Стваральнікамі святочнага настрою ў навагоднім цераме Дзеда Мароза ў Гродне сталі і педагогі дадатковай адукацыі

- 13:00Новости

Галоўным месцам казкі для дзяцей у Гродне сёлета стаў Навагодні церам Дзеда Мароза ў самым сэрцы абласнога цэнтра. Займальныя майстар-­класы і гульнявыя праграмы для гасцей горада над Нёманам і яго юных жыхароў падрыхтавалі ў тым ліку педагогі дадатковай адукацыі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У першыя перадсвяточныя выхадныя цікавую забаўляльную праграму тут арганізавалі педагогі і навучэнцы гро­дзенскіх цэнтраў творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” і “Прамень”.

— Летась мы ўпершыню сталі актыўнымі стваральнікамі святочнага настрою ў цераме і гэтым разам улічылі папярэдні вопыт. Да майстар-класаў падрыхтаваліся больш чым грунтоўна з пункту гледжання расходнага матэрыялу, — з усмешкай адзначае дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і мола­дзі “Спектр” Гродна Ірына Савіцкая.

Усім, хто завітаў да гарадскога Дзеда Мароза, педагогі названай установы прапаноўвалі па­ўдзельнічаць адразу ў некалькіх майстар-класах. Госці з задавальненнем майстравалі паштоўкі ў розных тэхніках і сімвалы свята ў тэхніцы арыгамі. Самым жа папулярным майстар-класам стала дэкарыраванне аб’ёмных драўляных ёлак упрыгажэннямі.

— Да святочнага трыумфу на спецыяльным лазерным станку мы падрыхтавалі дэталі больш як для 30 ёлак. А сняжынак і зорачак у той жа тэхніцы вырабілі каля дзвюхсот… З задавальненнем іх дэкарыравалі стужкамі, фарбамі, бліскаўкамі і дзеці, і дарослыя. Чарга на нашы майстар-класы была не меншай, а часам нават большай, чым да галоўнага героя навагодніх свят — Дзеда Мароза, — дадае Ірына Савіцкая.

Варта адзначыць, што толькі праз майстар-класы педагогаў цэнтра творчасці “Спектр” за адзін вечар прайшлі больш за дзвесце чалавек. Педагогі гэтай установы дадатковай адукацыі дарылі жыхарам і гасцям горада атма­сферу свята і навагодняга чараўніцтва ў тым ліку праз інтэрактыўныя праграмы, флэш-мобы з удзелам роставых лялек. Дзеці і дарослыя разам са Снягуркай, Цмокам, Змяёй і Спектрыкам ва­дзілі карагоды, танцавалі, гулялі і спявалі навагоднія песні.

— Стваральнікамі святочнага настрою толькі ад нашай установы сталі больш за 20 педагагічных работнікаў. Вясёлая, святочная атмасфера зара­дзіла і нас, і гасцей радасным настроем і энергіяй. Хочацца верыць, што на ўвесь наступны год, — адзначыла Ірына Савіцкая.

Разам з тым святочная праграма ў цераме Дзеда Мароза стала і свое­асаблівай рэкламай устаноў дадатковай адукацыі. Многія цікавіліся магчымасцю ўдасканальваць свае творчыя навыкі ў адпаведных аб’яднаннях па інтарэсах.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота прадастаўлены ўстановай дадатковай адукацыі