Ці сапраўды цяжка школьнікам вучыцца? Над гэтым і не толькі разважае былы дырэктар 1-й школы Івацэвіч Віктар Жывіневіч

- 14:10Образование: взгляд через эпохи

Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь былы дырэктар 1-­й івацэвіцкай сярэдняй школы Віктар Жывіневіч расказвае карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”  пра шлях у прафесіі, таленавітых калег, добрых дарадчыкаў і… вопыт работы ў мясцовай калоніі для асуджаных у якасці настаўніка.

— Віктар Іванавіч, прыгадайце свой шлях у педагогіку. Што падштурхнула па ім пайсці?

— Мае настаўнікі і падштурхнулі. Я з ліку настаўнікаў-выпадкоўцаў, прычым шчаслівых і ўдзячных лёсу. Марыў стаць вайскоўцам, але не прайшоў па конкурсе, бо не да тых экзаменаў рыхтаваўся. Вярнуўся дадому, праз дзень-другі да баць­коў завіталі Зінаіда Уладзіміраўна Лабаноўская і Людміла Уладзіміраўна Ляцецкая — першая выкладала гісторыю, другая — родную мову і літаратуру. Аўтарытэтныя асобы ў школе, вёсцы Гошчава (я адтуль родам), і да мяне яны з павагай, прыхільнасцю ставіліся, непакоіліся пра далейшы лёс. Бацькі-сяляне давяралі настаўнікам, цанілі іх працу і справы. Я і адважыўся: паступіў на філфак Брэсцкага педінстытута імя А.С.Пушкіна. Чатыры юнацкія гады побач са мной былі 24 прыгожыя дзяўчыны-філалагіні! Сам глыбей адчуў цікавасць да літаратуры, яе смак. Паспрыялі таму і цудоўныя выкладчыкі, сярод якіх былі Уладзімір Калеснік, Аляксей Майсейчык, Галіна Малажай. Пашчасціла ўдзельнічаць у літаратурных дыспутах, студэнцкіх алімпіядах, нават абмяркоўваць творы беларускіх пісьменнікаў у студыі абласнога тэлебачання.

— Як прыняла вас школа?

— Калегі разгледзелі ўва мне якасці лідара, хоць і прыхаваныя. Дарэчы, мой тата Іван Андрэевіч больш за 15 гадоў кіраваў паляводчай брыгадай у калгасе, быў ушанаваны за старанную працу ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Напэўна, і мне з таго вопыту перадалося. Помніцца жнівеньская нарада, 1978 год. З дрыжыкамі ў руках і нагах трымаў мікрафон і ад імя маладых настаўнікаў Івацэвіччыны даводзіў, што мы не будзем адсевамі на школьнай ніве… Сёння магу сказаць: рады, што ў школах мяне прасеялі — ды не адсеялі, не адправілі ў мякіну, калі казаць па-вясковаму. А тады пабыў я дырэктарам… тыдні два, да 1 верасня, і перавялі ў нас­таўнікі: спахапіліся, што ў школе малакамплектнай не хопіць мне ўрокаў для паўнацэннай стажорскай практыкі. Год я дабіраў практыку, і яе ўхвалілі, але чамусьці выніковая характарыстыка не трапіла ў аддзел адукацыі. Практыку не залічылі, а дырэктарам Сялецкай васьмігодкі ўсё ж прызначылі. Два гады прымерак-прыцірак, жыццёвай навукі, першых гузакоў на гэтай пасадзе. Мяне ўрэшце прынялі, мне паверылі, дапамаглі. Я ўдзячны за гэта ветэранам вайны Захару Філонаву, Віктару Шырко, маладзейшым за іх Ганне Ляўчук, Лідзіі Сярко, амаль што маім равеснікам Ніне Вараксе, Раісе Шырко, Софіі Мізгер.

— А чаму толькі два гады там пабылі?

— Перавялі мяне ў Рэчкаўскую сярэднюю школу. Падтрымліваў загадчык райана Васіль Басалай, сам былы дырэктар той школы. Муд­рым дарадчыкам была Любоў Папко, мая першая настаўніца. Як жа хвалявалася, калі ў размовах пра школьныя справы я гарачыўся! Перасцерагала, вучыла быць абачлівым і разважлівым. І ўрэшце ўсё адладзілася, мы перажылі комплексную праверку, падраслі ў рэйтынгу школ. Агульныя клопаты і абавязкі спрыялі ўмацаванню калектыву. І дырэктару-халасцяку справілі вяселле з настаўніцай матэматыкі, якая і па сёння мой надзейны тыл — Ала Сцяпанаўна Жывіневіч. У Рэчках нарадзіўся наш першынец Андрэй. Добрым словам згадваю калег Жыміа Мірончыка, Івана і Алу Прыгодзіч, Кацярыну Кот, Чаславу Кот, Марыю Пішчаву, Надзею Кудравец. Да іх цягнуліся дзеці, педагогаў паважалі ўсе ў вёсцы. З працавітымі, талена­вітымі людзьмі хутка праляцелі чатыры гады, успамінам пра той час мне і Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі БССР.

— Ад вашых калег ведаю: потым былі Целяханы…

— Так, Целяханская сярэдняя школа: дзяцей — за тысячу, настаўнікаў і тэхработнікаў — звыш сотні. Калі прапанавалі там кіраваць, то жаданне спрачалася з сумненнем. Абнадзеілі мае папярэднікі на дырэктарскай пасадзе: Гаўрыла Трубенка і Васіль Кацуба. Згадваю шмат імён і прозвішчаў, бо і яны частка майго лёсу. Калегі ў Целяханах былі працавітыя, мелі дасягненні, цікавы вопыт. Але святкаваў я там Дзень настаўніка толькі аднойчы, потым згадзіўся папрацаваць у Івацэвіцкім райкаме партыі. Займаўся палітасветай, круціўся ў віры самых розных спраў, набываў новы вопыт. А калі пачаўся развал СССР, то перажыў гады неўладкаванасці. Нават “зрабіў ходку” ў мясцовую калонію для асуджаных у якасці настаўніка. Потым працаваў намеснікам дырэктара ў Сенькавіцкай базавай школе, два гады — настаўнікам у 1-й школе Івацэвіч, а ў 1996-м у апошні дзень лета ўзначаліў сярэднюю школу № 2.

— Як лічыце: дырэктарская работа ў гарадской школе мае сваю спецыфіку?

— Безумоўна! Тады бацькі масава пераводзілі дзяцей ад нас у новую школу, а наша камплектавалася туга, меншала педнагрузка, сыходзілі настаўнікі… Усё нібыта ўляглося, а праз год школу рэарганізавалі, зрабілі ў яе будынку ліцэй. Ды зноў настаўнік Жывіневіч на год падаўся вучыць асу­джаных беларускай мове і літаратуры. А якое ў спецустанове стаўленне да ведаў, вы ж разумееце… Падтрымаў мяне Яўген Крываль, на той час дырэктар 1-й школы: прапанаваў быць намеснікам па вучэбна-выхаваўчай рабоце ў пачатковым звяне. Да канца дзён сваіх буду ўдзячны Яўгену Андрэевічу як чалавеку, як дарадчыку. Потым, як мог, як умеў, і я прадаўжаў яго справу, калі стаў дырэктарам.

— А вас, Віктар Іванавіч, з удзячнасцю ўзгадвае на той пасадзе Святлана Патоцкая. Гаворыць: кіраўніком аддзела па адукацыі Івацэвіцкага райвыканкама стала, прайшоўшы ў вас вялікую школу кіравання.

— І я Святлану Мікалаеўну згадваю добрым словам як старанную, крэатыўную настаўніцу пачатковых класаў, яна ў мяне намеснікам была. І ўвогуле, у 1-й школе падабраўся на той час калектыў адказных педагогаў з вялікім патэнцыялам. Працавалі ў рэжыме інавацый, вучні атрымлівалі сістэмныя веды. Асвойвалі праграму асобасна арыентаванага навучання “Школа 2100 — Беларусь”, праграму “Арыенцір”, быў праект па развіцці здольнасцей школьнікаў з дапамогай канструктара LEGO. Уводзілі альтэрнатыўныя падручнікі па асобных прадметах, рэалізоўвалі праекты “Зялёная школа”, “Здаровы клас”. Адпрацавалі рэгіянальную сістэму грама­дзянска-патрыятычнага выхавання. У неаслабным інавацыйным рэжыме творча працавалі Таісія Жданюк, Алена Дакучыц, згаданая ўжо Святлана Патоцкая, Ірына Шымчук, Жанна Куіс, Ігар Клішэвіч.

— Яшчэ Святлана Мікалаеўна згадвала, што пры вашым дырэктарстве паглыблялася, развівалася профільнае навучанне.

— Так, і на той час мы такое навучанне адваёўвалі, бо некаторым хацелася сканцэнтраваць яго толькі ў ліцэі. Але ж калі ёсць попыт на профільнасць з боку бацькоў і дзяцей, калі ёсць высокай кваліфікацыі педагогі (фізікі, матэматыкі, філолагі, біёлагі і іншыя), трэба ісці ў нагу з часам! І атрымліваць вынікі, павышаць прэстыж школы. Мы разгарнулі такую дзейнасць і стварылі канкурэнцыю раённаму ліцэю. Вельмі добра, што сёння ў школ краіны ёсць выбар, магчымасці варыятыўнасці пры стварэнні профільных груп і класаў.

— На ваш погляд, ці апраўд­вае сябе мэтавае навучанне?

— Хоць веды лішнімі не бываюць, але варта падумаць-прыкінуць: з юрыдычнага, тэхналагічнага ці інжынернага, педагагічнага профілю што атрымаем на выхадзе? Прыгожая форма, дадатковыя заняткі зацікаўленых асоб могуць дапамагчы вучням у выбары прафесіі. Але ці сфарміруюць да яе ўстойлівую цікавасць? Патрэбна практыка, паглыб­ленне ў прафесію, з чым заўсёды цяжкавата. Між тым жыццё падказ­вае: на практыцы бачна, твая гэта прафесія ці не. Мне, хоць і з падказкай, педагогіка стала роднай і любімай. А колькі людзей працуе не па спецыяльнасці альбо церпіць яе… Асабліва небяспечна, калі такі педагог праводзіць заняткі: ён інфіцыруе вучняў сваім нігілізмам, закладвае ў іх скепсіс, негатыўнае стаў­ленне да рэальных умоў жыцця.

— Віктар Іванавіч, што найбольш цікавіла вас у педпрактыцы?

— Заўсёды мяне цікавіла, хвалявала пытанне, ці сапраўды цяжка школьніку вучыцца. Каго ні паслухай — пачуеш, асабліва ад бацькоў: дзеці перагружаны, не паспяваюць, не засвойваюць… Па-мойму, гэта ўсё ад жадання аблегчыць жыццё — як дзецям, так і сабе. Падсвядомая арыентацыя, псіхустаноўка на лёгкі хлеб. Але ж хлеб, тое ведаюць лю­дзі майго пакалення, трэба зара­біць, а хто хоча лёгкага — трапляе ў сітуацыю ваўка з вядомай казкі. Так, варта ўлічваць здольнасці кожнага, але ў школе арыентацыі, намёка нават на лёгкія веды для вучняў, лёгкае жыццё, лёгкі хлеб не павінна быць. Не сумняваюся, мяне ў гэтым падтрымаюць многія калегі. А сярод іх, дарэчы, ёсць і педагог, якая атрымала ўзнагароду “Крыштальны журавель” на конкурсе “Нас­таўнік года-2008”, — Вольга Брыч, цяпер кандыдат навук, была выкладчыцай англійскай мовы ў 1-й школе.

Мы суперажывалі ўдзельнікам прафконкурсаў, чым маглі, дапамагалі, не прапускалі конкурсы і “Настаўнік года”, і “Класны кіраўнік года”, канкурсавалі педагогі-арганізатары, псіхолагі. Традыцыя ў школе захавалася. А я, будучы дырэктарам, памятаў запавет майго дзеда Кандрата, муляра-печніка: “Не лічы за цяжкую тую працу, якую ты можаш зрабіць сам”.

— Можа, яшчэ хто даваў разумныя парады?

— Іх шмат было, але ж, ведаеце, усё трэба практыкай самому пераправерыць, тады лепш засвоіш. Памятаю настаўленне Аляксея Пархуты, загадчыка райана: “Цябе прызначылі задачы і праблемы вырашаць, а не ствараць”. А ў сакратара райкама партыі Анатоля Вайцешыка была парада: не гуляць у гульні да трох разоў. Яе кожны зразумее па-свойму, але ж разумны разважыць і наматае на вус, што не варта бясконца выпрабоўваць чыёсьці цярпенне.

— Дырэктар — гэта, казаў мне адзін ваш калега, як паміж молатам і кавадлам: і зверху стукаюць, і знізу дастаецца. Як вы кіравалі?

— Пра тое, можа, лепш вам скажуць іншыя… Прайшоўшы праз многае, я ніколі не станавіўся ў зносінах з падначаленымі ў пазіцыю паляўнічага. Не вырашаў спрэчак сілай ці ў азарце “А вось на табе!”, папрокамі. Але ж і ролю кант­ролю не прыніжаў: павінен быць, толькі дзейсны і стваральны. Бывае, ціскам кампенсуюць, на некаторы час, недахопы адміністрацыі ў арганізацыі педпрацэсу. А настаўнікі ўсё бачаць і балюча ўспрымаюць. Таму згадаем параду Кандрата Крапівы: “Кіраваць — то ты кіруй, ды не вельмі тузай!” Варта ўмешвацца, патрабаваць тады, калі патрэбна дапамога ці дапускаецца легкадумнасць, стараннасці не хапае, нешта робіцца цяп-ляп. Самастойнаму і адказнаму калегу як паветра патрэбен давер, прызнанне яго заслуг, добрае слова, удзячнасць. І мне вельмі падабалася афармляць прадстаўленні і ўзнагародныя лісты: за дасягненні, заслугі калег. Заўсёды было каго і за што заахвоціць, а як на сённяшні розум, то і больш можна было б заахвочваць! На карысць справе.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара