Ці ёсць у зямлі сэрца?

- 14:32Культура

Праяўленне чагосьці сапраўднага часам нечаканае. У гэтым лішні раз пераконвае п’еса Георгія Марчука “Святло вышыні”. У ёй нібы спалучаны, спластаваны, знітаваны два стагоддзі, прамежак паміж якімі складае яшчэ чатыры. Калі ж быць больш канткрэтным, то гэта ХVІ і ХХІ стагоддзі. Яны выбраны невыпадкова. Вядомы пісьменнік лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь свой аповед вядзе пра беларускага, а ў цэлым усходнеславянскага друкара і да ўсяго філосафа, мастака, асветніка Францыска Скарыну. Аднак не толькі расказвае пра яго самога, яго набыткі, але і паказвае надзвычай пашанотнае стаўленне да адной з самых яркіх постацей у гісторыі Беларусі.

Гэта падпарадкавана адной вельмі важнай мэце — асэнсаваць феномен Скарыны ў часе і прасторы. Пераканаць тых, хто гэтага, на жаль, пакуль не зразумеў, у тым, наколькі многа яшчэ трэба зрабіць, каб той, хто з’яўляецца гонарам нацыі, быў як мага больш запатрабаваны не толькі сваёй выдавецкай дзейнасцю, не адной сваёй творчасцю, але і ўспрымаўся асобай, якая кансалідуе нацыю. Дзеля гэтага неабходна, каб пра яго пісалася больш кніг (гісторыка-мастацкіх ці не ў першую чаргу), здымаліся фільмы, ставіліся спектаклі.

Сюжэт п’есы “Святло вышыні” арыгінальны ўжо сам па сабе. Творчыя маладыя людзі — кінарэжысёр Платон Верас, артысты Дзяніс Барэйша і Вікторыя Прылюбка як выканаўцы адпаведна роляў самога Скарыны і яго жонкі Маргарыты — збіраюцца здымаць мастацкі фільм. Адразу сутыкаюцца з праблемай, якая сёння паўстае часта: на пастаноўку не хапае грошай. Выйсце героі бачаць у тым, каб звярнуцца па дапамогу да багатых людзей. Хочуць пераканаць іх, наколькі гэтая стужка зможа зацікавіць гледача, абудзіць і актывізаваць яго нацыянальную свядомасць. Дзеля гэтага перад магчымымі спонсарамі, дабрадзеямі разыгрываюцца пэўныя эпізоды, якія потым могуць увайсці ў фільм. Платон, Дзяніс і Вікторыя звяртаюцца да ўладальніка турыстычнай фірмы і сеткі магазінаў Канстанціна Аднавухава і да гаспадара начнога клуба і казіно Авідзія Русланавіча. Прапановы галоўных герояў мусілі б зацікавіць спонсараў, ды яны знаходзяць розныя адгаворкі, каб толькі не даць грошай. Марнымі аказваюцца звароты і ў дзяржаўныя ўстановы.

Пра што гэта гаворыць? А пра тое, што скразной лініяй праходзіць праз твор Г.Марчука: грамадства ніяк не здольна пераадолець хваробу, назва якой бездухоўнасць. Многія не разумеюць (дый не хочуць гэта зразумець!), што па-сапраўднаму багатым можа быць толькі той чалавек, які нарэшце ўсвядоміў, што не адным хлебам надзённым трэба жыць. Калі душа чыстая, а свядомасць не заплямленая, тады нават пэўныя матэрыяльныя ці фінансавыя цяжкасці стануць менш страшнымі. З’явіцца ўпэўненасць, што ўсё гэта пройдзе. Затое, калі загразнеш у балоце бездухоўнасці, наўрад ці калі-небудзь выкараскаешся з яго.

“Святло вышыні” — так называецца і кніга Г.Марчука, выпушчаная выдавецтвам “Беларусь”. Акрамя гэтай песы, у кнігу ўвайшлі яшчэ тры яго драматургічныя творы. Два з іх таксама прысвечаны жыццю і торчасці Скарыны: “Кракаўскі студэнт” і “Лета 1532 года”. Як і “Святло вышыні”, яны прывабліваюць не толькі сваім зместам. Вопытны драматург (на сёння ім напісана больш як 50 драматургічных твораў), Г.Марчук, будуючы дзеянне, дасягае праўдзівасці і пераканаўчасці, якія магчымы толькі тады, калі ўсё загадзя ўзважана, калі выпрацавана свая канцэпцыя разумення часу, што ўзнаўляецца. Адметнасць гэтых гістарычных твораў у тым, што іх глыбокая філасафічнасць падмацавана той праўдзівасцю, якая спалучае ў сабе дэталёвае веданне як жыцця самога Скарыны, так і тагачасных працэсаў у грамадстве. Пісьменнік аднолькава па-майстэрску асэнсоўвае вядомыя і малавядомыя факты, аднак не трапляе ў іх палон. Калі неабходна, дае прастор творчай фантазіі. Цесна звязвае тое, што было ў сапраўднасці, з тым, што магло быць, але, на жаль, дакладных звестак пра гэта не захавалася.

Немалаважна і тое, што не толькі Скарына, але і людзі з яго акружэння, не толькі блізкага, здатны, па сутнасці, прыўзняцца над сваім часам. Хаця б “чалавек у гадах” Туравец з “Кракаўскага студэнта”. Размаўляючы са Скарынай, на той час яшчэ палачанінам, Туравец прамаўляе тое, што можа сказаць чалавек, здольны, пражыўшы нямала, задумацца і над чалавечай існасцю, і над сэнсам усяго жыцця. Навакольны свет для Тураўца — гэта і частка Сусвету:

“Было ўрэмечка, і нас цалавалі ў цемечка, а цяпер у уста, і то дзеля Хрыста. У цябе чобаты на цвёрдай падэшве з абцасам. Чорныя людзі, даннікі ды рукадзельныя людзі яшчэ такіх чобатаў не носяць. […] Я марыў хадзіць за мора, як твой бацька. Калі мы былі маладыя, мы не баяліся рыцараў. Цяпер усё спаганілася… і людзі… Магістрат бароніць купцоў з калітою, баяраў, а я просты люд паспаліты; мяне, акрамя вось гэтых рук, няма каму абараніці. Ды рукі не слухаюцца… Цьфу на вас, цьфу… Так і памру тут… А хацеў даехаць да сэрца зямлі, куды сцякаюцца віны, усе багацці, людзі… Як думаеш, павінна ж жыць у зямлі сэрца, дзе кожнаму чалавеку добра, верыш у гэта?”

Спалучэнне мінулых і сённяшніх падзей, гісторыі і сучаснасці робіць п’есы Г.Марчука надзвычай актуальнымі. Тым самым узмацняецца іх патрыятычнае гучанне. Гэта асабліва важна для маладога пакалення. Хацелася б, каб на гэтыя творы звярнулі ўвагу кіраўнікі школьных драматычных гурткоў. Атрымаліся б цікавыя пастаноўкі. Прынамсі, варта было б даць сцэнічнае жыццё п’есе “Альгерд”, якая таксама змешчана ў кнізе.

Да легендарнай асобы вялікага князя літоўскага пісьменнік звярнуўся невыпадкова. Альгерд працаваў і ваяваў таксама ў імя нашай будучыні, дзеля сучаснай Беларусі. Пры яго кіраванні тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага павялічылася ўдвая. Г.Марчук і гэты раз, удала спалучаючы пэўныя дакументальна пацверджаныя факты і мастацкі домысел, стварыў узбуйнены мастацкі вобраз. Але тое, як падае ён вобраз Альгерда, ніколькі не супярэчыць гістарычнай праўдзе.

Загортваючы апошнюю старонку кнігі, нельга яшчэ раз не задумацца над пытаннем, якое задаў Туравец юнаму Скарыне: “Як думаеш, павінна ж жыць у зямлі сэрца?” Усё больш упэўніваешся, што адказ — у саміх п’есах, сабраных пад адной вокладкай. У існаванні гэтага сэрца пераконвае жыццё такіх выдатных людзей, як Скарына, Альгерд. А яшчэ большая ўпэўненасць з’яўляецца дзякуючы таленавітаму аповеду Г.Марчука пра гэтых людзей. Ён здолеў даказаць, што сэрца зямлі сілкуюць сэрцы тых, хто годна і сумленна жыве на ёй.

Язэп ЛІТВІНОВІЧ.