Пасля капітальнага рамонту 1 верасня была ўрачыста адкрыта школа № 1 у Талачыне.
З Днём ведаў педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў сардэчна павіншаваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў і пажадаў поспехаў у плаванні па акіяне ведаў.
Вялікаму караблю — асноўнаму будынку школы — амаль 60 гадоў. Ён меў вострую патрэбу ў рэканструкцыі, якая і пачалася ў мінулым годзе: тут замянілі вокны, дах. Сёлета планавалася правесці добраўпарадкаванне, тэрмарэнавацыю. Планы нават перавыкананы: цалкам адрамантаваны яшчэ і першы паверх, дзе размешчана пачатковая школа, ва ўсіх кабінетах цяпер новая мэбля. Гарманічна ўпісалася ў новае аблічча
школы пабудаваная чатыры гады назад невялікая ўтульная сталовая.
Святочны настрой Дня ведаў найбольш адчуваецца не ў вялікіх гарадах, а ў райцэнтрах і вёсках. Для Талачына, які зараз рыхтуецца сустракаць абласныя “Дажынкі”, гэты дзень радасны ўдвая: колькасць самых юных жыхароў паступова павялічваецца, школьнікі тут ёсць амаль у кожнай трэцяй сям’і. Падчас урачыстай лінейкі старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў адзначыў, што 1 верасня — гэта яшчэ і свята ўспамінаў, бо ўсе дарослыя калісьці вучыліся ў школах.
— Вучоба — праца, якая патрабуе волі, цярпення, зацятасці. Кіраўніцтва рэгіёна робіць усё магчымае, каб вы маглі выдатна вучыцца, — падкрэсліў старшыня аблвыканкама. — Дастаткова сказаць, што 28 працэнтаў гадавога бюджэту вобласці ідзе на адукацыю. Гэта вялікая сума, і значная яе частка была накіравана на рамонт, рэканструкцыю школ, гімназій, ясляў-садоў Віцебшчыны. Вось і вы сёння не пазнаеце сваю школу: яна змянілася і звонку, і ўнутры. І нам прыемна, што вы атрымаеце ад сустрэчы з ёй толькі станоўчыя эмоцыі. А каб яны сталі яшчэ ярчэйшыя, мы вырашылі зрабіць падарунак ад аблвыканкама — камп’ютарны клас!
Дзень ведаў для дарослых і юных гаспадароў установы адукацыі быў адзначаны і іншымі прыемнымі сюрпрызамі. Райвыканкам падарыў школе музычную і гукавую апаратуру для актавай залы. Па добрай традыцыі Мікалай Шарстнёў уручыў першакласнікам падарунак ад кіраўніка дзяржавы — кнігу “Беларусь — наша Радзіма”. Ён расказаў, што пад яе вокладкай сабраны апавяданні пра самае лепшае, што ёсць у нашай краіне. У адказ дзеці падзяліліся гісторыямі з уласнага жыцця: пра тое, як яны дапамагаюць сваім бацькам збіраць ураджай, як устанаўліваюць разам з дарослымі на дрэвах і слупах каля дамоў асновы для гнёздаў птушак шчасця — буслоў. Надзеі абавязкова спраўдзяцца!
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота Вольгі ЛЕБЕДЗЕВАЙ.




