На пытанні чытачоў адказала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі і арганізацыйна-аналітычнай работы — начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела Міністэрства адукацыі Любоў Мальковіч.
— Ці існуе на заканадаўчым узроўні абавязак наведвання класных і інфармацыйных гадзін (у пачатковай школе)? У якім артыкуле дзяржаўнага закона ёсць указанні па гэтым пытанні?
— Класныя і інфармацыйныя гадзіны — адна з найважнейшых форм арганізацыі выхаваўчай работы з навучэнцамі ва ўстанове адукацыі, якія адносяцца да арганізацыйна-выхаваўчай работы класнага кіраўніка (Інструкцыя аб парадку вызначэння тарыфікуемых гадзін арганізацыйна-выхаваўчай работы і дадатковага кантролю вучэбнай дзейнасці навучэнцаў ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, зацверджаная пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 25 лістапада 2004 года № 70).
Пры гэтым арганізацыйна-выхаваўчая работа ажыццяўляецца класным кіраўніком за межамі часу, які адводзіцца на правядзенне вучэбных заняткаў, у адпаведнасці з планам выхаваўчай работы класнага кіраўніка на чвэрць ці паўгоддзе (уключаючы работу на канікулах, у шосты школьны дзень).
У штогадовых інструктыўна-метадычных пісьмах да пачатку навучальнага года змяшчаюцца рэкамендацыі па пытанні арганізацыі выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі, у тым ліку па правядзенні класных і інфармацыйных гадзін. Міністэрства адукацыі рэкамендуе праводзіць інфармацыйную гадзіну для навучэнцаў на І ступені навучання раз на тыдзень (ад 15 да 20 мінут).
Непасрэдна ў расклад вучэбных заняткаў класная гадзіна і інфармацыйная гадзіна не ўключаюцца, іх час, месца правядзення адлюстроўваюцца ў графіку правядзення, які зацвярджаецца кіраўніком установы адукацыі.
Інфармацыйныя і класныя гадзіны з’яўляюцца часткай адукацыйнага працэсу. Згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, абавязак кожнага навучэнца — добрасумленна і адказна ставіцца да засваення зместу адукацыйных праграм, праграм выхавання. Значыць, наведванне іх з’яўляецца абавязковым.
— Акажыце, калі ласка, дапамогу ў разуменні пункта аб педагагічнай дзейнасці дзяржаўных служачых. Згодна з законам аб дзяржаўнай службе, служачым забаронена выконваць іншую аплатную работу, не звязаную з выкананнем службовых абавязкаў па месцы асноўнай службы, акрамя педагагічнай (у частцы рэалізацыі зместу адукацыйных праграм) і г.д.
— Што тычыцца выкладчыкаў ва УВА, ліцэях і прымянення гэтага дазволу, то тут усё зразумела. А калі гэта адносіцца да такой дзяржаўнай установы адукацыі, як школа? Ці мае права дзяржаўны служачы дадаткова працаўладкавацца ў школе і ажыццяўляць педагагічную дзейнасць, а іменна быць педагогам сацыяльным, настаўнікам-прадметнікам ці педагогам дадатковай адукацыі? Зразумела, з улікам таго, што ў яго ёсць адпаведная адукацыя.
Міністэрства адукацыі не ўпаўнаважана даваць растлумачэнні па прымяненні норм Закона Рэспублікі Беларусь ад 01.06.2022 № 175-3 (рэд. ад 11.10.2024) “Аб дзяржаўнай службе” (далей — Закон).
Разам з тым прапануем прыняць пад увагу наступнае. У адпаведнасці з падпунктам 1.3 пункта 1 артыкула 26 Закона дзяржаўны грамадзянскі служачы не мае права выконваць іншую аплатную работу, не звязаную з выкананнем службовых абавязкаў па месцы асноўнай службы, акрамя педагагічнай (у частцы рэалізацыі зместу адукацыйных праграм), навуковай, культурнай, творчай дзейнасці і медыцынскай практыкі, калі іншае не ўстаноўлена Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і іншымі заканадаўчымі актамі.
Педагагічная (у частцы рэалізацыі зместу адукацыйных праграм), навуковая, культурная, творчая дзейнасць, медыцынская практыка ў рабочы час могуць ажыццяўляцца па ўзгадненні з кіраўніком дзяржаўнага органа, у якім грамадзянскі служачы займае грамадзянскую пасаду, ці ўпаўнаважанай ім асобай.
Згодна з кваліфікацыйнымі характарыстыкамі, вызначанымі ў выпуску 28 Адзінага кваліфікацыйнага даведніка пасад служачых “Пасады служачых, занятых у адукацыі”, зацверджанага пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 29.07.2020 № 69:
настаўнік ажыццяўляе рэалізацыю адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі, спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі для асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю, прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых), а таксама праграмы бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі, праграм выхавання;
педагог дадатковай адукацыі — рэалізацыю адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, накіраванай на развіццё асобы навучэнца, фарміраванне і развіццё яго творчых здольнасцей, задавальненне яго індывідуальных патрэб у інтэлектуальным, маральным, фізічным удасканаленні, адаптацыю да жыцця ў грамадстве, арганізацыю вольнага часу, прафесійную арыентацыю;
педагог сацыяльны — педагагічную дзейнасць у частцы рэалізацыі праграм выхавання, накіраваную на ажыццяўленне комплексу мерапрыемстваў па абароне правоў і законных інтарэсаў навучэнцаў, іх выхаванні, адукацыі і развіцці ў сферы найбліжэйшага асяроддзя: установе адукацыі, сям’і, па месцы жыхарства, у маладзёжных і дзіцячых аб’яднаннях і г.д.
У сувязі з выкладзеным, мяркуем, што выкананне дзяржаўным грамадзянскім служачым педагагічнай дзейнасці (у частцы рэалізацыі зместу адукацыйных праграм) на пасадзе настаўніка ці педагога дадатковай адукацыі (на ўмовах сумяшчальніцтва) не будзе супярэчыць патрабаванням падпункта 1.3 пункта 1 артыкула 26 Закона.
— Ці можа атэстат за 9 клас знаходзіцца на руках у вучня, а не ва ўстанове адукацыі падчас яго навучання ў 11 класе? Якімі нормамі гэта рэгулюецца?
— Пунктам 75 Палажэння аб установе агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджанага пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 19.09.2022 № 322, устаноўлена, што на кожнага навучэнца ва ўстанове адукацыі афармляецца асабовая справа, у якой захоўваюцца дакументы, прадастаўленыя пры залічэнні ва ўстанову адукацыі, у тым ліку і пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі. Такім чынам, дакументы, прадастаўленыя навучэнцам пры прыёме, павінны захоўвацца ва ўстанове адукацыі.
Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі