Сутнасць і перавагі. Новыя правілы выпускной кампаніі 2023 года

- 12:27Школа управления

Ірына КАРЖОВА,
намеснік начальніка
Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй,
дашкольнай і спецыяльнай адукацыі,
начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі.



 

 

— Ірына Уладзіміраўна, як ідзе падрыхтоўка да правя­дзення выпускной кампаніі 2023 года?

— Выпускная кампанія наступнага года пройдзе ў новым фармаце і патрабуе актыўнай інфармацыйна-тлумачальнай работы ў грамадстве і педагагічнай супольнасці. Яшчэ ў сярэ­дзіне года пастановай Міністэрства адукацыі ад 11.07.2022 № 184 зацверджаны Правілы правядзення атэстацыі навучэнцаў пры засваенні зместу адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі. Была распрацавана Інструкцыя па арганізацыі і правядзенні цэнтралізаванага экзамену. Гэтыя матэрыялы разасланы ў органы кіравання адукацыяй усіх узроўняў, непасрэдна ў навучальныя ўстановы. 

Даты правядзення ЦЭ-2023: 14 мая — руская мова альбо беларуская мова; 21 мая — прадмет па выбары. Прадугледжаны рэзервовыя дні і іншыя тэрміны для тых, хто не змог прайсці ЦЭ ва ўстаноўленыя даты.
Рэзервовыя дні: 23 мая — руская мова альбо беларуская мова; 25 мая — прадмет па выбары.
Іншыя тэрміны: у ліпені ў час правядзення ЦТ у рэзервовыя дні і 21 жніўня — руская мова альбо беларуская мова; 23 жніўня — прадмет па выбары.

Нядаўна міністр адукацыі сустракаўся з кіраўнікамі ўпраў­ленняў і аддзелаў адукацыі ўсіх рэгіёнаў краіны. Работнікі міністэрства цесна супрацоўні­чаюць са СМІ: выступаюць на радыё і тэлебачанні, у розных выданнях, праводзяць прэс-канферэнцыі. У самім міністэрстве арганізавана прамая лінія, куды могуць патэлефанаваць усе жадаючыя і атрымаць патрэбную інфармацыю. Увогуле, на сайте нашага міністэрства створаны рубрыкі па тэме выпускной і ўступнай кампаній, дзе збіраюцца ўсе неабходныя звесткі. Акрамя таго, органам кіравання адукацыяй, педагагічным калектывам мы даручылі право­дзіць сістэматычную тлумачальную работу з усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу: педагогамі, навучэнцамі і іх бацькамі, у ходзе якой расказваць пра сутнасць і перавагі новай мадэлі выніковай атэстацыі. У гэтых мэтах неабходна праводзіць нарады ў педагагічных калектывах, сумесныя сходы навучэнцаў выпускных класаў і іх бацькоў. Вось і нашу гутарку хочацца выкарыстаць у асветніцкім кірунку, каб чытачам “Настаўніцкай газеты” патлумачыць, як будзе праходзіць выпускная кампанія.

— У чым перавагі новай ма­дэлі атэстацыі? 

— Перавагі відавочныя. Перш-наперш у новай мадэлі выніковай атэстацыі паменшана нагрузка на навучэнцаў (былі 4 экзамены, стала 2). Акрамя таго, мяняецца фармат правядзення іспытаў. Калі раней яны праходзілі ў пісьмовай і вуснай форме ва ўстановах адукацыі, то сёння будуць здавацца ў форме цэнтралізаванага экзамену. Сумяшчаюцца выпускная і ўступная кампаніі (вынікі выпускных экзаменаў залічваюцца пры паступленні ва УВА). Пры гэтым уніфікаваны формы правядзення выпускных і ўступных іспытаў, і ў выніку не спатрэбіцца дадатковая падрыхтоўка. Важна і тое, што на этапе выбару прадмета для здачы ЦЭ выпускнікам неабходна вызначыцца з далейшым профілем навучання, а зна­чыць, выбар будучай прафесіі перад далейшым паступленнем ужо будзе матываваным, а не выпадковым. Акрамя таго, настаўнік рыхтуе навучэнцаў адначасова да выпускных і ўступных іспытаў, таму не спатрэбяцца дадатковыя заняткі з рэпетытарам. У цэлым павышаецца адказ­насць настаўніка за вынікі сваёй працы і, адпаведна, якасць ведаў выпускнікоў. Істотнай асаб­лівасцю ЦЭ з’яўляецца тое, што яго вынікі будуць унесены ў сертыфікат, як і пры цэнтралізаваным тэсціраванні. Ацэньваюцца яны па 100-бальнай шкале, затым пераводзяцца ў 10-бальную, і сярэдняе арыфметычнае гадавой адзнакі і вынікаў ЦЭ выстаўляецца ў атэстат. Сам сертыфікат залічваецца пры паступленні ва ўстанову вышэйшай адукацыі.

