Цікавыя эксперыменты з раслінамі праводзяць у Слоніме Варвара Бігель і яе настаўніца

- 17:20Новости

Батанічныя эксперыменты, якія пад кіраўніцтвам настаўніцы Алены Лапато праводзіць школьніца Варвара Бігель са Слоніма, даюць і веды, і граматы, і смачны пабочны эфект — агуркі з уласнай градкі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Што можа быць больш цікавым, чым вывучаць разнастайныя праявы жыцця! Вось ці чулі вы, што “смачныя” дрэвы на невялічкім участку не­дзе ў індыйскіх джунглях здольныя за вельмі кароткі час… зрабіць горкім сваё лісце. Так расліны абараняюцца ад сланоў, якія прыходзяць паабедаць, так выжываюць перад пагрозай татальнага вынішчэння.

Алена Лапато, Варвара Бігель і яе мандарынавае дрэўца

Даследаванні Варвары Бігель, сямікласніцы з 4-й слонімскай школы, — гэта першыя крокі да спасціжэння глыбокіх узаемазалежнасцей. І пад кіраўніцтвам настаўніцы хіміі і біялогіі Алены Браніславаўны Лапато яна ўпэўнена рухаецца наперад.

“Мы з Варай летась эксперыментавалі, палівалі насенне фасолі рознымі відамі вады: з расталага снегу, са студні, з водаправода, — пасвячае ў сутнасць справы настаўніца. — Што для прарастання будзе лепш? Як у казках, хацелі зразумець, якая вада для насення раслін жывая і якая мёртвая. Аддалі перавагу снегавой. Сёлета прадоўжылі работу, развіваем даследчы талент дзяўчынкі”.

Бацькі Варвары Бігель маюць дом у прыватным сектары, і пры ім расце рэдкае для Беларусі гінкга білоба — рэліктавае дрэва, апошні прадстаўнік сямейства гінкгавых, самы стары від дрэў на Зямлі. Успомнілі? З экстратаў лісцяў экзота фармацэўты ро­бяць біяактыўныя дабаўкі: такія прапісва­юць людзям для паляпшэння мазгавога кровазвароту. І эфект пацвярджа­юць даследаванні.

Ліст гінкга білоба ў руках Варвары

Варвара і Алена Лапато таксама вырашылі прыўнесці экзотыку ў свой чарговы эксперымент. З тэзісаў навуковай работы “Уплыў водных выцяжак з апалага лісця розных відаў дрэў на прарастанне насення агурка” вынікае: яны шукаюць сродкі, “каб палеп­шыць прарастанне насення, утварэнне каранёў, прадухіліць ападанне кветак і завязі”. Для таго каб паскорыць выспяванне пладоў, дачнікі ведаюць сакрэты (скажам, ферментуюць у бочках біямасу і паліваюць гэтым настоем агарод), выкарыстоўваюць іншыя стымулятары росту. У продажы іх шмат, аднак можна зра­біць і самім. Даследчыкі з 4-й школы прапаноў­ваюць выкарыстоўваць аднаўляльны і даступны рэсурс — апалае лісце. Хоць у ім няма пажыўных кампанентаў, але гэта выдатная крыніца клятчаткі, крэмнію. Толькі якое лісце найлепш для гэтага пады­дзе і як з ім абыходзіцца?

Па словах Алены Браніславаўны, юная дас­ледчыца спачатку працавала з адпаведнай лі­та­ратурай, потым прарошчвала насенне агурка (гатунак “Канкурэнт”), выкарыстоўваючы водныя выцяжкі з апалага лісця гінкга двухлопасцевага, клёна, вішні, яблыні, і ўрэшце падвяла вынікі.

“У нас была такая гіпотэза: апалае восеньскае лісце ў якасці натуральнага ўгнаення можа істотна паўплываць на ўраджайнасць раслін, — гаворыць кіраўнік эксперымента. — І Варвара зафіксавала, што найбольшая колькасць насення прарасла ў пробе № 1 (гінкга) і пробе № 3 (клён). Ды, на жаль, на сёмы дзень праросткі ў пробе № 1 завялі. Таму збіраемся такі дослед паўта­рыць, узяць меншыя канцэнтрацыі выцяжкі — заварваем яе як гарбату. А якую выснову зрабілі? Паколькі ў лісці гінкга шмат біяактыўных рэчываў, то, магчыма, яны спачатку занадта стымулявалі рост — а гэта мог быць стрэс для раслін, і кволыя праросткі яго не перажылі”.

Пад эксперыменты мама, якая таксама “ў тэме”, выдзеліла Варвары асобную градку, ёсць і цяпліца пры доме. Там і апынуліся ўдалыя праросткі, калі даныя былі сабраны. Урэшце смачныя агуркі, “пабочны эфект” ад практычнай часткі навуковай работы, усім прыйшліся даспадобы. А даследчыца зрабіла паведамленне на раённую канферэнцыю навучэнцаў “Ступені да навукі” (секцыя “Юны даследчык”) — і атрымала там грамату.

Што ж, апалае весеньскае лісце можа павышаць ураджайнасць — прынамсі, агуркоў. І такая навіна, лічаць Варвара Бігель і яе настаўніца, заслугоўвае ўвагі агароднікаў, у тым ліку і на школьных сядзібах, дзе ёсць агароды, сады, цяпліцы.

Ну а перцы? Ведаю, што Варвара ў эксперымент і перцы таксама ўключала. Кіравалася тым, што ў сям’і перцы ў пашане: практычны інтарэс.

“Перцы не ўзышлі ўвогуле: падвяло насенне, — адказала настаўніца. — Тым не менш, як у навуцы кажуць, адмоўны вынік — таксама вынік”.

У размове з Аленай Браніславаўнай мы разважалі, што не толькі ў раслін магчыма такое: спачатку бурны рост, развіццё — а потым дэпрэсія і рэгрэс. Для жывых арганізмаў такое ўласціва.

Так што, калі перанесці развагі на школу, неяк штучна павышаць актыўнасць маладога чалавека, які не мае на тое ўнутранага жадання і патэнцыялу, не заўсёды варта. І звышнагрузкі, на якія здольныя адны, для іншых могуць аказацца стрэсам, прывесці да хвароб.

Зрэшты, гэта зусім не пра творчы патэнцыял Варвары Бігель. Вы, напэўна, заўважылі ў тэксце зварот да мовы казак, згадку пра ваду жывую і мёртвую. Гэта невыпадкова. Бо Варвара, як высветлілася, і мандарыны вырошчвае (насенне ў ватцы вільготнай прарасціла), і ў іншых сферах рэалізуе свае таленты. У прыватнасці, на раённым этапе мінулага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Выратавальнікі вачыма дзяцей” яна заняла
2-е месца ў намінацыі “Казкі”. Ды чаго тут здзіўляцца: таленавіты чалавек — ва ўсім таленавіты.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота з архіва Варвары Бігель