Пра галоўныя вынікі бягучага 2024 года і планы на 2025-ы, пра людзей і падзеі на Івацэвіччыне, якімі можна бясконца ганарыцца, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік аддзела па адукацыі Івацэвіцкага райвыканкама Святлана Патоцкая.
— Якіх поспехаў дасягнулі прадстаўнікі сістэмы адукацыі Івацэвіцкага раёна ў 2024 годзе? Кім і чым вы асабліва ганарыцеся?
— Галоўная наша гордасць — дасягненні навучэнцаў. Па выніках цэнтралізаваных экзаменаў у нас дзесяць 100-бальных вынікаў. Мы ганарымся нашым навучэнцам сярэдняй школы № 4 Івацэвіч Мікітам Басалаем, які дабіўся найвышэйшага выніку ў вучобе — 400 балаў з чатырохсот магчымых. Нашы выпускнікі па выніках мінулага навучальнага года атрымалі 35 медалёў.
Своеасаблівы важкі вынік нашай работы — падрыхтоўка і святкаванне ў Івацэвічах Дня беларускага пісьменства. Да гэтага грандыёзнага свята ў горадзе былі адрамантаваны ў рамках капітальнага і бягучага рамонтаў сярэднія школы №№ 1 і 4.
Стала традыцыяй правядзенне балю адоранай моладзі ў палацы Пуслоўскіх, у бягучым годзе ў нас адбыўся пяты, юбілейны, баль. Палац прыняў больш за 30 юных удзельнікаў свята, завіталі да нас і госці — моладзь Ганцавіцкага раёна. Яшчэ адзін баль у палацы Пуслоўскіх, які мы арганізавалі ў 2024 годзе ўпершыню, — Велікодны баль у рамках узаемадзеяння з асацыяцыяй школ Беларусі і Расіі. На свяце былі прадстаўнікі Брэсцкай вобласці і горада Балтыйска (Расійская Федэрацыя). Паколькі ў названую асацыяцыю ўваходзіць сярэдняя школа № 3 горада, то яна і была арганізатарам Велікоднага балю.
Сярэдняй школе № 4 Івацэвіч у 2024 годзе прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Мікалаевіча Мультана. У школе створана экспазіцыя героя, зроблены выставачны стэнд — для сістэмы адукацыі гэтая падзея таксама стала важкай і знакавай. У 1-й школе горада 17 верасня гэтага года адбылося ўрачыстае адкрыццё профільных класаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, рады юных ратавальнікаў папоўнілі 28 навучэнцаў з 1 “А” і 30 з 5 “А” класа. А вось дзіцячаму саду № 5 прысвоены статус Школы міру — першай установе дашкольнай адукацыі на Брэстчыне.
Вельмі ганаруся яшчэ адным нашым дасягненнем: у Год якасці напярэдадні Дня настаўніка ў Цэнтры дзіцячай творчасці Івацэвіч адкрыўся музей гісторыі адукацыі Івацэвіцкага раёна. Работа ішла некалькі гадоў, рэалізацыя ідэі стала магчымай дзякуючы зладжанай рабоце каманды аднадумцаў — ад ветэранаў педагагічнай працы да маладых яе прадстаўнікоў. З адкрыццём музея яго работа толькі пачалася, ёсць планы па далейшым напаўненні экспазіцыі. І гэта натхняльна.
— Амбіцыйныя планы сабе паставілі на бягучы навучальны год? Да якога выніку імкняцеся асабіста, Святлана Мікалаеўна?
— Галоўны план на навучальны 2024/2025 год — не знізіць тэмпы і не пагоршыць вынікі. Планку мы ўзялі высокую. Канечне, хацелася б, каб яна не зніжалася, а толькі расла. Калі па выніках 2023 года аддзел па адукацыі стаў 3-м у вобласці, то хацелася б ісці наперад і ўбачыць вынік 2024 года таксама ў выглядзе ўзнагарод. Калі гаварыць пра мае асабістыя планы, то немагчыма, напэўна, знаходзячыся на гэтай пасадзе, падзяліць асабістае, грамадскае і агульначалавечае. Таму для мяне, як і для кожнага беларуса, галоўнае, пра што мару, — гэта мірнае неба над галавой. Упэўнена, калі мы разам, калі мы адзіная каманда, то ў нас усё атрымаецца.
— Як у раёне ідзе падрыхтоўка да знакавай падзеі студзеня 2025 года — выбараў у Рэспубліцы Беларусь? Ці задзейнічана ў працэсе сістэма адукацыі?
— Наступны год вельмі важны для ўсёй нашай краіны і сістэмы адукацыі ў тым ліку. Педагогі раёна актыўна ўключыліся ў электаральную кампанію, праходзіць шмат мерапрыемстваў да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Педагагічныя работнікі раёна ўведзены ў склад ініцыятыўных груп, зараз ідзе збор подпісаў. Ёсць прадстаўнік адукацыі і ў складзе раённай камісіі. Мы разумеем, што нас чакае вельмі значная і адказная падзея. На базе нашых 13 устаноў адукацыі разгорнуцца ўчасткі для галасавання, мы іх адпаведна падрыхтавалі, у тым ліку забяспечылі відэаназіраннем. Упэўнена, што выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пройдуць на самым высокім узроўні як у нас на івацэвіцкай зямлі, так і ў краіне ў цэлым.
Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара