“Сонечны” лён для здароўя беларусаў

- 11:08Навука і інавацыі

Беларусы здаўна ведаюць пра гаючыя ўласцівасці лёну. Лекі на аснове льнянога семя шырока прымяняюцца ў народнай і традыцыйнай медыцыне. А нядаўна ў айчынных аптэках з’явіўся новы прэпарат “Лігнакапс” — ільняны алей у капсулах. Дзякуючы ўтрыманню вялікай колькасці лігнанаў (прыродных гармонаў), ён аказвае станоўчы ўплыў на многія сістэмы чалавечага арганізма, у тым ліку сардэчна-сасудзістую, імунную, рэпрадуктыўную. Адметна, што да стварэння гэтага прэпарата падключыліся навукоўцы. На кафедры біятэхналогіі і біяэкалогіі факультэта тэхналогіі арганічных рэчываў Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта правялі шэраг даследаванняў. У выніку лекавыя капсулы ўдалося напоўніць сапраўды гаючым алеем.

Абалонка насення лёну — самая багатая ў раслінным свеце крыніца лігнанаў. Перад вучонымі стаяла задача распрацаваць тэхналогію перапрацоўкі семя, якая б дазволіла атрымаць фракцыю абалонак з найвышэйшым утрыманнем гэтых біялагічна актыўных злучэнняў.

— Мы правялі аналіз вялікай колькасці гатункаў лёну — і беларускай селекцыі, і імпартных, — расказвае загадчык кафедры Віктар Лявонцьеў. — Высветлілася, што найбольшая колькасць лігнанаў змяшчаецца ў насенні жоўтаколерных гатункаў. У беларускай селекцыі гэта лён “Сонечны”. Спачатку мы распрацавалі методыку вызначэння лігнанаў у розных фракцыях, а потым і тэхналогію перапрацоўкі насення, якая дазваляе атрымаць фракцыю з найбольшым утрыманнем лігнанаў.

Вучоныя прапанавалі сваю распрацоўку УП “Мінскінтэркапс”, які наладзіў выпуск прэпарата “Лігнакапс”. Гэта натуральны беларускі прадукт, аналагі якога, па словах Віктара Мікалаевіча, выпускаюцца толькі ў ЗША і Канадзе, але ў Еўропу не пастаўляюцца.

На кафедры біятэхналогіі і біяэкалогіі дзейнічае 5 навукова-даследчых лабараторый, абсталяваных сучаснымі прыборамі вядучых сусветных вытворцаў: генетычны аналізатар, спектрафлуарыметр, спектрафатометр, палярыметр, храматограф, інфрачырвоны і электронны мікраскопы і інш. Каб дарагое абсталяванне эксплуатавалася максімальна эфектыўна, на кафедры створаны Цэнтр калектыўнага карыстання, дзе даследаванні праводзяць вучоныя не толькі з БДТУ, але і з іншых навуковых арганізацый і ўніверсітэтаў.

Як паведаміў Віктар Лявонцьеў, зараз на кафедры ствараецца новая лабараторыя — па аналізе лекавых сродкаў.

— Час ад часу да нас звяртаюцца прадстаўнікі розных фармацэўтычных кампаній, каб мы дапамаглі высветліць прычыны браку іх прадукцыі, — гаворыць Віктар Мікалаевіч. — Часам гэта тэхналагічныя збоі, бываюць пытанні да сыравіны. Скажам, мяняецца пастаўшчык дзеючага (ці нават дапаможнага) рэчыва, яно мае ўжо крыху іншыя характарыстыкі — адпаведна змяняецца якасць прадукцыі. Напрыклад, здараецца выпадзенне крышталёў у ампулах ці з’яўляецца пэўны колер у гелях, якія не павінны мець афарбоўкі, і г.д. Мы высвятляем хімічныя прычыны, чаму гэта адбываецца, што дазваляе кампаніям аператыўна выправіць хібы.

Гэтая работа вядзецца на кафедры даўно. Але ў новай лабараторыі, як заўважыў Віктар Лявонцьеў, будзе ажыццяўляцца поўны цыкл выпрабаванняў. Плануецца атрымаць дзяржаўную акрэдытацыю і па заказе прадпрыемстваў праводзіць даклінічныя выпрабаванні лекавых сродкаў. Для гэтага тут ёсць усё неабходнае абсталяванне: прыборы для вызначэння растваральнасці, распаду і сцірання таблетак, прыбор для выпрабавання стабільнасці лекавых сродкаў — тэрмастабільнасці, фотаўстойлівасці, вільготнасці і г.д.

Кафедра біятэхналогіі і біяэкалогіі рыхтуе кваліфікаваных спецыялістаў па спецыяльнасцях “Біятэхналогія” (спецыялізацыі “Біятэхналогія энерганосьбітаў”, “Тэхналогія ферментаў, вітамінаў і прадуктаў закісання”, “Тэхналогія тлушчаў, эфірных алеяў і парфумерна-касметычных прадуктаў”), “Тэхналогія лекавых прэпаратаў” (спецыялізацыі “Прамысловая тэхналогія лекавых прэпаратаў”, “Тонкі арганічны сінтэз”) і “Біяэкалогія”.

Ну і вядома, тут робіцца вялікая навука. Напрыклад, адна з супрацоўніц кафедры набывае матэрыял для дысертацыі на інфрачырвоным мікраскопе, даследуючы раўнамернасць размеркавання дзеючага рэчыва па таблетцы. Віктар Мікалаевіч тлумачыць, што гэты паказчык асабліва важны для падзельных таблетак з малым утрыманнем актыўнага рэчыва. І вытворца, і пацыент павінны быць упэўнены, што змешвальнікі працуюць добра, і ў той палове таблеткі, якую чалавек прыняў сёння, і ў той, якую прыме заўтра, змешчана аднолькавая лекавая доза.

Цяжка пераацаніць ролю падобных лабараторый для вучэбных мэт. Студэнты не толькі атрымліваюць уяўленне пра тое, як вырабляюцца лекі, але і самі могуць паспрабаваць стварыць таблетку. Канечне, не для прыёму ўнутр (ва ўмовах універсітэцкай лабараторыі немагчыма забяспечыць стэрыльнасць), а, напрыклад, для прыгатавання раствораў.

У свой час “Лігнакапс” таксама пачынаўся з даследаванняў у лабараторыі. І сёння на кафедры вядуцца работы па вывучэнні лекавых уласцівасцей розных рэчываў. Тут актыўна выкарыстоўваюцца лабараторны ферментатар, ліяфільная сушылка, млын, вібрасіта для фракцыянавання і раздзялення цвёрдафазных сумесей, змешвальнік для парашкоў, таблетачны прэс. Віктар Мікалаевіч адзначае, што тэхналогію лекавых прэпаратаў студэнтам выкладаюць спецыялісты з фармацэўтычных кампаній. Таму і кафедра, і самі студэнты добра ведаюць, чаго чакае ад іх галіна. Нездарма лабараторыі заняты з раніцы да вечара: тут злучыліся адукацыя, навука і вытворчасць. Як паведаміў загадчык кафедры, моцная навуковая аснова і практыка-арыентаваная падрыхтоўка забяспечваюць стабільна высокі попыт на выпускнікоў.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.