На Магілёўшчыне праходзіць рэгіянальны этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020.
У конкурсе, які накіраваны на павышэнне прэстыжу рабочых прафесій, прымаюць удзел таленавітыя навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі вобласці, а таксама маладыя спецыялісты.
— Абласны конкурс цалкам адпавядае стандартам міжнароднага руху WorldSkills International. Ён праходзіць па 34 прафесійных кампетэнцыях у такіх галінах, як тэхналогіі будаўніцтва, вытворчыя і інжынерныя тэхналогіі, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, транспарт і лагістыка, сацыяльныя і персанальныя паслугі, творчыя прафесіі і мода. Асаблівасцю сёлетняга рэгіянальнага адбору стала запрашэнне нашых нацыянальных экспертаў, якія ўважліва сочаць за ходам правядзення ўсіх конкурсных мерапрыемстваў, — паведаміў начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі МДАІРА В.Г.Талсціхін.
У апошнія дні студзеня на базе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта прайшлі спаборніцтвы па кампетэнцыі “Зварачныя тэхналогіі”. Як паведаміла эксперт Т.П.Захарава, яны аб’ядналі восем удзельнікаў. Конкурсныя заданні прадугледжвалі выраб металічных канструкцый рознымі відамі зваркі.
— Сёння рабочыя прафесіі вельмі запатрабаваны на рынку працы. Зараз добры зваршчык часта можа быць больш патрэбным, чым бізнес-аналітык. Што наконт спаборніцтваў, то іх арганізавалі на вельмі высокім узроўні. Галоўнае — былі забяспечаны самыя сучасныя ўмовы для выканання заданняў удзельнікамі. Дарэчы, усе яны сапраўды захоплены выбранай справай і паказалі нядрэнную падрыхтоўку, — адзначыў нацыянальны эксперт кампетэнцыі “Зварачныя тэхналогіі” Павел Панушкін.
Абласны этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 будзе доўжыцца да сакавіка. Пасля журы па ацэнцы прадэманстраваных уменняў і навыкаў вызначыць лепшых канкурсантаў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.