Сяброўства мацнее ў сумесных справах

- 11:08Навіны рэгіёнаў

На Віцебшчыне ў рамках рэспубліканскага праекта “Парк сямейных дрэў” прайшоў адзіны дзень па закладцы новых паркаў, алей і сквераў.

Прымеркаваную да Года народнага адзінства акцыю правялі ў 15 раёнах вобласці. Напрыклад, у сярэдняй школе № 47 Віцебска імя Я.Ф.Іваноўскага маладыя настаўнікі разам з кіраўніком адміністрацыі Першамайскага раёна Яўгенам Сямёнычавым і першым сакратаром Віцебскага абкама БРСМ Уладзімірам Бабічавым абмеркавалі актуальныя для моладзі пытанні ў фармаце адкрытага дыялогу, а затым заклалі сад і капсулу часу са зваротам да нашчадкаў, што будзе адкрыта праз 25 гадоў. Тэрыторыю школы ўпрыгожылі 16 яблыневых дрэўцаў — па колькасці педагогаў, хто робіць тут першыя крокі ў прафесію. Па словах Яўгена Сямёнычава, педагагічныя калектывы раёна сёлета папоўнілі 84 маладыя спецыялісты, з кожным годам іх становіцца ўсё больш. Пачатак прафесійнага шляху — важны і адказны этап у жыцці чалавека, які хочацца захаваць у памяці. А яблыневы сад — сімвал надзеі і пачатак новай традыцыі. Яна будзе прымнажацца: закладваць новыя алеі і сады ва ўстановах адукацыі вырашана штогод. На дрэвы з імяннымі таблічкамі маладыя спецыялісты павязалі чырвона-зялёныя стужачкі, сімвал агульнарэспуб-ліканскага праекта “Роднае-народнае”.

У Оршы ў Парку Герояў актывісты БРСМ высадзілі дрэвы разам з прадстаўнікамі раённых структур грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый. На Шаркаўшчыне маладыя сем’і паўдзельнічалі ў адкрытым дыялогу “Беларусь: учора, сёння, заўтра” ў вялікай зале раённага выканаўчага камітэта і дружна высадзілі больш за 30 дрэўцаў на вуліцы Вадап’янава. 

Як падкрэсліў Уладзімір Бабічаў, праект нацэлены на фарміраванне ў моладзі традыцыйных сямейных і агульначалавечых каштоўнасцей, духоўнага аблічча маладога пакалення, павагі да традыцый, гісторыі і культуры народа, пашырэнне сферы зносін моладзі ў сумеснай дзейнасці, аднаўленне прыроднага балансу і экалогіі ў месцы пражывання праз стварэнне і падтрыманне лясных масіваў, азеляненне населеных пунктаў, развіццё паркавых тэрыторый і ў цэлым стварэнне дадатковай зоны рэкрэацыі з фарміраваннем грамадска карыснай традыцыі — высадкі дрэў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абкамам БРСМ.