Цікавы факт: у школах Добруша  працуюць настаўнікі­-блізняты Ірына і Святлана Цімашэнка, Арцём і Артур Траянавы

- 9:00Главная, Гомельская область, Новости

Іх увесь час блытаюць, а навучэнцы і калегі дзівяцца, наколькі яны падобныя ў шчырых імкненнях стаць лепшымі ў прафесіі. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з педагогамі рускай мовы і літаратуры Ірынай і Святланай Цімашэнка, настаўнікамі англійскай мовы Арцёмам і Артурам Траянавымі.

Псіхалогія блізнят

Абедзве сястры Цімашэнка знайшлі натхненне ў высакароднай прафесіі. Прадстаўніцы прыгожага полу расказваюць, што ў школе добра вучыліся, любімымі прадметамі ў адной былі хімія, матэматыка, у другой — беларуская мова. З дзяцінства разам гулялі і вучылі, выхоўвалі цацкі. Праз некалькі гадоў дзіцячая гульня ператварылася ў рэальнасць. Скончыўшы 11 класаў з залатым і сярэбраным медалямі, крок у педагогіку, несумненна, зрабілі свядома. І ўжо 17 гадоў працу­юць з дзецьмі, пры гэтым адзначаюць, што робяць тое, што любяць, і любяць тое, што робяць.

Сёстры Цімашэнка — бліскучыя філолагі, якія ўмеюць нестандартна і займальна падаваць вучэбны матэрыял. Настаўніцы рускай мовы і літаратуры неаднаразова адзначаліся граматамі і падзякамі за плённую працу і паспяховую педагагічную дзейнасць. Ім абедзвюм ёсць чым ганарыцца, бо іх выхаванцы  дасягаюць вышынь на рэс­публіканскай прадметнай алімпіядзе, на 100 балаў здаюць выпускны экзамен па рус­кай мове. Ірына Міхайлаўна выкладае ў сярэдняй школе № 3, Святлана Міхайлаўна — у гімназіі.

— У нас ніколі не было “я” і “ты”, толькі “мы”, — адзначае Ірына Цімашэнка. — Так ра­зам і вырашылі паступаць у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны. У студэнцкія гады, калі выкладчыкі нас блыталі, то выклікалі да дошкі па чарзе, каб адна за другую не адказвала. Іспыты здавалі таксама разам, ішлі ў адной пяцёрцы.

— Вам падабаецца адно і тое ж?

Ірына Міхайлаўна:

— У дзяцінстве, напэўна, так і было, хоць больш бацькі гэтаму спрыялі: каб у нас былі аднолькавыя цацкі і гардэроб. З узростам, калі нейкіх поспехаў дасягае адна з нас, другая абавязкова шчыра пара-
дуецца.

— Ці адчуваеце паміж сабой канкурэнцыю ў рабоце? Усё ж менавіта вашы выхаванцы папаўняюць дыпломамі і 100-бальнымі сертыфікатамі на ЦЭ скарбонку розных устаноў адукацыі.

Святлана Міхайлаўна:

— З прафесійнага пункту гледжання, за вынікамі адна адной, вядома, сочым. Заўсёды адчуваецца дапамога і падтрымка, плячо сястры.

Ірына Міхайлаўна:

— Калі нешта задуманае не атрымалася, то стараемся прыкласці максімум намаганняў для дасягнення мэты ў будучыні. Заўсёды матывуем, зараджаем сваіх навучэнцаў на вынік і поспех. Адзначу, што мая сястра дзеліцца са мной абсалютна ўсім: матэрыяламі, напрацоўкамі, фішкамі, якія могуць спатрэбіцца ў рабоце.

— Як лічыце, у чым ваша падабенства і прынцыповае адрозненне?

Ірына Міхайлаўна:

— Мы вельмі патрабавальныя, і ў першую чаргу да сябе. Відаць, гэтая рыса ў нас агульная. Ужо 17 гадоў у прафесіі, і для нас абедзвюх галоўнае — наву­чыць дзяцей, каб яны ў дарослым жыцці змаглі сябе паспяхова зарэкамендаваць і рэаліза­ваць.

Святлана Міхайлаўна:

— Сястра ўпэўнена сябе адчувае за рулём аўтамабіля, я не ваджу машыну.

— Вольны час па-за сценамі вучэбных кабінетаў — гэта…

Святлана Міхайлаўна:

— Любім падарожні­чаць і наведваць тэатры. Кожны раз, знаёмячыся са славутасцямі, гістарычнымі, знакавымі месцамі нашай рэспублікі або выязджаючы за яе межы, пагружаемся ва ўласныя глыбіні. Падарожжы вучаць нас быць моцнымі, смелымі. Неверагодна цікава было наве­даць Мірскі і Навагрудскі замкі, мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Пакарылі нас Масква, Санкт-Пецярбург, Карэлія.

Ірына Міхайлаўна:

— Не прапускаем ні адной тэатральнай прэм’еры. Тэатр — той від мастацтва, які абуджае ў чалавеку лепшыя якасці, натхняе, захоплівае.

— Ці супадаюць вашы дэвізы па жыцці?

Святлана Міхайлаўна:

— “Я падумаю пра гэта заўтра”. Несумненна, імкнуся важныя пытанні вырашаць тут і цяпер, а ўсё другараднае адкладаю.

Ірына Міхайлаўна:

— Так, сапраўды, гэта фірменная фраза сястры. А ў мяне: “Мы ў адказе за тых, каго прыручылі”.

Хто вы, Артур Сяргеевіч ці Арцём Сяргеевіч?

Браты­-блізняты Траянавы працуюць у сярэдняй школе № 5, іх урокі англійскай мовы адрозніваюцца крэатывам, заняткі цікавыя і пазнавальныя. Акрамя таго, у абодвух педагогаў ёсць класнае кіраўніцтва.

Артур Сяргеевіч на 5 мінут старэйшы за брата, а Арцём Сяргеевіч на 2 сантыметры вышэйшы. Прызнацца, з першых мінут даволі складана адрозніць, хто ёсць хто.

— Калі ў школе замяняем урокі адзін аднаго, некаторыя навучэнцы могуць нас адрозніць. Дзеці адчуваюць, счытваюць паводзіны, манеры, характар, хтосьці арыентуецца на наш абутак і наяўнасць пярсцёнкаў на ўказальным пальцы, — гаворыць Артур Траянаў. — Я бываю запальчывым і імпульсіўным, мацней перажываю тую ці іншую сітуацыю. А Арцём больш спакойны.

Браты Траянавы ў школьныя гады паказвалі дастойныя вынікі, выдатнікі вучобы запомнілі свой выпускны вечар як прыгожае, хвалюючае і радаснае свята, на якім ім уручылі атэстаты асаблівага ўзору: Арцёму — залаты медаль, Артуру — сярэбраны. Дарэчы, абодва паступілі ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Акрамя педагогікі, іх аб’ядноўвае і духоўны кампанент: падчас наведвання царквы судакрананне з бос­кім дае вернікам пачуццё радасці і душэўнага ўздыму.

— Прафесія настаўніка патрабуе вытрымкі, цярпення, пакоры, духоўнага падсілкоўвання, — лічыць Артур Сяргеевіч. — Акрамя таго, педагагічны калектыў 5-й школы вялікую ўвагу ўдзяляе рабоце па духоўна-маральным выхаванні дзяцей, якая будуецца на ўзаемадзеянні з Беларускай Праваслаўнай Царквой.

— Адзін лёс у нас на дваіх! — працягвае Арцём Траянаў. — З 5 класа мы захоплена вывучалі англійскую мову. Спачатку хацелі стаць перакладчыкамі, але ацанілі, што гэтая прафесія не так запатрабавана на рынку, як работа настаўніка. Першы крок у прафесію рабілі таксама разам у гімназіі, з 2018 года працуем у сярэдняй школе № 5.

