Спазнаваць мінулае

- 9:48Культура

Музейная педагогіка з’яўляецца важным складнікам патрыя­тычнага выхавання навучэнцаў. Таму і рэспубліканскія семінары па гэтай тэматыцы праводзяцца кожны год. Нават пандэмія не была перашкодай. Пытанні дзейнасці школьных музеяў абмяркоўваліся анлайн. Нядаўні семінар упершыню за два гады прайшоў у вочным фармаце, ад чаго сустрэча сяброў (менавіта так можна сказаць пра педагогаў-музейшчыкаў) у Мінску была асабліва радаснай і плённай.

— Мы з вамі людзі матываваныя, зацікаўленыя і разумеем важнасць і актуальнасць заяўленай тэмы. Сёння мы павінны больш уважліва глядзець на нашых дзяцей, правільна фарміраваць іх светапогляд. А ў нас, педагогаў, для гэтага ёсць неабходныя рэсурсы, таму што большую частку дня навучэнцы праводзяць ва ўстановах адукацыі. І выкарыстоўваць гэтую магчымасць мы павінны цяпер, не адкладваючы на заўтра, — адзначыла галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Таццяна Васільеўна Драпакова.

Каб гэтая магчымасць выкарыстоўвалася эфектыўна, варта звярнуць увагу на прыярытэтныя напрамкі музейнай работы. Адным з іх з’яўляецца стварэнне экспазіцый ваенна-патрыятычнай тэматыкі ў кожнай установе адукацыі, што асабліва актуальна ў Год гістарычнай памяці. Па словах Таццяны Васільеўны, Міністэрствам адукацыі бу­дзе праведзены аналіз выканання даручэння па стварэнні такіх экспазіцый. Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства сумесна з Нацыянальным інстытутам адукацыі пры ўдзеле структурных падраздзяленняў органаў кіравання адукацыяй складаюць метадычныя рэкамендацыі, каб данесці да кожнага педагога, як правільна і эфектыўна працаваць з навучэнцамі ў гэтым напрамку.

Музеі, якія дзейнічаюць ва ўстановах адукацыі, — важны і па-свойму ўнікальны педагагічны рэсурс. Яны актуалізуюць мінулае, даюць магчымасць навучэнцам спазнаць і ацаніць падзеі мінулых гадоў, ператвараючы іх у гістарычную памяць.

Паспяховасць музейнай работы залежыць не толькі ад саміх педагогаў, але і ад цеснага міжведамаснага ўзаема­дзення, супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі з дзяржаўнымі музеямі, грамадскімі аб’яднаннямі. Ра­зу­меючы гэта, Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры рэалізуюць пілотны праект па бясплатным наведванні навучэнцамі 152 дзяржаўных музеяў. Ужо ёсць прамежкавыя вынікі. Так, за дзве апошнія серады верасня і кастрычніка дзяржаўныя музеі наведала 36 696 навучэнцаў, найбольшая колькасць якіх адносяцца да другой ступені навучання. Наколькі паспяхова рэалізуецца праект, будзе вядома ў студзені 2023 года, калі Міністэрства адукацыі прааналізуе эфектыўнасць узаемадзеяння ўстаноў адукацыі з дзяржаўнымі музеямі.

— Справа, якой мы займаемся, актуальная не толькі для Года гістарычнай памяці. Любая дзяржава прывівае сваім грамадзянам з дзіцячых гадоў каштоўнасці, што аб’ядноўва­юць народ. Аснову гэтых каштоўнасцей і складае спазнанне і любоў да малой радзімы, гісторыі, культуры сваёй краіны. І музеі, якія дзейнічаюць ва ўстановах адукацыі, — важны і па-свойму ўнікальны педагагічны рэсурс. Яны актуалізуюць мінулае, даюць магчымасць навучэнцам спазнаць і ацаніць падзеі мінулых гадоў, ператвараючы іх у гістарычную памяць, — паведаміла загадчык аддзела края­знаўства і патрыятычнага выхавання РЦЭіК Аляксандра Яўгенаўна Кравец.

Сёння ва ўстановах адукацыі краіны працуюць 1420 музеяў, з іх 209 маюць ваенна-гістарычны профіль, і практычна ва ўсіх музеях устаноў адукацыі ёсць экспазіцыі, якія адлюстроўваюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Знойдзеныя ў працэсе пошукава-даследчай работы артэфакты мінулага папаўняюць фонды музеяў устаноў адукацыі, уключаюцца ў сістэму гістарычных каштоўнасцей і становяцца інструментам фарміравання ў маладога пакалення гістарычнай памяці.

Гэта якраз і засведчылі педагогі, прадстаўляючы музейныя здабыткі кожнай вобласці. Сярод удзельнікаў семінара — Ларыса Уладзіміраўна Эйсмант, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце і кіраўнік музея Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета Мастоўскага раёна. Народны музей баявой славы, дарэчы, самы старэйшы ў краіне. Ён быў адкрыты ў лістападзе далёкага 1957 года, а ў сакавіку 1986-га музею прысвоена ганаровае званне народнага. Нядзіўна, што ў гэтай школе назапашаны багаты вопыт грама­дзянска-патрыятычнага выхавання. Не менш слаўных традыцый і ў сталічных школах №№ 120 і 67, гімназіі № 43, якія наведалі ўдзель­нікі семінара. Напрыклад, у 67-й школе з 1981 года дзейнічае ўнікальны Народны музей Батальёна беларускіх арлянят. У ім захоўваюцца звесткі пра 300 юных герояў (партызан, падпольшчыкаў, малалетніх вязняў, сыноў палка) і прадстаўлена больш за тысячу экспанатаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

Неабходна папулярызаваць музейную дзейнасць у СМІ, сацыяльных сетках, распрацоўваць рэгіянальныя праграмы развіцця дзейнасці музеяў, забяспечыць пастаянны ўлік і захаванне музейных фондаў, уключаць наведванне музеяў устаноў адукацыі ў рэгіянальныя турыстычна-экскурсійныя маршруты, працягваць рэалізацыю краязнаўчых, даследчых праектаў на базе музеяў, удасканальваць мадэль сеткавага ўзаемадзеяння музеяў сістэмы адукацыі і культуры.

— Нашы намаганні і далей павінны быць накіраваны на тое, каб музей ва ўстанове адукацыі заставаўся запатрабаваным для рэалізацыі пазнавальных, інтэ­лектуальных і творчых здольнасцей навучэнцаў. Для гэтага неабходна папулярыза­ваць музейную дзейнасць у СМІ, сацыяльных сетках, распрацоўваць рэгіянальныя праграмы развіцця дзейнасці музеяў, забяспе­чыць пастаянны ўлік і захаванне музейных фондаў, уключаць наведванне музеяў устаноў адукацыі ў рэгіянальныя турыстычна-экскурсійныя маршруты, працягваць рэалізацыю края­знаўчых, даследчых праектаў на базе музеяў, удасканальваць мадэль сеткавага ўзаемадзеяння музеяў сістэмы адукацыі і культуры, — адзначыла Аляксандра Яўге­наўна.

Калі слухаеш эмацыянальныя выступленні кіраўнікоў школьных музеяў, нельга не захапіцца іх неабыякавасцю, адданасцю важнай справе захавання гістарычнай памяці. Педагогаў такія выступленні натхняюць на далейшую стваральную працу, а нам, журналістам, падобныя семінары да­юць цікавыя тэмы для будучых газетных матэрыя­лаў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.