На пасяджэнні выніковай калегіі начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Башко падвёў вынікі работы сістэмы адукацыі Цэнтральнага рэгіёна, а таксама вызначыў асноўныя напрамкі работы на гэты год.
У рабоце калегіі прынялі ўдзел намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч, рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Жук, якія таксама выказаліся па асноўных пытаннях адукацыйнай палітыкі. Сярод прысутных — намеснікі старшынь райвыканкамаў, упраўленняў адукацыі, спорту і турызму, устаноў адукацыі абласнога падпарадкавання, лідары раённых арганізацый галіновага прафсаюза, прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці. У фармаце відэаканферэнцсувязі ўдзельнікамі сустрэчы змаглі стаць больш за 1200 педагогаў Мішчыны.

Як адзначыў Мікалай Башко, мінулы год даў старт значным ініцыятывам у галіне выхаваўчай работы. Цесная сувязь пакаленняў, патрыятычнае і маральна-духоўнае выхаванне, павага да ўрокаў мінулага і рэальная падтрымка маладзёжных ініцыятыў былі і застаюцца прыярытэтнымі кірункамі ў рабоце педагогаў. Рэалізавана задача па інтэграцыі ў адукацыйны працэс ваенна-патрыятычнага складніку: арганізавана ўзаемадзеянне ваенкамаў з кіраўнікамі ваенна-патрыятычнага выхавання, у вобласці з’явіўся першы ваенна-патрыятычны клуб “Доблесць”.
— Магутнай падтрымкай у выхаваўчай рабоце сталі курс факультатыўных заняткаў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”, цыклы гутарак і сустрэч са святарамі, а таксама работа профільных лагераў праваслаўнага краязнаўства. Вопыт арганізацыі лагера “Вытокі” сярэдняй школы № 24 Барысава, які быў прадстаўлены на VI з’ездзе настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД у Душанбэ, неабходна маштабаваць на ўсёй тэрыторыі вобласці, — звярнуў увагу прысутных Мікалай Мікалаевіч.
Летась быў зроблены акцэнт на распрацоўку запатрабаваных маршрутаў і падрыхтоўку экскурсаводаў. Зараз у планах інтэграваць школьныя музеі ў новыя экскурсійныя маршруты ў рамках адукацыйнага турызму.
У рэгіёне ўдзяляецца асаблівая ўвага павышэнню якасці і даступнасці дашкольнай адукацыі. Зроблены акцэнт на развіццё сучасных рэсурсных магчымасцей устаноў, стварэнне цэнтраў творчай і пазнавальнай актыўнасці, створана больш за тысячу месцаў, у тым ліку за кошт будаўніцтва дзіцячых садоў і развіцця варыятыўных форм.
На Міншчыне актыўна вырашаюцца задачы па ўдасканаленні адукацыйнага асяроддзя, будаўніцтва новых устаноў адукацыі. Толькі за два апошнія гады былі пабудаваны 15 устаноў дашкольнай адукацыі. Прынятыя меры ўжо сёння даюць свае вынікі. Пашыраецца спектр класаў прафесійнай накіраванасці, павялічылася колькасць навучэнцаў, якія вывучаюць прадметы на павышаным узроўні. Па шасці вучэбных прадметах вырас сярэдні бал удзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання. Палепшыліся паказчыкі рэспубліканскіх кантрольных работ па матэматыцы, фізіцы, біялогіі, лепшыя вынікі паказваюць дзеці пры вывучэнні фінансавай дасведчанасці.

Для адораных і высокаматываваных навучэнцаў арганізаваны профільныя лагеры па 16 вучэбных прадметах, дыстанцыйныя алімпіяды, вучэбныя курсы і кансультацыі з прафесарска-выкладчыцкім складам вядучых устаноў вышэйшай адукацыі. Але нягледзячы на станоўчую дынаміку, яшчэ ёсць над чым працаваць. Каманда вобласці на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах не дэманструе вялікіх поспехаў. Па дзевяці прадметах знізіўся найвышэйшы бал выканання навучэнцамі заданняў, а значыць, рэалізацыя комплексу мер па падрыхтоўцы навучэнцаў будзе на асаблівым кантролі.
— Неабходна забяспечыць каардынацыю дзейнасці з установамі вышэйшай адукацыі, бесперапыннае суправаджэнне педагогаў і навучэнцаў на ўсіх этапах падрыхтоўкі і правядзення рэспубліканскай алімпіяды, — адзначыў Мікалай Башко. — Павінны быць задзейнічаны лепшыя настаўнікі-практыкі на базе апорных устаноў адукацыі, рэсурсных цэнтраў. Важна аднавіць вядзенне электроннай базы даных, улік алімпіяднікаў, што пашырыць магчымасці вырашэння праблемы пераемнасці ў сістэме падрыхтоўкі адораных навучэнцаў.
У вобласці працягваецца работа па шырокім укараненні STEM-падыходаў у адукацыі. На новы ўзровень ўзняты пытанні забеспячэння абароны інфармацыі і ў цэлым стварэння бяспечнага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі.
У раёнах таксама будзе працягнута работа па пашырэнні сеткі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання, фарміраванні сеткі класаў з вывучэннем вучэбных прадметаў на павышаным узроўні, класаў прафесійнай накіраванасці. А ўстановы прафесійнай адукацыі сёлета пачнуць выкарыстоўваць новыя практыка-арыентаваныя формы ў прафарыентацыйнай рабоце і далучацца да праектаў “Навучэнец на тыдзень”, “Навучэнец на дзень”. Гэта дасць магчымасць школьнікам на канікулах паглыбіцца ў атмасферу адукацыйнага працэсу ўстановы прафесійнай адукацыі, бліжэй азнаёміцца з той ці іншай прафесіяй.
Назапашаны багаты вопыт арганізацыі інклюзіўнай адукацыі сёння трансліруецца падчас абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў. З мінулага года рэалізуецца абласная мадэль аказання комплекснай дапамогі дзецям з расстройствамі аўтыстычнага спектра і іх бацькам. Работа па фарміраванні адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя для навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця будзе працягнута.
У рамках работы калегіі адбылося традыцыйнае ўшанаванне пераможцаў абласнога конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” па выніках 2021 года. Лідзіруючыя пазіцыі ў сістэме адукацыі вобласці захоўваюць упраўленні па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага і Дзяржынскага райвыканкамаў. Узнагароды Міністэрства адукацыі, Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама і знакі “Выдатнік адукацыі” атрымалі лепшыя педагогі Міншчыны.
Марына КУНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.