Англійская з фокусам на вынік — комплексны падыход пры навучанні: гаварэнне, чытанне, пісьмо, успрыманне маўлення на слых, разуменне. Настаўнікі адыхо­дзяць ад стэрэатыпаў: гля­дзім заданне — выконваем практыкаванне да яго. Іх урокі, асаб­ліва для навучэнцаў пачатковых класаў, становяцца не толькі пазнавальнымі, але і займальнымі. Нестандартны падыход да работы ўносіць разнастайнасць у навучанне і дазваляе вывучаць новы матэрыял, паўтараць лексіку і правілы замежнай мовы праз гульню.

— Вучні 3—4 класаў любяць удзельнічаць у гульні “Сапсаваны тэлефон”, — мадэлюе частку ўрока Арцём Траянаў. — Першаму вучню ціха прагаворваю фразу на англійскай, і так кожны з дзяцей па чарзе на вуха перадае тое, што пачуў. У канцы ланцужка часцей прагаворваюць тую фразу, якую вымавіў першаму школьніку. Тэлефон рэдка бывае сапсаваным.

— Для лепшага ўспрымання інфармацыі, для большай уцягнутасці маленькіх школьнікаў у працэс урока таксама выкарыстоўваю гульнявы момант, — далучаецца Артур Траянаў. — Напрыклад, дзеці лепш і хутчэй засвойваюць, запамінаюць нешта новае, калі дыялог і работа будуюцца вакол іх любімага казачнага або мультыплікацыйнага персанажа.

Для старшакласнікаў у педагогаў таксама ёсць “карты ў рукаве”: яны часта дзеляцца вопытам і расказваюць, як удзельнічалі ў папулярнай праграме міжнароднага абмену. Таксама добра ў братоў атрымліваецца захапіць школьнікаў алімпіядным рухам. Праўда, задумваюцца, што, магчыма, у будучыні ім лепш аб’яднацца пры падрыхтоўцы вундэркіндаў для ўдзелу ў інтэлектуальным спаборніцтве. Вынікова ўдаецца зацікаўліваць адначасова замежнай мовай і педагогікай. Так, адна выпускніца Артура Сяргеевіча па­й­шла па яго слядах, паступіўшы ў МДЛУ.

На пытанне, ці адчуваюць браты Траянавы сябе на сваім месцы, не разважаючы, адказалі практычна разам, што ў прафесіі педагога шмат плюсоў і яны не плануюць мяняць сферу дзейнасці. Сярод станоўчага адзначылі, што падабаецца вучыць дзяцей. У абодвух ёсць класнае кіраўніц­тва, упершыню сёлета куратарам у пяцікласнікаў стаў Артур Сяргеевіч. Вопытам правядзення баць­коўскага сходу з ім падзяліўся брат, які ўжо 4 гады з’яўляецца класным кіраўніком. Вядома, спачатку было страшна, але вельмі хутка з’явілася паразуменне з дзецьмі, наладзіўся кантакт з бацькамі. Работы з навучэнцамі значна прыбавілася, бо трэба штодзень фарміраваць дзіцячы калектыў, быць сувязным звяном, накіроўваць, падказваць і аб’ядноўваць маладое пакаленне. Увечары за кубкам гарачай гарбаты педагогі разам вырашаюць нейкія працоўныя моманты, размаўля­юць пра навучэнцаў, рыхтуюцца да ўрока, пішуць разам планы, шмат інфармацыі па класнай рабоце дасылаюць у бацькоўскі чат.

— Быць дваім у адной прафесіі адназначна лягчэй: адзін вучэбны план на дваіх, — жартуе Артур Сяргеевіч.

Браты-блізняты рады, што разам дасягаюць поспехаў у прафесійным плане. Ім спакайней, калі адчуваюць падтрымку і знаходзяцца ўвесь час побач. Таму не дзіўна, што на пытанне аб вялікай і светлай мары ў іх таксама прагучаў агульны адказ:

— Дом у вёсцы — райскае месца, дзе хочацца больш быць на прыродзе, абзавесціся агародам. Спадзяёмся, што там будзе заўсёды цёпла і ўтульна. Вясковая хата стане тым месцам, дзе будзе адпачываць душа.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара