Ці ведаеце вы, што такое фааміран? У Цэнтры дзіцячай творчасці Лунінца з яго ствараюць лялькі Фафуча

- 11:07АРТ-квартал, Новости

Ці ведаеце вы, што такое фааміран і створаныя з яго лялькі Фафуча? Хоць гэтыя словы і непрывычныя нашаму вуху, вырабы з фаамірану сталі вельмі папулярнымі ў дзяцей. У прыватнасці, у Цэнтры дзіцячай творчасці Лунінца выстройваюцца чэргі з жадаючых навучыцца іх ствараць. Падрабязна аб гэтым — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Фааміран ужо некалькі гадоў прываблівае сабой юных творцаў, што ў сваіх творчых інтарэсах і выкарыстоўваюць педагогі. Так, яго перавагі дасканала асвоіла педагог дадатковай адукацыі Кацярына Самчук. Пасля дваццаці гадоў работы ў Цэнтры дзіцячай творчасці Лунінца з прыроднымі матэрыяламі сем апошніх гадоў Кацярына Сяргееўна працуе выключна з фааміранам. У яе аб’яднанні па інтарэсах «ФаміART» ажно 84 навучэнцы! Гэта 7 рознаўзроставых груп. Разам з педагогам яны робяць кветкі, пано, магніты, карціны, інтэр’ерныя ўпрыгажэнні. Але самае жаданае для дзяцей і складанае адначасова — стварэнне лялек.

Фааміран, або пластычная замша, — гэта аксаміцісты мяккі матэрыял у лістах, які нагадвае тоўстую паперу. «Фаам» перакладаецца як «пена», а «Іран» абазначае краіну-вытворцу. Гэты матэрыял эластычны, дазваляе ствараць элементы любой формы, таўшчыні і фактуры.

Сам па сабе фааміран вельмі практычны ў выкарыстанні: пластычны, лёгка паддаецца тэрмаапрацоўцы, вільгацеўстойлівы, і галоўнае — бяспечны для дзяцей. З яго можна зрабіць што заўгодна: ад кветак і ўпрыгажэнняў да навагодніх цацак. Мы ж традыцыйна пачынаем з кветак: вучымся закругляць, правільна абводзіць, выразаць, бо многія навічкі не ўмеюць і гэтага. Спачатку нашы кветкі плоскія, потым — складзеныя з пялёсткаў, затым — на ножцы, кветкавыя кампазіцыі і інш. Шмат увагі ўдзяляем стварэнню аксесуараў, сувеніраў, цацак. Пасля прыступаем да стварэння лялек, — гаворыць Кацярына Сяргееўна, пачынаючы экскурсію па кабінеце ўздоўж паліц з лялькамі. — Яны ў нас розныя: на алоўках, на ножках, у руху, статычныя, у кампазіцыях. Гэта ўсё — узоры лялек, па прыкладзе якіх нашы навічкі ствараюць свае ўласныя. А тыя, хто займаецца даўно, знаходзяць іншыя ідэі ці прыдумваюць іх самі.

Па словах педагога, для яе самае прыемнае, калі навучэнцы не імкнуцца паўтарыць яе работы, а выкарыстоўваюць толькі іх ідэі, а вобразы прыдумваюць самастойна. Так ствараюцца тут цэлыя лялечныя серыі. Напрыклад, у спартыўнай серыі ёсць хакеісты, баскетбалісткі і інш. Уплывае на творчых ідэях і папулярнасць пэўных лялек: дзеці тут жа імкнуцца іх ствараць з фаамірану.

Падчас стварэння лялек у педагога ёсць свае хітрынкі:

— Я саджаю дзіця побач, і калі бачу, што яно сумняваецца, баіцца, першыя разы крышачку дапамагаю. Напрыклад, вочы магу дапамагчы толькі алоўкам намаляваць, а фарбамі дзіця малюе само. Некалі я зрабіла вялікую памылку са старэйшымі дзецьмі — сама малявала вочы іх лялькам. І цяпер, калі ў іх гатова чарговая лялька, яны баяцца маляваць ёй вочкі, каб не сапсаваць. Пасля маёй работы над уласнымі памылкамі мае навучэнцы свае работы ствараюць самастойна, поўнасцю сваімі рукамі, не чакаючы маёй дапамогі. І няхай не так роўненька, затое самі.

Дарэчы, фааміран і лялькі прывабліваюць не толькі дзяўчат. Але хлопчыкі, як правіла, уліваюцца ў гэты творчы калектыў ненадоўга.

Хлопчыкі займаюцца да класа 3-га ці 4-га, а потым пачынаюць камплексаваць і саромецца, што яны адны сярод дзяўчынак. Стараюся прапаноўваць ім альтэрнатыву лялькам і кветкам, а калі яны хочуць рабіць лялек, то робяць іх мужчынскага полу — клоўна, спартсмена і г. д., — расказвае педагог.

А вось дзяўчаты часцей не пакідаюць заняткаў да 11-га класа. Для многіх з іх гэта не проста хобі, а магчымасць папаўняць уласныя кашалькі.

Са старшакласніцамі часцей мы робім работы, якія могуць прыносіць ім даход. Гэта афармленне вясельных аксесуараў, стварэнне букетаў, аздабленне бакалаў і інш. Ужо цяпер свае вырабы яны прадаюць на школьных кірмашах. Упэўнена, што ўменне зарабіць на прыгожых рэчах, створаных сваімі рукамі, не будзе лішнім і ў далейшым жыцці, — дзеліцца педагог.

А пакуль прыхільнікаў свайго майстэрства навучэнцы Кацярыны Сяргееўны знаходзяць на розных творчых конкурсах. На іх рахунку перамогі на конкурсах «Усе дзеці таленавітыя», «Калядная зорка», «Ратавальнікі вачыма дзяцей», «Таленты зямлі Берасцейскай», «Конкурс юных майстроў» і інш. Чарговая лялечная серыя ўжо завершана і гатова здзіўляць журы розных конкурсаў і аматараў дэкаратыўнай творчасці.

Даведка

La Fofucha перакладаецца як «мілая», «дарагая». Мода на гэтых лялек прыйшла з Бразіліі, дзе мастачка Карла Кампас прыдумала, як намаляваны вобраз з плоскасці перанесці ў аб’ём дзякуючы фаамірану. Гэтыя лялькі сталі папулярнымі ва ўсім свеце, па іх вырабе праводзяцца майстар-класы, а індустрыя прапануе камплекты гатовых дэталей, каб кожны жадаючы мог стварыць сваю ляльку сам.

 Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара