Тры конкурсныя калекцыі “Млына моды-2013” паедуць на “Рускі сілуэт”

- 12:52Культура

Феерычным шоу ў сталічным Палацы спорту завяршыўся ХХІІ Рэспубліканскі фестываль-конкурс моды і фота “Млын моды-2013”. Не менш феерычнымі можна лічыць і вынікі гэтага галоўнага ў краіне фэшн-форуму. У Мінск на фінальныя мерапрыемствы сёлетняга “Млына моды” прыехалі прадстаўнікі фэшн-індустрыі з розных краін свету, у тым ліку з сэрца сусветнай моды — Мілана, а таксама з Расіі, Польшчы, Украіны, Вялікабрытаніі, Францыі, Латвіі; адпаведна быў арганізаваны паказ шыкоўных гасцявых калекцый.

Каля дзесяці ўдзельнікаў фестывалю-конкурсу атрымалі запрашэнні на стажыроўкі ў дамах моды Мілана і Лондана. Адна з конкурсных калекцый (студэнткі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Алісы Крыўчэні) паедзе на сёлетні Міжнародны конкурс маладых мастакоў моды Habitus Baltija ў Рыгу і ажно тры калекцыі (навучэнак гродзенскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 28 Барбары і Катарыны Былеўскіх, студэнткі Інстытута сучасных ведаў імя А.М.Шырокава Ганны Жук і навучэнца Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання Яўгена Іванчыка) — на Міжнародны конкурс маладых дызайнераў “Рускі сілуэт” у Маскву.

Дарэчы, такога ў прынцыпе не павінна было быць. Ад адной краіны ў міжнародным конкурсе маладых дызайнераў “Рускі сілуэт” удзельнічаюць, як правіла, адна-дзве калекцыі. Але адзін з замежных экспертаў “Млына моды” прадстаўнік “Рускага сілуэта” Джамал Махмудаў непасрэдна падчас паказу конкурсных калекцый патэлефанаваў з Мінска ў Маскву прэзідэнту Дабрачыннага фонду “Рускі сілуэт” Таццяне Міхалковай і ўгаварыў яе зрабіць для Беларусі выключэнне з правіл. Ну, хіба можна было пра такое нават марыць?

Калекцыя "Светлы бок Месяца" студэнткі Інстытута сучасных ведаў Ганны Жук.Наогул, калі год назад сёй-той па вядомых прычынах яшчэ мог сумнявацца ў жыццяздольнасці рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “Млын моды”, то сёлета, мабыць, і ў самага апошняга скептыка зніклі ўсе сумненні. Больш за тое, нават у параўнанні з мінулым годам сёлетні “Млын моды” відавочна падужэў, папрыгажэў і больш ярка аформіўся ў сваім адмысловым стылі. Прынамсі, аўтар гэтах радкоў убачыў добры знак нават у такім, здавалася б, дробязным моманце, як адсутнасць на заключным вечары ў сталічным Палацы спорту абрыдлых да немагчымасці прадстаўнікоў таннага тэлевізійна-эстраднага кічу. Замест іх ствараць святочны настрой былі запрошаны такія, сапраўды, стыльныя і адметныя калектывы, як музычныя гурты “Стары Ольса” і Drum Eсstasy, тэатры сучаснай харэаграфіі D.O.Z.S.K.I, “вКубе”, T(е)Art, Дома прыгажосці “Мусон” і інш. Заўважна пашырыўся і ўласна адукацыйны складнік фестывалю-конкурсу. У прыватнасці, 3 мая ўдзельнікі “Млына моды” мелі магчымасць атрымаць майстар-клас па тэме “Стварэнне фэшн-здымак” ад выкладчыка British Art School, прафесійнага фатографа і стыліста, лаўрэата міжнародных конкурсаў у Італіі, Вялікабрытаніі і Расіі Ільі Блінова. А 4 мая ў актавай зале Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі (яго супрацоўнікі ўжо другі год запар выступаюць у ролі галоўных арганізатараў “Млына моды”) з канкурсантамі правялі творчую сустрэчу адразу чатыры прадстаўнікі глабальнай моды: ужо згаданы Ілья Бліноў і шаноўныя госці з Мілана — прафесар міланскага Інстытута моды Марыуш Багуслаў Гайджэмскі, прэзідэнт Культурнай асацыяцыі суайчыннікаў з краін былога Савецкага Саюза “Міланскія вечары” Яраслаў Ласітчук і дырэктар па сувязях з грамадскасцю гэтай асацыяцыі Яўгенія Бычэнка.

На подыуме Палаца спорту - выхаванцы Мінскай абласной школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі слыху (праект "Стыльны пачатак").І, варта адзначыць, гэта былі не прахадныя дзяжурныя мерапрыемствы, а насамрэч карысныя кантакты прызнаных у свеце прафесіяналаў з беларускімі мадэльерамі-пачаткоўцамі. Апошнія літаральна засыпалі гасцей просьбамі ацаніць калекцыі, а тыя цярпліва, на працягу трох гадзін, выказвалі свае меркаванні адносна іх пераваг і недахопаў. Як падалося, прысутнічаў на сустрэчы і ў пэўным сэнсе павучальны момант. Напрыклад, шаноўныя госці раілі ўдзельнікам больш давяраць інтуіцыі, зыходзіць у канструяванні адзення з уласнай арыгінальнай ідэі (а не з падгледжаных модных фэшн-павеваў), не блытаць дызайн адзення, неад’емнага ад сваёй утылітарнай функцыі, з дэкаратыўна-прыкладной творчасцю, якая пра гэтую функцыю можа не клапаціцца, і інш.

І яшчэ. Распавядаючы пра апошні Тыдзень моды ў Мілане, госці акцэнтавалі ўвагу на тым, што сёння, у эпоху крызісу і заняпаду высокай моды, нават вядучыя “дарагія” італьянскія дызайнеры спрабуюць знайсці адказы на простыя пытанні, блізкія ўсім звычайным італьянцам. Скажам, а як павінен выглядаць сённяшні малады італьянец? У Мілане прытрымліваюцца думкі: гэта спалучэнне стылю R’n’B і італьянскага кансерватызму. Хочацца спадзявацца, што, даведаўшыся пра гэта і наогул, пачуўшы такую пастаноўку пытання, нашы маладыя мадэльеры таксама задумаліся пра нешта падобнае: а як у канцэптуальным сэнсе павінен выглядаць сённяшні малады беларус?
Зрэшты, адказам на гэтае пытанне і былі 110 калекцый, дапушчаных да фіналу прафесійным журы на чале з загадчыкам аддзела моды і дызайну НЦМТДіМ сябрам Беларускага саюза дызайнераў Святланай Гнядзёнак. У якім кірунку мысляць сённяшнія юныя і маладыя беларускія мадэльеры? Часткова адказам можа быць гэты россып назваў іх конкурсных калекцый: “Вольны мастак”, “Услед за паўночным ззяннем”, “У госці да Рэмбранта”, “З куфраў Нясвіжа”, “Альтэр эга”, “Падарожжа за мяжу ўяўлення”, “Гарадская раніца”, “Светлы бок месяца”, “Хвалі верасу”, “Гісторыя пра ГЭТА”, “Гонар маю”, “Гукі валынкі”, “Сімфонія сфер”, “Вольны вецер”, “Гравітацыя”, “Птушынае гняздо”, “Сіла волі”, “Ліберці”, “Інтэграл гармоній”, “Моду дыктуе вуліца”, “Шлях унутры сябе”, “Трапятанне крыльцаў”… Ці не праўда, нават у назвах пераважаюць пазітыў, свабодалюбства і пошук незвычайнага, што, безумоўна, радуе.

Намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык уручае сувенірную статуэтку і дыплом 1-й ступені студэнтцы Інстытута сучасных ведаў імя А.М. Шырокава аўтарцы калекцыі "Мансун" Аляксандры Жук. А арганізатары сёлетняга фестывалю-конкурсу “Млын моды” асаблівага рэспекту заслугоўваюць за два прыдуманыя і рэалізаваныя імі праекты. Першы — дабрачынны праект “Стыльны пачатак” з удзелам выхаванцаў Мінскай абласной школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху — ужо можна лічыць традыцыйным. “Немагчыма было без замілавання, ажно да слёз, глядзець на гэтых малых, апранутых у пацешнае адзенне з афрыканскімі матывамі, якое было прыдумана-пашыта спецыяльна для іх і ўрэшце падорана ім на памяць пра свята ў Палацы спорту…” — так пісаў аўтар гэтых радкоў у сувязі з праектам “Стыльны пачатак” у мінулым годзе. Тое ж самае хочацца паўтарыць і сёлета, з адной толькі розніцай — на гэты раз аўтары праекта вядомы дызайнер загадчык аддзела моды і дызайну НЦМТДіМ Святлана Гнядзёнак і кіраўнік подыум-школы “Fashion Style” НЦМТДіМ Ігар Іваноў абышліся без афрыканскіх матываў і апранулі мілых дзетак са школы-інтэрната ў больш строгае, але не менш з-за гэтага стыльнае адзенне. У сваю чаргу абуткам дзяцей забяспечыла гандлёвая марка “Шагавіта”.

І другі праект, ноу-хау менавіта гэтага года, — прымеркаваны да будучага чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску “Дызайн-кідок” (дызайнер Таццяна Марціноўская, кіраўнік Святлана Гнядзёнак, пашыў касцюмаў — адкрытае грамадскае аб’яднанне “Ласка”) з удзелам вядомых беларускіх хакеістаў і гімнастак, якія выйшлі на подыум Палаца спорту ў спецыяльна распрацаваным для іх трэніровачным адзенні. Гэта быў вельмі прыгожы заключны акорд ХХІІ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды” — гармонія фізічнай сілы і прыгажосці, стваральнай энергіі і крэатыву.

Фінал “Млына моды — 2013” на тое і быў фіналам, каб падвесці пэўную рысу, так бы мовіць, аслупаваць чарговую веху ў гісторыі гэтага фестывалю-конкурсу. А наперадзе, канечне ж, новыя ўзлёты і дасягненні… “Млын моды” не ведае супыну.

Пра пераможцаў фестывалю-конкурсу “Млын моды-2013” чытайце ў “Настаўніцкай газеце”.

Мікола ЧЭМЕР.

gilevitch@ng-press.by

Фота Алега ІГНАТОВІЧА.