Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2021” адбыўся ў Магілёве.
На чарговы, дваццаць чацвёрты па ліку, фестываль было заяўлена 180 фільмаў з 28 краін свету. Па рашэнні экспертнай камісіі ў конкурсную праграму свята анімацыі было ўключана 112 фільмаў. На ўжо традыцыйны конкурс дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, які праводзіцца ў межах фестывалю, даслалі 179 работ. Адметна, што ўсе іх стварылі юныя таленты з Беларусі.
На працягу трох кастрычніцкіх дзён жыхары і госці Магілёва маглі акунуцца ў свет дзяцінства, казкі і мультыплікацыі. У рамках фэсту праходзілі не толькі запланаваныя паказы конкурсных кінапраграм, але і тэматычныя выставы, майстар-класы, творчыя выступленні.
Лепшых удзельнікаў фестывалю назвалі на ўрачыстай цырымоніі закрыцця. Гран-пры “Анімаёўкі” сёлета заваяваў бразільскі мультфільм “Аўрора — вуліца, якая хацела стаць ракой”. Шэраг анімацыйных фільмаў быў адзначаны ў разнастайных намінацыях. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі і пераможцы конкурсаў — дзіцячай анімацыйнай творчасці, дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Рамана РУЦКАГА.