Цаніць кожны дзень вучыў Ганну Гурко з Чашнікаў яе дзядуля — франтавы шафёр

- 14:15Новости

Ганна Гурко, настаўнік-дэфектолаг дзіцячага сада № 6 Чашнікаў, расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”, што для яе прыкладам мужнасці, працавітасці, бязмежнай любові да сям’і і Радзімы з’яўляецца яе дзядуля Нічыпар Пятрашка. 

Падчас Вялікай Айчыннай вайны Нічыпар Кліменцьевіч служыў франтавым шафёрам, пры гэтым не менш за простых салдат рызыкаваў жыццём — падвозіў снарады і харчаванне на перадавую, адпраўляў параненых у шпіталь. І ўсё гэта пад няспынным артылерыйскім агнём і бамбёжкамі ворага. Нярэдка разам з байцамі і сам уступаў у бой. За адвагу, праяўленую на фронце, ён атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі — узнагароду, якая давалася за выключныя подзвігі.

— Ён не быў ні пехацінцам, ні артыле­рыстам, ні танкістам, ні лётчыкам, ні нават мараком. Аднак у яго ваеннай біяграфіі знайшлося месца для подзвігаў. У нашай сям’і захоўваецца мноства ўзнагарод дзяду­лі. Асабліва каштоўныя — ордэн Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені і медалі “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За Перамогу над Германіяй”, — паведаміла Ганна Мікалаеўна.

Многае раскажуць і падзячныя лісты, па якіх можна прасачыць баявы шлях ураджэнца вёскі Вялікая Вядрэнь Чашніцкага раёна. Нічыпар Пятрашка вызначыўся пры фарсіраванні Нёмана, вызваленні Каўнаса, прарыве варожай абароны на заходнім беразе Віслы пад Варшавай, падчас авалодання гарадамі Швібус і Цуліхау, пры прарыве глыбока эшаланаванай абароны немцаў пад Берлінам.

— Да вайны дзядуля адслужыў у танкавых войсках і ў 1939 годзе быў звольнены ў запас. Калі ж пачалася нямецкая акупацыя, ён пайшоў у партызанскую брыгаду Заслонава, а ў чэрвені 1944 года трапіў на фронт. У скла­дзе 10-га асобнага палка сувязі праехаў франтавымі дарогамі Еўропы і Перамогу сустрэў у Берліне, — працягнула аповед педагог.

Ганна Мікалаеўна не расказвала ў дэталях пра подзвігі свайго продка. Сухія звесткі з ваеннай біяграфіі дзядулі растлумачыла характарам Нічыпара Кліменцьевіча — ён быў чалавекам нешматслоўным, тым больш не любіў гаварыць пра вайну, паколькі ўспаміны пра Вялікую Айчынную адгукаліся ў яго сэрцы болем.

— Пра вайну расказваў вельмі скупа. Гаварыў, што хлусіць не хоча, а праўду ска­заць не можа, бо няма слоў людскіх для апісання таго, што ён бачыў і перажыў… і, дай бог, ніколі не будзе. Але сёе-тое я ўсё ж даведалася. Гэта кароткія ваенныя эпізоды, запі­саныя бабуляй. У цэлым яны вельмі трагічныя і цяжкія, — адзначае Ганна Мікалаеўна.

Па яе словах, Нічыпар Кліменцьевіч быў стрыманым не толькі ў словах, але і ў эмоцыях.

Адной з галоўных рыс характару Нічыпара Кліменцьевіча была любоў да жыцця. Ён цаніў кожны момант, ведаў, наколькі кароткі век у чалавека, і лічыў, што адмераны табе зямны шлях трэба прысвячаць толькі карысным справам.

— Ён вучыў нас цаніць жыццё, мір, любіць Радзіму, а калі спатрэбіцца, то і абараняць яе. Наогул па жыцці ён быў аптыміс­там. Мы ніколі не чулі ад дзядулі скарг, запомнілі, нягледзячы на ўсю яго строгасць, як чалавека справядлівага, добрага, пазітыўнага. Вось, напрыклад, гэты чорна-белы фота­здымак, дзе ён з бабуляй стаяць перавязаныя ручнікамі, зроблены на 50-годдзе іх шлюбу. Яны разам і брыльянтавае вяселле адзначалі, былі для нас прыкладам кахання праз усё жыццё, — падзялілася Ганна Гурко.

Вылучаўся Нічыпар Кліменцьевіч працавітасцю, дысцыплінаванасцю, ён ва ўсім любіў парадак, асабліва што тычыцца тэхнікі. Усе дэталі яго аўтамашын, а працаваў ён пасля вайны ў розных арганізацыях, працавалі як трэба. Тое ж і ў гаспадарцы: плуг, рыдлёўкі, граблі, сякеры заўсёды былі ў выдатным стане. “Усё павінна ляжаць на сваім месцы. Калі ты папрацаваў з інструментам, то прыбяры яго за сабой, пакладзі на месца”, — вучыў франтавік сваіх дзяцей і ўнукаў.

— Лічу, што гэты характар у многім сфарміраваўся ў ваенны час. Калі ў інтэрнэце шукала інфармацыю, за што ён атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі, то ва ўзнагародным лісце прачытала такое: машына знаходзілася ва ўзорным стане, заўсёды была гатова да выканання баявых задач. Дзядуля ведаў, што ў любы момант можа быць дадзены загад падвезці боепрыпасы, забраць параненых, а ад таго, ці спраўны аўтамабіль, залежалі чалавечыя жыцці, — адзначыла педагог.

У вольны час Нічыпар Кліменцьевіч захапляўся рыбалкай. Менавіта яднанне з прыродай дапамагала яму забыцца пра цяжкія ваенныя ўспаміны, натхняла, давала жыццёвыя сілы. Гэтае захапленне ён перадаў свайму ўнуку, брату Ганны Мікалаеўны. Наогул сваім нашчадкам ён пакінуў багатую спадчыну. І гэта не толькі франтавыя ўзнагароды. Галоўнае, чаму ён навучыў сваіх родных, — любоў да жыцця, да Радзімы, уменне цаніць кожны дзень.

З дапамогай Ганны Мікалаеўны яе дачка Алена, вучаніца Чашніцкай гімназіі, напісала разам з класным кіраўніком Ірынай Пятроўнай Бачковай даследчую работу “Гісторыя вайны ў лёсе маёй сям’і”, якая заняла 1-е месца на раённым этапе рэспубліканскага конкурсу “Наша Перамога. Мая гісторыя”, стала прызёрам абласнога. Там ёсць такія словы:

“Я ўдзячная прадзядулі за мірнае неба над галавой, за магчымасць не баяцца бамбёжак, не адчуваць голад і страх. Маё пакаленне не павінна забывацца пра подзвіг, што здзейсніў наш народ. Памяць пра Вялікую Айчынную вайну… Яе нельга сцерці гадамі, яна вечная”.

***

22 чэрвеня ў Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа па ўсёй краіне пройдуць мітынгі-рэквіемы, якія па традыцыі пачнуцца жалобнымі мерапрыемствамі на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Мінутай маўчання мы будзем узгадваць мільёны нашых суайчыннікаў, якія загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. І канечне, кожны з нас успомніць сваіх продкаў, якія ваявалі, вярнуліся дадому і ўласным прыкладам выхоўвалі ў сваіх нашчадкаў любоў да Радзімы.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара