Свайго росквіту сістэма адукацыі Клецкага раёна дасягнула, калі на пасаду начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме прыйшоў Анатолій Клімовіч. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

За 20 гадоў для ўстаноў агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Клеччыны было зроблена многае, а дасягненні навучэнцаў і педагогаў раёна неаднойчы станавіліся нагодай для гонару Міншчыны.
Без фармалізму
— Анатолій Мікалаевіч, вы пачыналі педагагічную дзейнасць выкладчыкам ваеннай падрыхтоўкі. Ці змяніліся прыярытэты работы ў гэтым кірунку і роля кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні?
— Выкладчыкам па ваенна-патрыятычным выхаванні я працаваў на першым рабочым месцы ў Коласаўскай сярэдняй школе Стаўбцоўскага раёна. Мне адначасова было і лёгка, і складана на гэтай пасадзе. Лёгка — таму што прыйшоў ва ўстанову маладым лейтэнантам адразу пасля ваенных збораў. Коласаўская сярэдняя школа знаходзілася на тэрыторыі вайсковай часці, у ёй вучыліся 840 навучэнцаў — дзеці ваеннаслужачых. Яны пастаянна жывуць у адпаведнай атмасферы. А значыць, я не мог быць горшым, чым мой папярэднік.
Прыярытэты работы па ваенна-патрыятычным выхаванні, сутнасць сістэмы савецкага часу і сістэмы, якая падтрымліваецца сёння, не змяніліся, засталіся тымі ж: патрыятызм, любоў да Радзімы, гатоўнасць яе абараняць, прафарыентацыя на ваенныя прафесіі і г.д. Але калі параўнаць тагачасныя падыходы навучання з тым, што маем зараз, то можна вылучыць станоўчыя і адмоўныя бакі. Раней прадмет меў практычную накіраванасць, у школах была выдатная матэрыяльная база, якая дазваляла вельмі блізка і дэталёва азнаёміцца з сістэмай армейскай падрыхтоўкі: падручнікі, наяўнасць зброі і г.д. Цяпер выкладанне ваеннай і медыцынскай падрыхтоўкі вядзецца па плакатах, што не мае практычнай эфектыўнасці, асабліва ў дачыненні да хлопчыкаў — яны павінны ўмець збіраць і разбіраць зброю на практыцы. Для таго каб змяніць гэта, неабходна развіваць мэтавую праграму па ўмацаванні вучэбна-матэрыяльнай базы прадмета.
— На чым рабілі акцэнт, працуючы выхавальнікам пазакласнай і пазашкольнай работы? Што сёння самае важнае ў гэтых напрамках і ці адрозніваюцца цяперашнія школьнікі ад тых, каго вы вучылі?
— Асноўныя кірункі выхаваўчай работы не змяніліся, а сучасныя вучні не такія, якім было колішняе пакаленне. Бацькі сучасных школьнікаў — гэта дзеці 1990-х. Я добра помню тыя часы і ведаю, як выхоўвалі навучэнцаў. Тады знік прынцып калектывізму — калектыўнай думкі, калектыўнай адказнасці. Замест яго прыйшоў індывідуалізм. Менавіта з ім у многім звязаны цяжкасці ў плане арганізацыі выхаваўчай работы. Калі прыйшоў працаваць у школу — гэта быў 1983 год, — дзеці былі вельмі самастойнымі. Ім можна было даручыць любую справу, і нават сумненняў не ўзнікала, што нешта не выканаюць. Яны ўсё рабілі без прымусу, бо тое пакаленне так было выхавана.
Сёння кожнае дзіця — індывідуальнасць з асаблівым унутраным светам, поглядамі, што вельмі добра і правільна. Але калектыўная справа і думка, якія раней аб’ядноўвалі, адсутнічаюць, іх вельмі цяжка рэалізаваць у рэальнасці.
У выхаваўчай рабоце самае страшнае — гэта якраз фармалізм яе правядзення. Мы можам падрыхтаваць цудоўнае мерапрыемства, пра якое ўсе будуць гаварыць і нават здымуць для ТіkТоk, але яно не будзе мець душы. Гэта будзе проста прыгожая карцінка. Але ці правільна так? Задача выхаваўчай работы сёння ў тым, каб кожнае дзіця, пачынаючы з дзіцячага сада, успрымала сябе не як асоба, вакол якой усё круціцца, а як асоба, якая складае частку вялікага свету, частку сям’і, класа, Радзімы і г.д.
— На працягу 19 гадоў вы былі дырэктарам школы. Якія патрабаванні прад’яўляліся тады і сёння да кіраўніка ўстановы адукацыі?
— У час майго кіраўніцтва дырэктар быў вопытным, ён многа ведаў, яго ўсе паважалі і ў калектыве, і ў грамадстве. Калі дырэктар ішоў на ўрок да настаўнікаў, гэта стварала пэўную напружанасць. Патрабаванні, якія выказваў кіраўнік, заўсёды былі абавязковымі да выканання. Сёння дырэктар — менеджар, адміністратар і гаспадар. Раней гаспадарчая функцыя таксама існавала і была важнай, але галоўным у рабоце быў менавіта педагагічны складнік. Зараз гэта адсутнічае, але існуе праблема ў тым, каб знайсці на пасаду дырэктара падыходзячую асобу, бо жадаючых нямнога. Чаго хаваць, функцыя менеджара, якая ўскладваецца на дырэктара, часам патрабуе ад яго здзейсніць немагчымае. Калектыў, які акружае кіраўніка школы, не такі, як быў у 1980-я і 1990-я гады. Раней людзі былі больш добрымі, а сёння кожны лічыць, што яго своечасова не ацанілі, не ўзвысілі і інш. Я ўпэўнены, што ацэнку чалавеку павінна даваць грамадства, а не ён сам. У нашых калектывах працуе многа людзей, якія лічаць сябе малаацэненымі. Гэта таксама можна назваць цяжкасцю ў рабоце дырэктара.
Самае галоўнае патрабаванне да добрага кіраўніка — высокі ўзровень адказнасці за тую справу, якую яму даручылі. Калі яму ўсё роўна, што адбываецца ва ўстанове і якой яна з’яўляецца, такі дырэктар ніколі не будзе добрым кіраўніком.
— Па якіх крытэрыях бачылі, што педагог яшчэ прафесійна не вырас, каб пачаць кіраваць?
— Я ніколі не даваў ацэнку людзям па тым, наколькі прыгожа яны размаўляюць, бо прывык рабіць канкрэтныя ўчынкі і таго ж чакаў ад калег. Не трэба прыгожых слоў і карцінак: паабяцаў — рабі. Перш за ўсё глядзеў на практычнасць, сумленнасць людзей. Дырэктар — публічны чалавек, ён павінен умець працаваць з калектывам. Калі не разумееш, як правільна, не саромейся спытаць. Уменне выслухаць і папрасіць дапамогі — гэта тыя якасці, якія неабходны кожнаму кіраўніку ў педкалектыве. Акрамя таго, дырэктар павінен умець размаўляць з усякім педагогам, з бацькамі.
Я прыйшоў на пасаду начальніка ўпраўлення па адукацыі пасля 19 гадоў работы ў школе. Са мной у дырэктарскім корпусе працавалі моцныя кіраўнікі, якія заўсёды былі побач і ведалі, што падмануць мяне немагчыма: работу дырэктара я ведаю знутры. Нерэальных задач перад кіраўнікамі школ ніколі не ставіў. Перш чым нешта ім даручыць, спачатку прымяраў на сябе, думаў, ці магу з гэтым справіцца. Кожны дырэктар ведаў: калі нешта прашу, значыць разумею, што ён гэта выканае на высокім узроўні, таму праблем з кіраўнікамі ў нас ніколі не было.
Іншае пытанне — апарат кіравання, яго памяняў на працягу года. У выніку атрымалася стварыць моцную каманду аднадумцаў, з якімі працаваў амаль усе свае 20 гадоў на пасадзе начальніка ўпраўлення. Гэта тыя людзі, якім не трэба было тлумачыць многа разоў ці правяраць іх работу. Яны ўсё разумелі з першага слова і рабілі сумленна.
Погляд на прафесію
— Знаходзячыся на пасадзе кіраўніка, наколькі скрупулёзна паглыбляліся ў праблемы настаўнікаў?
— Начальніку заўсёды неабходна ведаць, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца педагогі. Акрамя гэтага, трэба ўмець аналізаваць свае недахопы, бачыць прабелы ў рабоце і ўмела іх выпраўляць. Менавіта да такой сістэмы я імкнуўся, і ў гэтым мне дапамагала мая каманда. Не менш важна ўмець ставіць мэты. Як інакш зрабіць так, каб маленькі раён выглядаў не горшым, а ў нечым нават лепшым за іншыя, больш вялікія? У першую чаргу стаўка робіцца на вучэбную дзейнасць, на перамогі ў алімпіядах, конкурсах і інш. З першага года маёй работы на пасадзе начальніка агульны аб’ём дыпломаў абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў у нас дасягаў амаль 200 па розных кірунках. Так, у раёне штогод былі прызёры абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, творчых конкурсаў.
На фоне буйных раёнаў Міншчыны наш Клецкі маленькі па колькасці навучэнцаў, але мы ні ў чым не ўступаем калегам у сваіх дасягненнях.
Другі важны напрамак — выхаваўчая работа, якая ахоплівае шэраг сур’ёзных тэм, у тым ліку прафілактыку злачыннасці, наркаспажывання і інш. Калі пачынаў працаваць, колькасць зарэгістраваных злачынстваў сярод непаўналетніх была больш чым 40 выпадкаў, пры тым што ў раёне налічвалася 4000 дзяцей. У апошнія гады, калі сур’ёзна аб’ядналі намаганні ў вырашэнні вызначаных праблем, колькасць зарэгістраваных злачынстваў складала 3 выпадкі на 3000 дзяцей. Я ўпэўнены: гэтыя напрамкі выхаваўчай работы ні ў якім разе нельга ігнараваць.
Клецкі раён ганарыцца моцнай матэрыяльнай базай. Зразумела, буйныя раёны прыгожа выглядаюць за кошт таго, што ў іх будуюцца новыя мікрараёны, а значыць, з’яўляюцца новыя
ўстановы адукацыі з басейнамі, фізкультурнымі заламі. Нягледзячы на тое, што ў гэтым мы саступаем многім рэгіёнам вобласці, аснашчэнне і ўмовы, якія створаны ў нашых установах адукацыі, нічым не горшыя, чым у астатніх. Для мяне як для начальніка было важна зрабіць так, каб мы выглядалі на належным узроўні
з іншымі.
— У вас былі настаўнікі? Да каго прыходзілі па прафесійную параду?
— Маім настаўнікам і дарадчыкам як адміністратарам, метадыстам быў намеснік дырэктара Коласаўскай сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна Мікалай Мікалаевіч Мельнікаў. Менавіта з ім я пачынаў працаваць, калі прыйшоў у школу. Мікалай Мікалаевіч навучыў мяне ўсяму, што я ўмею.
Як на начальніка ўпраўлення значны ўплыў на мяне аказала тагачасны начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Таіса Іванаўна Данілевіч. З ёй мы працавалі 10 гадоў. Таіса Іванаўна стварыла моцную каманду кіраўнікоў, сярод якіх і сённяшні начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мікалай Мікалаевіч Башко — таксама моцны, разумны, прафесійны кіраўнік. З такімі людзьмі Мінскай вобласці вельмі пашанцавала.
— Анатолій Мікалаевіч, як, па вашым меркаванні, павысіць прэстыж прафесіі настаўніка?
— Праблема сёння хаваецца ў тым, што бацькі навучэнцаў разглядаюць педагогаў і сістэму адукацыі ў цэлым як сферу паслуг. Яны думаюць, што аддалі дзіця ў школу і на гэтым іх роля выканана, але гэта далёка не так. Самі педагогі з вучня чалавека не выгадуюць. Калі ў сям’і іншыя погляды на жыццё, адрозныя ад педагагічных, то нічога не атрымаецца, бо менавіта сям’я ў першую чаргу фарміруе дзіця як асобу. Першачарговую пуцёўку ў жыццё кожнаму з нас дае настаўнік, з якім мы ідзём побач усе 11 гадоў. Без настаўніка мы не сталі б ні кіраўнікамі, ні журналістамі, ні ўрачамі.
***
Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко:
— Я пазнаёміўся з Анатоліем Клімовічам, калі ён быў дырэктарам Грыцэвіцкай сярэдняй школы. Да яго заўсёды ставіліся па-рознаму. Хтосьці паважаў, хтосьці недалюбліваў, але абыякавых не было. Гэта чалавек, які ніколі не быў раўнадушным да сваёй працы. Так, часам Анатолій Мікалаевіч праяўляў жорсткасць, але, як паказаў час, гэта дапамагло ў вырашэнні вельмі важных пытанняў.
Анатолій Мікалаевіч заўсёды знаходзіў магчымасць сказаць людзям добрыя словы. Гэта чалавек, які зрабіў вельмі многае для мясцовай сістэмы адукацыі. Упэўнены, што стабільнасці сістэме, выбудаванай Анатоліем Клімовічам, хопіць на гады.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





