Спартыўны рэзерв краіны

- 9:00Спартыўныя падзеі

20 верасня ў Мінску адбыўся І Маладзёжны фестываль, прысвечаны Міжнароднаму дню студэнцкага спорту. Турнір праходзіў на трох сталічных пляцоўках, дзе былі арганізаваны спаборніцтвы па баскетболе 3х3, асабісты і камандны турніры па шахматах, мерапрыемства па кіберспартыўнай дысцыпліне Counter-Strike.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця спартыўных спаборніцтваў і ўзнагароджанні пераможцаў і прызёраў турніру па баскетболе 3´3 сярод мужчынскіх студэнцкіх каманд міністр адукацыі Ігар Карпенка нагадаў, што дата правя­дзення фестывалю выбрана невыпадкова, бо менавіта 20 верасня ў 1924 годзе адбыўся першы студэнцкі чэмпіянат свету. А ў 2015-м дзяржавы — члены ЮНЕСКА прынялі рашэнне 20 верасня абвясціць Міжнародным днём студэнцкага спорту. Дарэчы, у шэрагу краін свету гэты дзень супадае з пачаткам навучальнага года.

— Спорт і здаровы лад жыцця — адзін з найважнейшых прыярытэтаў адукацыйнай палітыкі нашай дзяржавы. Сёння цяжка ўявіць любую ўстанову адукацыi без развіцця фізічнай культуры і спорту. Мы ўпершыню праводзім маладзёжны фестываль, прысвечаны Міжнароднаму дню студэнцкага спорту. Дзейнасць грамад­скіх аб’яднанняў, такіх як Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту, а ў мінулым годзе была заснавана яшчэ і Беларуская асацыяцыя школьнага спорту, накіравана на папулярызацыю спорту і яго развіццё, стварэнне ўмоў для таго, каб наша моладзь актыўна ўключалася ў спартыўна-фізкультурна-аздараўленчую дзейнасць, — дадаў Ігар Васільевіч.

Студэнцкі спорт заўсёды быў значным складнікам фарміравання спартыўнага рэзерву нашай краіны: “Зразумела, што і спорт вышэйшых дасягненняў чэрпае свой патэнцыял менавіта ў навучальных установах, дзе культывуецца і развіваецца спартыўны складнік. Студэнты нашых УВА ўваходзяць у склад зборных каманд рэспублікі і дасягаюць вялікіх поспехаў на міжнароднай арэне. Міжнародны дзень студэнцкага спорту — цудоўнае свята, якое аб’ядноўвае ўсіх, хто падтрымлівае ідэі здаровага ладу жыцця і гарманічнага развіцця асобы, спалучае ў сваім што­дзённым жыцці адукацыю і спорт”, — падкрэсліў міністр.

Баскетбольны турнір 3´3 сярод мужчынскіх каманд УВА прайшоў на пляцоўцы спарткомплексу Рэспубліканскага дзяр­жаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву. За ўзнагароды турніру змагаліся 12 каманд з 11 устаноў вышэйшай адукацыі нашай краіны: БДУІР, БДУ, БНТУ, БДУФК, МДЛУ, БДПУ імя Максіма Танка, БДСГА, ВДУ імя П.М.Машэрава, ГрДУ імя Янкі Купалы, ВДТУ і БрДУ імя А.С.Пушкіна. Перамагла каманда Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. 2-е і 3-е месцы занялі каманды Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У пяцёрку лідараў таксама ўвайшлі каманды Гро­дзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Варта адзначыць, што баскетбол 3´3 — маладая разнавіднасць баскетбола, якая імкліва развіваецца як ва ўсім свеце, так і ў нашай краіне. Як вынік — бронзавы медаль юнацкага Кубка Еўропы па баскетболе 3´3, які напярэдадні I Маладзёжнага фестывалю прайшоў у партугальскім Лісабоне. Акрамя таго, у сёлетнім сезоне беларускія каманды па баскетболе 3´3 заваявалі яшчэ тры ўзнагароды. У канцы жніўня ў венгерскім Дзебрацэне мужчынская юніёрская зборная Беларусі стала бронзавым прызёрам Кубка свету, а ў пачатку верасня юнакі і дзяўчаты заваявалі сярэбраныя медалі на I Гульнях краін СНД у расійскай Казані.

Падводзячы вынікі І Маладзёжнага фестывалю, старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандр Багдановіч адзначыў, што на турніры былі прадстаўлены найбольш папулярныя сярод студэнтаў віды спорту: “Мы глядзім, што новае прыходзіць у спорт, што цікава студэнтам, і зыходзячы з гэтага складаем універсіяды студэнцкага спорту. Усе яны — вельмі важныя для студэнтаў-спартсменаў, якія з’яўляюцца ядром і апорай моладзі, запалу, энергіі. БАСС і надалей будзе ладзіць як мага больш спартыўных мерапрыемстваў, далучаючы да іх студэнтаў”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.