— Ці супадаюць падыходы ў правядзенні ЦЭ і ЦТ?

— Вызначэнне пунктаў правядзення ЦЭ, пропуску ў гэтыя пункты, рассадка навучэнцаў ва аўдыторыях і іншае з’яўляюцца ідэнтычнымі з тымі падыходамі, якія выкарыстоўваюцца цяпер пры арганізацыі і правядзенні ЦТ.

Не дапускаецца фатаграфаваць экзаменацыйныя матэрыялы, выносіць экзаменацыйныя матэрыялы з аўдыторыі і пункта правядзення ЦЭ, мець пры сабе сродкі сувязі, даведачныя матэрыялы на любым носьбіце.

Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў, які займаецца правядзеннем цэнтралізаванага тэсціравання, будзе адказваць за тэхналагічнае суправаджэнне і цэнтралізаванага экзамену. Аднак, улічваючы, што ЦЭ — гэта выпускны экзамен, то яго правядзенне адрознівацца ад ЦТ. Пункты правядзення ЦЭ вызначаюць мясцовыя органы ўлады. Дастаўку ўдзельнікаў экзамену ў пункт яго правядзення, назад да школы і іх суправаджэнне ў абодва бакі забяспечваюць органы кіравання адукацыяй, непасрэдна ўстановы адукацыі. І гэта не залежыць ад таго, ці патрабуецца падвоз школьнікаў з сельскага пункта ў райцэнтр, ці размова ідзе аб перамяшчэнні ў самім раённым цэнтры, абласным горадзе ці ў Мінску. Калі трэба даставіць навучэнцаў грамадскім транспартам, то неабходна забяспечыць іх суправаджэнне некалькімі педагогамі на адну групу навучэнцаў. Гэта дазво­ліць суправаджаць навучэнцаў, якія ўжо завяршылі выкананне экзаменацыйнай работы, бо час на выкананне тэстаў па розных прадметах розны, і хуткасць іх выканання таксама адрозніваецца. Рэгістрацыя 11-класнікаў для ўдзелу ў ЦЭ, выдача пропускаў для ўваходу ў пункт ЦЭ і сертыфікатаў будуць ажыццяўляцца ва ўстанове адукацыі. Заўважу, што выпускнікі будуць накіроўвацца ў пункт ЦЭ толькі два разы для здачы самаго экзамену. Асноўныя напрамкі выпускной кампаніі былі адпрацаваны ў час рэпетыцыйнага ЦЭ, які прайшоў на базе 8 рэгіёнаў краіны. 28 студзеня плануецца рэпетыцыя экзамену ва ўсіх рэгіёнах. 

— Не менш адказным момантам на падрыхтоўчым этапе да выпускной кампаніі можна лічыць вызначэнне навучэнцамі прадметаў для здачы другога экзамену ЦЭ. Якія прадметы можна выбраць?

— Навучальная ўстанова павінна скласці спіс выпускнікоў, якія будуць здаваць той ці іншы прадмет па выбары. У лік вучэбных прадметаў, па якіх будзе праводзіцца цэнтралізаваны экзамен, уваходзяць фізіка, матэматыка, хімія, біялогія, замежная мова (англійская, нямецкая, іспанская, французская, кітайская), гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя (найноўшы час), геаграфія, грамадазнаўства. Звяртаем асаблівую ўвагу, што змяненне звестак адносна выбраных вучэбных прадметаў, мовы прадастаўлення экзаменацыйных матэрыялаў магчыма толькі да заканчэння тэрмінаў рэгістрацыі. І гэтая работа павінна быць завершана да 1 сакавіка. 

— Ірына Уладзіміраўна, якім будзе змест тэставых заданняў на экзамене? 

— Тэсты распрацаваны Рэс­публіканскім інстытутам кантролю ведаў. Тэсты сфарміраваны на аснове заданняў базавага ўзроўню засваення вучэбных праграм па вучэбных прадметах. У тэстах не выкарыстоўваюцца заданні павышанага пятага ўзроўню складанасці, а толькі 4-га. Пры гэтым да 75% павялічана коль­касць заданняў 1—3 узроўняў складанасці. Зменены працэнтныя суадносіны заданняў частак А і В. Частка В павялічана да 20—22 заданняў, частка А паменшана. Загадам Міністэрства адукацыі быў зацверджаны склад кантрольнай групы экспертаў для правядзення экспертызы экзаменацыйных заданняў, куды ўвайшлі спецыя­лісты Нацыянальнага інстытута адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і лепшыя педагогі-­прадметнікі з усёй краіны. Пасля дасканалай экспертызы тэстаў была пацверджана іх адпаведнасць базаваму ўзроўню засваення вучэбнай праграмы. Тэставыя заданні выкарыстоўваліся пры правядзенні рэпетыцый ЦЭ. Праверка паказала, што гэтыя заданні даюць магчымасць навучэнцу прадэманстраваць менавіта тыя веды, якія ён атрымаў за курс агульнай сярэдняй адукацыі.

— Хто з выпускнікоў можа быць вызвалены ад цэнтралізаванага экзамену?

— Ад здачы ЦЭ могуць быць вызвалены толькі пераможцы трэцяга (абласнога, мінскага гарадскога) і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Пераможцы трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах вызваляюцца ад аднаго цэнтралізаванага экзамену — па вучэбным прадмеце, па якім навучэнец стаў пераможцам. У атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі па гэтым прадмеце выстаўляецца 10 балаў. Пераможцы заключнага этапу рэспуб­ліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах вызваляюцца ад усіх цэнтралізаваных экзаменаў. У атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі па вучэбных прадметах, па якіх навучэнец стаў пераможцам, выстаўляецца 10 балаў, а па астатніх прадметах — гадавая адзнака. 

— Што прынята, каб пазбегнуць парушэнняў у час правядзення цэнтралізаванага экзамену?

— У Інструкцыі па арганізацыі і правядзенні цэнтралізаванага экзамену падрабязна вызначаны правы ўдзельнікаў ЦЭ і адказнасць за парушэнне патрабаванняў інструкцыі. Так, у прыватнасці, не дапускаецца фатаграфаваць экзаменацыйныя матэрыялы, выносіць экзаменацыйныя матэрыялы з аўдыторыі і пункта правядзення ЦЭ, мець пры сабе сродкі сувязі, даведачныя матэрыялы на любым носьбіце, іншае. За парушэнні правіл выпускнік будзе выдалены з аўдыторыі, а бланк адказаў не будзе правярацца. Такі навучэнец можа здаць экзамен толькі ў жніўні і тым самым страчвае права паступлення ва УВА. Таму ў мэтах пазбягання непаразуменняў лічым неабходным праводзіць ва ўстановах адукацыі сістэмную растлумачальную работу з навучэнцамі і іх бацькамі.

— Якія тэрміны завяршэння выпускной кампаніі? Ці бу­дуць яны адзінымі для ўсіх выпускнікоў?

— Выпускная кампанія завершыцца 10 чэрвеня 2023 года выпускным вечарам, на якім выпускнікі, якія здавалі цэнтралізаваны экзамен у асноўныя даты і рэзервовыя дні ў маі, ва ўрачыстай атмасферы павінны атры­маць атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі. Выпускнікі, якія здавалі цэнтралізаваныя экзамены ў ліпені, атрымаюць атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі ў індывідуальным парадку і змогуць удзельнічаць у конкурсе для залічэння ва ўстановы вы­шэйшай адукацыі. Выпускнікі, якія здавалі цэнтралізаваны экзамен у жніўні, таксама атрыма­юць атэ­стат аб агульнай сярэдняй адукацыі ў індывідуальным парадку, але ўдзельнічаць ва ўступнай кампаніі ва УВА ў 2023 годзе не змогуць. Аднак яны змогуць прадоўжыць навучанне ва ўстановах прафесійнай адукацыі.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.