Якая падрыхтоўка будучых педагогаў найбольш эфектыўная?.. Безумоўна, практыка-арыентаваная. Яе і абмеркавалі ўдзельнікі чарговай “Экспертнай пляцоўкі”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Удзельнікамі сустрэчы сталі:
- Святлана Іванаўна Грыб — першы намеснік дырэктара Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”;
- Кацярына Аляксандраўна Пятруцкая — дырэктар Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа;
- Кацярына Эдуардаўна Дубінская — дырэктар Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” і галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты”;
- Алена Васільеўна Жураўлёва — дырэктар Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа;
- Аляксандра Мікалаеўна Пятрова, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі.
Спектр кампетэнцый
— Сёння пры падрыхтоўцы спецыялістаў, у тым ліку і педагогаў, традыцыйная трыяда “веды — уменні — навыкі” дапаўняецца новай дыдактычнай адзінкай — вопыт дзейнасці. Як і дзе навучэнцы педкаледжаў набываюць свой першы педагагічны вопыт? Якія кампетэнцыі ў іх з’яўляюцца падчас практык і наколькі сістэма настаўніцтва спрыяе падрыхтоўцы будучых педагогаў?
Кацярына Пятруцкая:
— Педкаледжы заўсёды асобным радком ідуць у сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Па-першае, гэта сістэма ў сістэме, а па-другое, гэта ўзровень з традыцыямі, вялікай гісторыяй і кампетэнтнымі педагогамі. Сёння пры падрыхтоўцы ўсіх спецыялістаў часта гавораць пра блокі hard skills, soft skills і digital. Напрыклад, для машынабудаўнічага профілю hard skills — гэта эксплуатацыя станка, soft skills — універсальныя навыкі, а digital — калі станок з лічбавымі магчымасцямі.
Для нашых жа выпускнікоў усе гэтыя тры блокі абавязковыя, я сказала б, яны ўсе hard, бо педагог ужо немагчымы без камунікацый і лічбавых тэхналогій. Сёння абсалютна ўсе штодзённыя абавязкі настаўніка звязаны з навыкамі работы ў лічбавым полі. Дарэчы, набор гэтых кампетэнцый зараз фарміруецца, і мы з Міністэрствам адукацыі распрацоўваем праект прафесійных стандартаў. Раней мы працавалі над 28 выпускам Адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых “Пасады служачых, занятых у адукацыі”. У ім сфармуляваны патрабаванні да кожнай пасады спецыяліста, кіраўніка сістэмы адукацыі. Цяпер у шырокай педагагічнай грамадскасці вядзецца распрацоўка прафесійных стандартаў. Першы з іх павінен быць прыняты ў гэтым годзе і будзе тычыцца якраз узроўню ПТА і ССА. У ім ужо больш падрабязна раскрыюцца патрабаванні, што прад’яўляюцца да педработнікаў. На іх аснове і нам будзе прасцей фарміраваць адукацыйныя стандарты і вучэбна-праграмную дакументацыю.
Мы працуем над тым, каб нашы навучэнцы мелі спектр прафесійных, агульна-культурных і сацыяльных кампетэнцый, якія дапамогуць ім стаць паспяховымі.
Галоўнае, чаму мы вучым нашых дзяўчат і юнакоў, — вучыцца праз усё жыццё. Бо калі ты маеш справу з дзецьмі ў рамках жывога адукацыйнага працэсу, то, як бы ты ні рыхтаваўся, бясконца прапрацоўваючы свае канспекты і планы заняткаў, усё роўна можа ўзнікнуць нечаканае пытанне, да якога таксама трэба быць гатовым. Вядома, тыя, хто атрымлівае вышэйшую адукацыю ў завочнай форме ці скарочанай, гатовы да самаадукацыі.
Алена Жураўлёва:
— Адна з самых галоўных кампетэнцый, якую набываюць нашы навучэнцы на практыцы ў школах і дашкольных установах, — камунікатыўная. Бо яны маюць цесныя зносіны з вучнямі, старэйшымі настаўнікамі, калектывам школы і нават бацькамі.
Нясвіжскаму каледжу хутка 40 гадоў, і нашы навучэнцы прыходзяць на практыку да нашых жа выпускнікоў. Узнікае пераемнасць пакаленняў і абмен вопытам. Сучасныя навучэнцы больш разбіраюцца ў інфармацыйных тэхналогіях і вучаць карыстацца імі тых, хто даўно працуе ў школе. У сваю чаргу старэйшыя калегі даюць маладым асновы класічнай педагогікі. Ведаеце, ёсць інтуітыўная методыка, а ёсць тэхналогія. Гэта калі інтуіцыя маладога накладаецца на тэхналогію больш вопытнага настаўніка — ствараюцца шэдэўры.
На жаль, тэрмін навучання ў каледжах скарацілі да 2 гадоў і 10 месяцаў. За гэты час нашым навучэнцам неабходна ўвайсці ў прафесію, і мы абавязаны дапамагчы ім у гэтым, тут падключаецца і рэсурс настаўніцтва. Калі наш навучэнец прыязджае на першае працоўнае месца, то вельмі важна, каб побач аказаўся чалавек, які падтрымае яго ў выбары прафесіі. А калі ён прыходзіць на работу і разумее, што нікому не патрэбны, то, натуральна, расчароўваецца. Каб гэтага не адбывалася, мы, каледж, вядзём нашых выпускнікоў яшчэ два гады пасля заканчэння вучобы, а мэтавікаў і ўсе тры. Гэта значыць, мы цікавімся імі: як яны замацоўваюцца, што ў іх атрымліваецца, а што не, якая ў іх пазіцыя.
Канечне, бываюць выпадкі, калі нашы выпускнікі звяртаюцца да нас з просьбай аб пераразмеркаванні, бо, напрыклад, вельмі складаны калектыў у школе, у які не змог упісацца малады спецыяліст са сваім юнацкім максімалізмам. І мы дапамагаем. Часам на пераразмеркаванні прыходзіцца пераконваць маладога спецыяліста, што змена працоўнага месца не заўсёды мэтазгодная, бо працаваць над сабой давядзецца ўсюды. А яшчэ бывае і так: нашу выпускніцу на першым працоўным месцы нагрузілі не толькі ўрокамі, але і класным кіраўніцтвам і заменай у суседняй школе. Яна не вытрымала і прыехала да нас з просьбай аб пераразмеркаванні са словамі, што больш не можа. Мы ў адказ на гэта патэлефанавалі дырэктару, каб ён знізіў нагрузку, і дзяўчына засталася. Канечне, тут важна, каб і самі маладыя спецыялісты не замоўчвалі праблему.
— Педкаледжы заўсёды славіліся высокім узроўнем падрыхтоўкі спецыялістаў. Якія праекты спрыяюць прафесійнаму станаўленню будучых педагогаў?
Кацярына Пятруцкая:
— Адзін з нашых вядомых праектаў — “Адаптацыя ад А да Я”. Першакурснікі заўсёды маюць пытанні з адаптацыяй, якую мы ўжо разглядаем як прафесійную. Усім, хто пераступіў парог нашага каледжа, гаворым: “Добры дзень, калегі!”. У рамках гэтага праекта літаральна з першых дзён навучання аб’ядноўваем першакурснікаў у малыя ці вялікія творчыя групы, дзе ім неабходна арганізоўваць аднакурснікаў вакол сябе, арганізоўвацца самому, прэзентаваць сябе, прэзентаваць сваю работу і сваю групу, а пасля яшчэ выступаць з творчымі і крэатыўнымі ідэямі, прапановамі ды прасоўваць іх.
У канцы верасня мы праводзім “Першы фестываль для першых” сумесна з Мінскай гарадской арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Першакурснікі прадстаўляюць сваю групу з прафесійнага пункту гледжання: чаму яны выбралі гэтую прафесію, чаго яны чакаюць ад каледжа, якімі мараць стаць педагогамі. Калі яны расказваюць адно аднаму і ўсім нам пра сябе, то гэта дапамагае ім яшчэ больш зацвердзіцца ў правільнасці свайго прафесійнага выбару. Да таго ж і наша задача — за час навучання пераканаць іх у тым, што яны прыйшлі ў правільны каледж і выбралі лепшую прафесію, што тут яны змогуць стаць сапраўднымі педагогамі і ў будучыні прафесіяналамі.
Яшчэ на першым курсе рэалізуецца праект “Валанцёрскае асяроддзе”. Нашы навучэнцы пры дапамозе старшакурснікаў на працягу верасня і кастрычніка рыхтуюцца да сустрэчы з дзецьмі. Мы ім даём магчымасць у школах правесці так званую гадзіну для адпачынку ў групе прадоўжанага дня. Яны працуюць групамі па 3—4 чалавекі і страхуюць адна адну. Так, пакуль адна штосьці піша на дошцы, другая дапамагае выразаць, трэцяя — тлумачыць, чацвёртая — супакойвае дзетак. Такім чынам яны набываюць пазітыўны вопыт сустрэчы з дзецьмі і пазбаўляюцца страху перад імі.
Увогуле, нам само жыццё падказвае, як знайсці больш эфектыўныя шляхі і механізмы, што дапамогуць падрыхтаваць практыка-арыентаванага спецыяліста.
Сёлета ў Мінскім гарадскім педагагічным каледжы адкрыецца новая спецыяльнасць “Навучанне фізічнай культуры”.
Алена Жураўлёва:
— На выпуску нашы навучэнцы здаюць іспыт па спецыяльнасці, дэманструючы свае навыкі. Кожны з іх ідзе ў школу альбо дзіцячы сад з асабістым партфоліа. Усе нашы практыкі заканчваюцца абмеркаваннямі з педагогамі-кіраўнікамі практык. Прычым у нашым каледжы не проста падводзяць вынікі, а робяць гэта вельмі творча, выкарыстоўваючы розныя формы: прэзентацыі, канцэрты, капуснікі і г.д. Потым нашы навучэнцы абменьваюцца адно з адным лепшымі ўрокамі ў электронным выглядзе. Так яны збіраюць канспекты па ўсіх дысцыплінах пачатковай школы. Таму, прыйшоўшы на работу, адчуваюць сябе ўпэўнена.
Аляксандра Пятрова:
— Дарэчы, у рэспубліканскіх конкурсах прафмайстэрства прадстаўлены і кампетэнцыі па дашкольнай адукацыі, пачатковай, музычнай і нават па фізічнай культуры. Педагагічныя каледжы вельмі актыўныя і зацікаўленыя, кожны іх прадстаўнік стараецца паказаць сябе. Мы з 2014 года развіваем конкурсны рух, і спачатку ў ім былі прадстаўлены тэхнічныя спецыяльнасці, а з 2018 года вырашылі і дашкольнікаў паспрабаваць па вопыце Расіі. У выніку аказалася, што адна з самых відовішчных кампетэнцый — “Дашкольная адукацыя”, вакол яе заўсёды натоўп. Конкурсны рух дапамагае педагогам-пачаткоўцам развіваць уменне ўзаемадзеяння з гледачамі, а таксама праектныя кампетэнцыі, якія зараз наогул адны з самых важных.
Яшчэ хочацца сказаць, што навучэнцы, якія паступілі ў каледж пасля 9 класаў, першы год больш вывучаюць школьны кампанент, заканчваюць у паскораным рэжыме 10 і 11 класы. З другога курса пачынаюцца блокі спецдысцыплін і вучэбных практык, такіх як “Назіранні і пробныя заняткі з дзецьмі рознага ўзросту”, “Пробныя заняткі з дзецьмі дашкольнага ўзросту”, “Аздараўленча-выхаваўчая работа з дзецьмі ў летні перыяд”. На жаль, на базе 9 класаў навучанне зараз доўжыцца толькі 3 гады, таму ў нас вельмі інтэнсіўны адукацыйны працэс, дзеці напружана вучацца і, як правіла, практыка чаргуецца з тэорыяй.
У сваю чаргу вышэйшая школа больш накіравана на падрыхтоўку ўніверсальнага спецыяліста, бо там выкладаюць не толькі педагагічныя дысцыпліны, інклюзіўную адукацыю, карэкцыйную педагогіку, там яшчэ даецца вялікі складнік менавіта метадычнай работы і навукова-даследчай дзейнасці, кіраўнічы і іншыя кампаненты. Таму вышэйшая адукацыя больш фундаментальная. Выпускнікам каледжа яна неабходна для кар’ернага росту, бо з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй яны не змогуць стаць метадыстам або намеснікам дырэктара. А вышэйшая адукацыя дае магчымасць рухацца, развівацца, займацца навуковай, даследчай і эксперыментальнай дзейнасцю, што таксама важна. Бо ні падыходы новыя, ні тэхналогіі не з’явіліся б, калі б не было спецыялістаў, якія могуць развіваць гэтыя сферы.
Між іншым выпускнікі каледжаў з педагагічнымі спецыяльнасцямі — адны з самых актыўных у плане прадаўжэння адукацыі на ўзроўні вышэйшай школы. Наогул зараз тэндэнцыя атрымання адукацыі на працягу ўсяго жыцця як ніколі актуальная.
Сёння вельмі папулярная траекторыя атрымання адукацыі, у тым ліку і ў дзённай форме, асобамі, якім 35 і больш гадоў. Раней такія выпадкі на дзённай форме былі адзінкавымі.
А. В. Жураўлёва, А. М. Пятрова, К. А. Пятруцкая
Алена Жураўлёва:
— Напрыклад, з ліку нашых выпускнікоў на завочнае навучанне штогод паступае каля 70%. Ёсць і асабліва адораныя выпускнікі, якія хочуць далей займацца навукай, развіваць кар’еру, таму выбіраюць дзённае навучанне. Прычым многія паступаюць ва ўніверсітэт на іншыя спецыяльнасці, напрыклад, на матэматычны альбо філалагічны факультэт, аддаючы перавагу тым прадметам, якія ім лепш удаюцца. Такім чынам яны атрымліваюць двайную спецыяльнасць.
Стратэгія ўзаемадзеяння
— Што зменіцца ў час уступнай кампаніі — 2024 у педагагічных каледжах?
Аляксандра Пятрова:
— Мы працягнем павялічваць набор дзевяцікласнікаў. Кожны год, улічваючы патрэбы рэгіёна, мы гэты баланс планамерна перамяшчаем у бок менавіта выпускнікоў 9 класаў. Павялічыцца і доля прыёму на ўмовах бюджэтнага фінансавання. Паколькі мы рыхтуем кадры ў першую чаргу для сваёй сістэмы, то зацікаўлены ў размеркаванні выпускнікоў і іх абавязковай адпрацоўцы.
Сёння ў нашых каледжах па профілі “Педагогіка” ажыццяўляецца падрыхтоўка па 8 спецыяльнасцях. У 2023 годзе адбыўся набор па Агульнадзяржаўным класіфікатары Рэспублікі Беларусь АКРБ 011-2022 “Спецыяльнасці і кваліфікацыі”, дзе ўжо ўсе спецыяльнасці пераструктураваны. А значыць, створаны новыя адукацыйныя праграмы, цалкам перапрацаваны адукацыйныя стандарты, а таксама вучэбна-праграмная дакументацыя, якая стала даволі гнуткай, і тыпавыя планы змяніліся на прыкладныя. Цяпер прыкладны план складаецца з дзяржаўнага кампанента і кампанента ўстановы адукацыі, якая фарміруе яго ў залежнасці ад сваіх асаблівасцей, пэўных тэндэнцый развіцця педграмадскасці, заказчыкаў кадраў і іх патрабаванняў да будучых выпускнікоў.
Каледжы атрымалі магчымасць фарміраваць свой унікальны адукацыйны план з улікам сваёй спецыфікі. Больш за тое, дзякуючы эксперыментам і апрабацыі розных траекторый, якія педкаледжы правялі перад укараненнем АКРБ, у нас вучэбна-праграмная дакументацыя стала будавацца на модульнай аснове. Прычым і гэтыя модулі каледжы могуць вар’іраваць пад свае патрэбы. Адзначу: каледж усе гадзіны, адведзеныя на кампанент установы адукацыі, пры неабходнасці можа выкарыстоўваць для павелічэння якраз практычнага навучання.
Аднак я не разглядала б практыкаарыентаванасць выключна як павелічэнне гадзін практыкі. Практыкаарыентаванасць у разуменні Міністэрства адукацыі і метадычных структур — гэта арыентацыя на патрабаванні работадаўцаў. А значыць, тыя веды, уменні і навыкі, якія патрабуюцца на працоўным месцы ў дзіцячым садку або школе, мы павінны закласці ў змест адукацыйнай праграмы і рэалізаваць.
Вядома, наша дзейнасць накіравана ў першую чаргу на тое, каб задаволіць, па-першае, патрэбы нашых арганізацый, а па-другое, адукацыйныя патрэбы патэнцыяльных абітурыентаў. Гэта такая зладжаная сістэма, і ў нас шмат траекторый бесперапыннай адукацыі, калі нашы выпускнікі паступаюць ва УВА на скарочаную форму навучання і на завочную.
У нашай краіне 21 каледж рэалізуе праграмы педагагічных спецыяльнасцей — гэта даволі шмат. Яны штогод набіраюць каля 3 тысяч навучэнцаў на ўзровень ССА. Балы прыёму ў педкаледжы высокія, бо сюды паступаюць матываваныя абітурыенты, асабліва пасля 9 класаў.
Кацярына Пятруцкая:
— Мы сёлета адкрываем спецыяльнасць “Навучанне фізічнай культуры”. Яна новая для нашага каледжа, але не новая для рэспублікі. Нясвіжскі каледж першым адкрыў такую спецыяльнасць. Мы азнаёміліся з іх вопытам, вывучылі рынак у Мінску, і аказалася, што выпускнікі такой спецыяльнасці сёння вельмі запатрабаваны. Увогуле, кожны каледж у залежнасці ад запытаў заказчыкаў кадраў развівае тыя спецыяльнасці, якія запатрабаваны ў пэўным рэгіёне.
— Каб вырашыць кадравую праблему, трэба рабіць стаўку на мэтавае навучанне. Ці плануюць педкаледжы павялічваць мэтавы набор і ўвогуле якая тэндэнцыя развіцця гэтага напрамку?
Аляксандра Пятрова:
— У 2022 годзе мы набралі 387 мэтавікаў, а ў 2023-м — 414. Прырост заўважны. Нацэльваем на развіццё гэтага напрамку і калег, і заказчыкаў кадраў, якім рэгулярна нагадваем, што трэба і заяўкі актыўней падаваць, і самім шукаць патэнцыяльных абітурыентаў.
Мэтавая падрыхтоўка ў педкаледжах запатрабавана не толькі аддзеламі адукацыі, але і абітурыентамі.
Паводле абноўленных Правіл прыёму для атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі сёлета мы зможам набіраць да 50% мэтавікаў ад кантрольных лічбаў прыёму.
Мэтавае навучанне хоць і ўспрымаецца як павіннасць, што трэба будзе адпрацаваць пару гадоў, аднак калі абітурыент ведае, дзе будзе працаваць і гэта яго задавальняе, то мэтавае накіраванне становіцца гарантыяй, што яго месца ніхто не зойме.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА