Таццяна Асмалоўская — аб пытаннях арганізацыі і правядзення летняй аздараўленчай кампаніі

- 10:08Компетентно, Школа управления

Таццяна Асмалоўская, кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі, расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” аб арганізацыі і правядзенні летняй аздараўленчай кампаніі.

— Таццяна Вітальеўна, раскажыце, калі ласка, пра стан спраў па арганізацыі і правядзенні сённяшняй летняй аздараўленчай кампаніі? Што гавораць лічбы?

— Міністэрствам адукацыі ва ўзаемадзеянні з зацікаўленымі ведамствамі, з Беларускім рэспуб­ліканскім саюзам моладзі прыняты меры па якаснай і эфектыўнай арганізацыі аздараўлення і занятасці навучэнцаў у летні канікулярны перыяд 2024 года. З улікам патрэбнасцей дзяцей і моладзі распрацаваны міжведамасныя праграмы летняй занятасці. У красавіку — маі ў рэгіёнах праведзена абарона абласных праграм занятасці навучэнцаў “Лета-2024”. 1 чэрвеня дадзены старт рэспубліканскай акцыі “Эфектыўнае лета”, дэвіз якой “Наша лета эфектыўнае: з карысцю, яркае, крэатыўнае!”.

З мэтай арганізацыі тэматычнага вольнага часу і максімальнага прыцягнення моладзі да актыўнага адпачынку на працягу чэрвеня функцыянавалі маладзёжныя пляцоўкі, на якіх праводзіліся спартыўныя спаборніцтвы, турніры, эстафеты. На школьных спартыўных пляцоўках праведзены мерапрыемствы ў рамках рэс­публіканскіх акцый “Лета на здароўе” і “Лета — пара спартыўная!”. Напрыклад, спартыўна-культурны фестываль “Вытокi” прайшоў у пашыраным фармаце ў Пружанах Брэсцкай вобласці, а ў Кармянскім раёне Гомельскай вобласці праве­дзена спартыўнае свята “Мы ра­зам, мы адзіныя”. З мэтай папулярызацыі спорту і здаровага ладу жыцця арганізаваны прагляды спаборніцтваў па відах спорту, якія право­дзяцца ў рамках Міжнароднага мультыспартыўнага мерапрыемства “Спартыўныя гульні краін БРІКС” у Казані Расійскай Федэрацыі.

Запланавана работа школьных стадыёнаў і дзіцячых пляцовак устаноў адукацыі з замацаваннем адказных педагогаў у дзённы і вячэрні час, спартыўных баз дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ.

Па стане на канец чэрвеня арганізавана работа 4055 аздараўленчых (спартыўна-аздараўленчых) лагераў. У іх аздароўлена 212 тысяч навучэнцаў (54% ад плана): у 3549 лагерах з дзённым знаходжаннем — 176,5 тысячы дзяцей (77,7% ад плана); у 506 лагерах з кругласутачным знаходжаннем — 35,7 тысячы дзяцей (21,5% ад плана). Асаблівая ўвага ўдзяляецца арганізацыі аздараўлення дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей-інвалідаў. У першую летнюю змену прайшлі аздараўленне каля 4 тысяч дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і 3,2 тысячы дзяцей-інвалідаў.

— Якая тэматыка сёлетніх змен у аздараўленчых лагерах?

Тэматыка накіравана на выхаванне ў навучэнцаў павагі да традыцыйных каштоўнасцей беларускага народа, папулярызацыю дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, пашырэнне і паглыбленне ведаў дзяцей аб гісторыі краіны праз правядзенне мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці, прысвечаных Году якасці, папулярызацыю здаровага ладу жыцця. Напрыклад, у аздараўленчым лагеры “Сузор’е” ў Гродзенскай вобласці адбылася змена “Галактыка “Сузор’е” ў гонар касмічнага палёту першага беларускага касманаўта ў гісторыі суверэннай Беларусі. У аздараўленчым лагеры “Чайка” ў Мінскай вобласці арганізавана змена для выхаванцаў творчых калектываў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. На базе Маладзечанскай санаторнай школы-інтэрната адкрыты профільны лагер для навучэнцаў 8—10 класаў з мэтай падрыхтоўкі да рэспубліканскай алімпіяды па розных прадметах. У аздараўленчых лагерах Магілёўскай вобласці рэалізаваны тэматычны праект “Мая Зямля Прыдняпроўе”. Профільны аздараўленчы лагер для вучняў Мінскага гарадскога кадэцкага вучылішча адкрыты на базе вучэбнага цэнтра Інстытута пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь (Смаргонь). Ёсць шмат іншых прыкладаў.

Папулярныя гэтыя летам мерапрыемствы рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Крок да поспеху”, які прадугледжвае ўдзел дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, медыйных персон, спартсменаў, зорак беларускай эстрады і кіно, кіраўнікоў вядучых прадпрыемстваў краіны і рэгіёнаў. Цікавыя сустрэчы прайшлі ва ўсіх дзіцячых аздараўленчых лагерах. На іх базе адбыліся мерапрыемствы з удзелам кіраўніцтва Міністэрства адукацыі, іншых міністэрстваў і ведамстваў, прадпрыемстваў і арганізацый. Напрыклад, у лагеры на сустрэчу з дзецьмі прыехалі кіраўнікі вядучых прадпрыемстваў краіны “Спартак”, “Гомсельмаш”, “Камінтэрн” і інш. А выхаванцы Нацыянальнага дзіцячага адукацыйнага цэнтра “Зубраня” сустрэліся з касманаўтамі А.Навіцкім і М.Васілеўскай. У сваю чаргу дзеці аздараўленчых лагераў працягнулі традыцыю сустракацца з калектывамі прадпрыемстваў-флагманаў, наведваць аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны. Сярод іх ААТ “БЕЛАЗ”, ААТ “МАЗ”, гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”, Мірскі замак, Лідскі замак і інш.

— Ці наладжана ўзаема­дзеянне з сацыяльнымі партнёрамі ў правядзенні актыўнага і цікавага летняга адпачынку і аздараўлення?

Мы актыўна супрацоўнічаем з прадстаўнікамі вайсковых часцей і злучэнняў Міністэрства абароны, МУС, Дзяржпагранкамітэта, МНС, ДТСААФ. Сумеснымі намаганнямі былі праведзены ваенна-патрыятычныя гульні “Зарніца”, “Арляня”, інтэрактыўныя гутаркі з праглядам тэматычных відэафільмаў, дэманстрацыя ваеннай тэхнікі і г.д. Міністэрствам культуры рэалізуецца пералік культурна-відовішчных мерапрыемстваў і спектакляў тэат­раў рэспубліканскага і мясцовага падпарадкавання, якія рэкамендуюцца для наведвання дзецьмі ў перыяд канікул. Арганізаваны прагляд фільмаў пра гісторыю і культуру Беларусі (“Дакументальны летапіс Беларусі”, “Спадчына”, “Беларусь. Адзінства” і інш.), ваенна-патрыя­тычнага кіно (“Дзяўчынка шукае бацьку”, “Радзіма ці смерць”, “Час вярнуцца”, “Успамін пра по­дзвіг”, “І будзе жыць Хатынь” і інш.), а таксама новых дакументальных стужак вытворчасці Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў. Асобны блок прысвечаны новаму праекту Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” “Гонар нашай краіны”, у якім сабраны фільмы пра прадпрыемствы і ўстановы культуры, вядомыя не толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але і за яе межамі (“Нацыянальны мастацкі музей”, “Косаўскі замак”, Мінскі аўтамабільны завод і інш.). 27 чэрвеня гэтага года ва ўсіх рэгіёнах прайшоў прэм’ерны паказ новага поўнаметражнага фільма ў анімацыйнай форме “Мемарыяльныя комплексы Беларусі” вытворчасці “Беларусьфільма”.

— Як гэтым летам арганізавана працоўная занятасць навучэнскай моладзі?

Згодна з Дзяржаўнай праграмай “Рынак працы і садзейнічанне занятасці” на 2021—2025 гады сёлета ў рамках часовай працоўнай занятасці навучэнскай моладзі плануецца працаўладкаваць не менш як 40,5 тысячы маладых грамадзян з выкарыстаннем на гэтыя мэты сродкаў бюджэту фонду сацыяльнай абароны насельніц­тва ў памеры 13,3 млн рублёў. У чэрвені аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні каля 36,5 тысячы чалавек, у тым ліку больш за 4 тысячы непаўналетнім, у адносінах да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, і больш за 8,3 тысячы дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Ва ўсіх рэгіёнах праведзены працоўныя акцыі, у якіх прынялі ўдзел 125,1 тысячы школьнікаў (Брэсцкая вобласць — 15,5 тысячы чалавек, Віцебская — 16,4 тысячы чалавек, Гомельская — 11 тысяч чалавек, Гродзенская — 14,7 тысячы чалавек, Магілёўская — 17,8 тысячы чалавек, Мінская — 37 тысяч чалавек, Мінск — 12,7 тысячы чалавек). У рамках промапраекта “Выбіраем студатрад” заяўкі на работу ў студэнцкіх атрадах падаў 31 501 чалавек. Па стане на сярэдзіну чэрвеня заключаны 1353 дагаворы з 18 111 чалавекамі (у Мінску — 370 дагавораў з 5738 чалавекамі; у Гродзенскай вобласці — 292 дагаворы з 5133 чалавекамі; у Гомельскай вобласці — 153 дагаворы з 2270 чалавекамі; у Магілёўскай вобласці — 181 дагавор з 1952 чалавекамі; у Мінскай вобласці — 129 дагавораў з 1494 чалавекамі; у Віцебскай вобласці — 118 дагавораў з 1122 чалавекамі; у Брэсцкай вобласці — 76 даговораў з 971 чалавекам).

— Якія меры прымаюцца па бяспецы дзяцей, якія знахо­дзяцца ў летніх лагерах?

У мэтах забеспячэння аховы грамадскага парадку, арганізацыі прапускнога рэжыму і бяспекі дзяцей, а таксама для правядзення прафілактычнай работы сярод непаўналетніх у кожным лагеры з кругласутачным знаходжаннем дзяцей арганізавана дзяжурства падраз­дзяленняў унутраных спраў, праводзяцца прафілактычныя гутаркі, для старэйшай узроставай групы выхаванцаў арганізаваны паказ фільма-расследавання “Дзеці на прыцэле: завербаваныя ворагам”, фільма “Маладосць за закладкі” і інш. Для падтрымання належнага ўзроўню захавання бяспекі ў аздараўленчых лагерах ажыццяўляецца шэраг мерапрыемстваў па стварэнні здаровых і бяспечных умоў працы.

Абмежаваны свабодны доступ у падвальныя, паддахавыя, дапаможныя памяшканні, устаноўлены агароджы, аўтаматычныя шлагбаумы або іншыя прылады, якія абмяжоўваюць свабодны ўезд транспартных сродкаў на тэрыторыю ўстаноў, вядуцца журналы рэгістрацыі наведвальнікаў. Перыядычна праводзіцца агляд і абследаванне будынкаў, збудаванняў, агляд і выпрабаванне абсталявання на прадмет іх бяспечнай эксплуатацыі, якая адпавядае нарматыўным прававым актам бяспекі. Акрамя таго, у аздараўленчых лагерах загадамі прызначаны адказныя асобы за арганізацыю працы і ажыццяўленне кантролю па ахове працы, за спраўны стан спартыўнага і гульнявога абсталявання, за бяспечную эксплуатацыю будынкаў і збудаванняў. Сістэматычна праводзіцца работа па пытаннях захавання бяспекі і папярэджання пранікнення на тэрыторыю ўстаноў пабочных асоб.

Акрамя таго, праводзяцца ву­чэбныя заняткі па дзеяннях работнікаў і навучэнцаў у выпадку над­звычайных сітуацый. Арганізавана навучанне дзяцей правілам бяспечных паводзін. Пытанні арганізацыі і правядзення летняй аздараўленчай кампаніі знаходзяцца на пастаянным кантролі ў Міністэрстве адукацыі і органаў кіравання адукацыяй рэгіёнаў, пастаянна вя­дзецца міжведамасны маніторынг сумесна з абласнымі ўпраўленнямі Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, іншымі адказнымі структурамі. Рабочай групай Міністэрства адукацыі ў чэрвені праведзены маніторынг дзейнасці аздараўленчых лагераў у Мінскай і Віцебскай абласцях.

Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі