Свята актыўнасці і весялосці

- 10:57Спартыўныя падзеі

У суботу ў НДЦ “Зубраня” прайшло вялікае спартыўнае свята. У праграме былі сонца, атракцыёны, спаборніцтвы, роставыя лялькі і шмат энергіі.

Вялікае спартыўнае свята — традыцыйнае мерапрыемства для “Зубраняці”, якое праходзіць на працягу больш чым 50 гадоў. Кожны год яно мяняецца і паляпшаецца, таму нават тыя дзеці, што прыязджаюць не першы раз, знаходзяць для сябе нешта цікавае.

У цэнтры адпачывае 1250 чалавек, сабраць іх адначасова на адной пляцоўцы не дазваляе эпідэмічная сітуацыя, таму свята па чарзе наведвалі розныя ўзроставыя групы. Спачатку атрады ішлі строем да стадыёна. Тыя, хто ўзначальваў калону, неслі лагатып “Зубраня” і рознакаляровыя сцягі. Затым — круг гонару па бегавой дарожцы. Першыя бегуны задаюць настрой: нясуць у руках алімпійскі агонь, “ляцяць” па стадыёне спакойна і ўпэўнена. За імі бягуць будучыя ўдзельнікі свята. Яны больш свабодныя ў рухах, усміхаюцца на камеру і не забываюць памахаць. Пасля прабежкі — невялікі канцэрт у якасці перадышкі. І, нарэшце, пачынаецца самае галоўнае.

— Мы ўсталявалі некалькі надзіманых канструкцый, каб навокал было ярка і маляўніча. Гэта асабліва важна для дзяцей малодшага ўзросту, якія яшчэ не выбралі свой спартыўны шлях і на свяце могуць мытываваць сябе на заняткі спортам, — кажа загадчык аддзела фізкультурна-аздараўленчай работы НДЦ “Зубраня” Андрэй Андрэеў. — Само свята праходзіць па некалькіх напрамках. Першы — эстафета, дзе трэба на надзіманых акулах праскакаць камандай да пэўнага пункта, прайсці праз надзіманую паласу перашкод, трапіць мячыкам у цэль, учацвярых прабегчы дыстанцыю ў вялікіх портках і інш. Другі напрамак — зона актыўнасцей, дзе “зубраняты” могуць паспрабаваць свае сілы і проста павесяліцца.

Сярод гэтых актыўнасцей — бокс на надзіманым рынгу з велічэзнымі рукавіцамі, сумо ў цяжкіх касцюмах-матрошках, бег у вялікіх чаравіках і ластах і інш. Трэці напрамак — пляцоўка “Мінута спартыўнай славы”, дзе выхаванцы ставілі свае рэкорды ў розных намінацыях: скачкі са скакалкай, чаўночны бег, скачкі з месца, адцісканні, падцягванні, перадача валейбольнага мяча над сабой і г.д. Паралельна праходзіў бліц-турнір па шашках і шахматах, конкурс малюнкаў “Пасябруй са спортам”, “Зубраняцкае ралі” — заезды на дзіцячых машынках, электрычных квадрацыклах і фігурнае ваджэнне веласіпеда. Пасля абеду дзяцей чакалі спартыўныя спаборніцтвы. Старэйшую ўзроставую групу — па баскетболе і валейболе, сярэднюю — па піянерболе і міні-футболе, малодшую — па гульні “Снайпер” (па прынцыпе выбівалаў) і міні-футболе. Трэцяя ўзроставая група згуляла таварыскі матч па футболе.

— На свяце так шмат актыўнасцей! Мне асабліва спадабалася паласа перашкод. Шкада толькі, што вельмі горача, — дзеліцца Паліна Новік. Даніілу Гарыфаву больш за ўсё запомнілася сумо, таму што касцюмы цяжкія, а ў іх яшчэ трэба выкінуць саперніка за межы татамі. А вось Ягору Сабаленку спадабаліся ўсе конкурсы. Іх плюс у тым, што яны не надта складаныя, таму кожны можна паспрабаваць свае сілы.

Правесці на такім свяце хаця б паўгадзіны — значыць зарадзіцца энергіяй і весялосцю мінімум на дзень. А на наступны будуць ужо новыя мерапрыемствы, якія дазволяць падоўжыць гэтае прыемнае пачуццё да канца змены.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.