Поўным ходам ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года ў Пастаўскім раёне. Робяцца ў асноўным бягучыя і касметычныя рамонты. Сур’ёзныя пераўтварэнні закранулі толькі сярэднюю школу № 1 Паставаў, а таксама сярэднюю школу і дзіцячы сад у Варапаеве. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Вялікая работа з заменай вокнаў і дзвярэй, рамонтам сталовай і санвузлоў праводзіцца сёлета ў Варапаеўскай сярэдняй школе і дзіцячым садзе, на што з раённага бюджэту па праграме развіцця малых гарадоў выдзелена 700 000 рублёў. Дарэчы, добраўпарадкаванне ў гэтым годзе закране ўвесь г.п.Варапаева, — расказала намеснік начальніка аддзела па адукацыі Пастаўскага райвыканкама Таццяна Русалоўская. — А ў сярэдняй школе № 1 Паставаў адбываецца мадэрнізацыя школьнага стадыёна. Фінансавыя сродкі, выдзеленыя на гэта дзяржавай, немалыя — 1 650 000 рублёў.
З 2020 года ўзначальвае 1-ю школу Паставаў Валерый Каліцкі. Да гэтага ён быў дырэктарам сельскай школы ў прыгарадзе, якую пасля аптымізацыі закрылі, а вучняў перавялі ў горад.
—Падрыхтавацца да новага навучальнага года ў сельскай школе, дзе вучацца 40 дзяцей, і ў гарадской, дзе 750 навучэнцаў, — вялікая розніца, — адзначае дырэктар. — Але заўсёды дапамагае калектыў. У нас працуюць 130 чалавек. Плячо падстаўляюць апякунскі савет школы і бацькоўскія камітэты. Перш за ўсё мы робім бягучыя і касметычныя рамонты. Прыводзім у парадак і фарбуем лесвіцы, сцены ў калідорах і кабінетах. Наш штогадовы клопат — падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона, закупка новага абсталявання.
У самым разгары работы па мадэрнізацыі школьнага стадыёна. Хутка тут з’явяцца гумавае пакрыццё і штучны газон на футбольным полі. Дзяцей парадуюць сучасныя баскетбольная і валейбольная пляцоўкі, бегавыя дарожкі, варкаўт-пляцоўка, трэнажоры, якія размесцяцца пад дахам, і іншыя прыстасаванні для заняткаў фізкультурай і спортам. Па перыметры стадыёна прадугледжана аўтаномнае асвятленне і відэаназіранне. Стадыён — аб’ект сацыяльны, займацца на ім змогуць усе жадаючыя жыхары раёна.
Падрадчыкам пры правядзенні работ выступіла будаўнічая фірма “Рассвет Поставский”. У дапамогу будаўнікам — навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа, якія працуюць па дагаворы падраду.
— Спартыўная зала школы таксама штогод абнаўляецца і папаўняецца спартыўным інвентаром і абсталяваннем, якое часткова закупляецца з пазабюджэтных сродкаў, атрыманых ад аказання платных адукацыйных паслуг вучням, — адзначае Валерый Мечыслававіч. — Да таго ж ва ўстанове ідзе актыўны збор макулатуры. У мінулым годзе сабралі 22 тоны. Самыя актыўныя вучні, якія здалі ад 150 кг, атрымалі прэміі ад УП ЖКГ Пастаўскага раёна. Выконваем і план па зборы металалому (100 кг у год з класа). Падтрымку аказваюць бацькі вучняў.
Праз цэнтралізаваную закупку ў пачатку лета ў школьную сталовую набылі новую пасудамыйную машыну. Параканвектамат тут з’явіўся два гады назад. Зараз паступае новае абсталяванне ў кабінет аблугоўвай і тэхнічнай працы па лініі Міністэрства адукацыі.
— Кожнае лета ва ўстанове працуюць вучнёўскія брыгады, — працягвае дырэктар. — Іх фінансаванне ажыццяўляецца праз раённы цэнтр занятасці з разліку 8—10 чалавек на школу. Сёлета нашы вучні на працягу тыдня выконвалі фарбавальныя работы. Усе матэрыялы выдзеліў цэнтр занятасці. Таксама ў рамках школьнага лагера працы і адпачынку дзеці штодня ўключаюцца ў розныя працоўныя актыўнасці пад кіраўніцтвам настаўніка Сяргея Маслоўскага.
А пасля абеду вучні прыходзяць займацца ў кабінет інфарматыкі да настаўніка Георгія Несцяровіча. Два гады назад сюды былі пастаўлены новыя камп’ютары, мультыборд і клас робататэхнікі (тры робакамплекты і 3D-прынтар).
Адукацыйны працэс — гэта не толькі чыстыя, утульныя кабінеты і сучаснае абсталяванне, але і кадры. Навучэнцаў у школе мытывуюць на тое, каб яны вярталіся ў калектыў, бралі мэтавыя накіраванні. Праз некалькі гадоў сюды павінны вярнуцца выпускнікі, якія зараз вучацца ў Віцебскім дзяржуніверсітэце: настаўнікі матэмытыкі, фізікі, пачатковых класаў.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара