіталі на хлебазавод, дзе азнаёміліся з тэхналагічным працэсам вытворчасці чорнага і белага хлеба, абсталяваннем прадпрыемства, наведалі кандытарскі цэх, дзе ўбачылі, як з’яўляюцца тарты, эклеры, пірожныя, і, канечне, змаглі прадэгуставаць іх. 5-класнікі наведалі фабрыку “Камунарка”, дзе прасачылі працэс стварэння шакаладу, наведалі кандытарскія цэхі і пакаштавалі любімыя прысмакі. Навучэнцы 9-х класаў сумесна з прафарыентолагам SOS-Дзіцячай вёскі Бараўляны пабывалі на кававым прадпрыемстве, дзе ўбачылі і адчулі пах усіх этапаў кававай вытворчасці ад абжаркі да ўпакоўкі і, канечне, правялі сэнсарны і смакавы аналіз гэтага напітку, а таксама асвоілі цэлых 6 спосабаў заварвання кавы дома.
Запамінальнай для старшакласнікаў была экскурсія і на Мінскі гадзіннікавы завод, дзе яны змаглі ўбачыць асноўныя этапы вытворчасці наручных гадзіннікаў, пабывалі ў музеі гадзіннікавай справы Беларусі, дзе азнаёміліся з гісторыяй стварэння гадзіннікаў, пачынаючы з сонечных і заканчваючы сучаснымі мадэлямі. Акрамя гэтага, навучэнцы азнаёміліся з прафесіяй майстра гадзіннікавай справы. Як аказалася, прафесія гэтая няпростая, патрабуе ювелірнай дакладнасці і карпатлівасці.
Наведалі старшакласнікі і музей мінскага метрапалітэна, дзе азнаёміліся з гісторыяй стварэння метрапалітэна, даведаліся пра людзей, чые жыцці і прафесіі звязаны з будаўніцтвам метро, і нават адчулі сябе ў ролі машыніста, пасядзеўшы ў яго кабіне.
У межах дзён адкрытых дзвярэй пабывалі ў шэрагу навучальных устаноў — як прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных, так і УВА, дзе даведаліся аб спецыяльнасцях і ўмовах прыёму.
Паспрабаваць сябе ў пэўнай прафесіі дапамагаюць навучэнцам і 23 школьныя аб’яднанні па інтарэсах фізкультурна-спартыўнага, мастацкага, культурна-дасугавага профілю і інш. Ва ўстанове арганізаваны факультатыўныя заняткі для вучняў 10-х класаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, жадаючыя асвойваюць і прафесіі сталяра і швачкі. На базе ўстановы функцыянуе бізнес-кампанія “Гаспадынька”. Цікава, што пра прафесію тут працягваюць думаць школьнікі і пасля завяршэння навучальнага года: зусім хутка ў школе пачне працаваць традыцыйны летні прафарыентацыйны лагер “Выбар”.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота прадастаўлена школай