На шляху цягніка Памяці не было выпадковых гарадоў. Пра кожны з іх — у дарожных нататках карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Брэст
Важнасць і маштаб праекта моладзь больш яскрава адчула падчас дыялогавай пляцоўкі ў аблвыканкаме з удзелам старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталлі Качанавай. Афіцыйна старт “Цягніку Памяці” далі ў Брэсцкай крэпасці 21 чэрвеня. Але, напэўна, сапраўдным зыходным пунктам маршруту — праз свядомасць і сэрцы — сталі 4 гадзіны наступнай раніцы. Мы сустрэлі іх таксама ў крэпасці, ля манумента “Мужнасць”. Здавалася, што ў святле пражэктараў абрысы воіна становяцца больш выразнымі, напаўняюцца жыццём. Ён нібы прыслухоўваўся да сказанага на мітынгу-рэквіеме, уважліва ўзіраўся ў кожнага з прысутных: “Ці дастойныя нас вы, нашчадкі?”. Часам было адчуванне: варта толькі хутка азірнуцца — і заўважыш, як у летніх прыцемках да строю ўдзельнікаў далучыліся постаці абаронцаў цытадэлі… Пазней у нас з’явілася магчымасць пазнаёміцца з іх пераемнікамі. Пагранічнікі заставы імя Р.І.Кофанава расказвалі юнакам і дзяўчатам пра службу, паказалі тэхніку, зброю і абсталяванне, прадэманстравалі затрыманне парушальніка дзяржаўнай мяжы са службовым сабакам і нават пачаставалі салдацкай кашай з палявой кухні.
Гродна
У вогненным 1941-м у гэты час іх гродзенскія калегі ў акружэнні адбівалі варожыя атакі ў раёне Аўгустоўскага канала і пасёлка Сапоцкін. Між тым фашысцкая арда прарывалася ўглыб Беларусі: у ноч з 22 на 23 чэрвеня нашы вайсковыя часці адступілі з абласнога цэнтра. Адзін з вядомых фотаздымкаў Гродна перыяду Вялікай Айчыннай вайны датуецца 23 чэрвеня, калі цягнік Памяці зрабіў прыпынак у Гродне. На тым фота гітлераўцы вядуць агонь па горадзе, упэўненыя ў сваёй перамозе і беспакаранасці. Захопнікаў чакала расчараванне: воінамі 3-га Беларускага фронту ў ходзе Вільнюскай і Беластоцкай аперацый 16 ліпеня 1944 года была вызвалена правабярэжная частка Гродна, на левым беразе Нёмана баі працягваліся да 24 ліпеня.
Паднімалі горад з руін пераважна жанчыны і дзеці. Напрыклад, студэнты і старшакласнікі адпрацоўвалі тут па 15 гадзін у месяц. На разборцы завалаў праходзілі пасляваенныя ўрокі фізкультуры і працы ў школьнікаў… Сённяшні Гродна гасцінна сустрэў каманду праекта, гатовы раскрыць усе свае таямніцы. Многім з удзельнікаў запала ў душу прыгажосць Старога і Новага замкаў, культурна-адукацыйная праграма на базе адпачынку “Прывал”. А ўвечары нас чакаў яшчэ адзін старажытны горад, вядомы ўсяму свету як калыска беларускай дзяржаўнасці, духоўнасці і культуры.
Полацк
Гэтаму гораду мае калегі, як мне здаецца, удзялілі менш увагі, чым ён таго заслугоўвае… Між тым усе мы, і дарослыя, і моладзь, былі моцна ўражаны маштабным прыёмам і яго бездакорнай арганізацыяй. Некаторыя важатыя пачалі вымяраць яе ў наступных гарадах на маршруце… у Полацках! Так, неаднойчы чула пра 8 або 9 Полацкаў з 10, і, як найвышэйшае прызнанне, “сёння было 10 Полацкаў”.
У канцы чэрвеня 1941 года былі прызначаны выпускныя вечары ў полацкіх школах. Але напярэдадні, як прыгавор, прагучала бязлітаснае слова “вайна”. Атэстаты выпускнікам уручылі ў строгай абстаноўцы, і адразу пасля гэтага многія з іх адправіліся на прызыўны пункт ваенкамата. Неўзабаве пачаліся страшныя бамбёжкі і артабстрэлы горада. Аднак захопнікі сустрэлі тут люты адпор. Працягласць Полацкага ўмацаванага раёна Лініі Сталіна складала 56 кіламетраў, дзе размяшчалася больш за 200 доўгачасовых агнявых пунктаў. Змаганне з фашыстамі ішло літаральна за кожны метр роднай зямлі. Полацк абаранялі 6 нашых дывізій. Яны доўгі час стрымлівалі 16 дывізій вермахта, скавалі адну з галоўных ударных сіл — трэцюю танкавую групу генерала Гота, вымушалі гітлераўцаў уводзіць у бой усё новыя і новыя часці. Па планах камандавання, Полацкі ўмацраён павінен быў пратрымацца 15 дзён, але яго абарона працягвалася больш чым тры тыдні. Гэта ў значнай ступені дапамагло стабілізаваць фронт, выйграць сілы для Смаленскай бітвы і ў канчатковым выніку адстаяць Маскву.
У Полацку пад гукі аркестра нас віталі славуты першадрукар Францыск Скарына, навучэнцы Полацкага кадэцкага вучылішча (гісторыя якога пачынаецца ў 1835 годзе), творчыя маладзёжныя калектывы. Праграма была насычана новай інфармацыяй і падзеямі: урачыстая сустрэча “Моладзь. Адзінства. Памяць” ля помнікаў “Вызваліцелям Полацка” і “Героям вайны 1812 года”, паветраны шар над плошчай Свабоды ў гонар гасцей, гістарычныя рэканструкцыі і горад майстроў, аповед пра полацкіх князёў і асветніцу Еўфрасінню Полацкую — першую святую, кананізаваную Рускай Праваслаўнай Царквой, а таксама канцэрт арганнай музыкі ў выкананні знакамітай Ксеніі Пагарэлай, знаёмства з Полацкім дзяржаўным універсітэтам, што сваімі карпусамі аб’ядноўвае горад з суседнім Наваполацкам, сёлетняй маладзёжнай сталіцай Беларусі. З гэтага года маладзёжную сталіцу вызначылі і расіяне: у конкурсе перамог Ніжні Ноўгарад, сустрэча з якім была ў нас наперадзе.
Дарэчы, Полацк — малая радзіма Н.І.Качанавай. Менавіта Наталля Качанава і яе расійская калега Валянціна Мацвіенка выступілі ініцыятарамі праекта. У мінулым годзе ў ім прымалі ўдзел беларусы і расіяне, сёлета да іх далучыліся прадстаўнікі Арменіі і Кыргызстана, праект праходзіць пад эгідай Саюзнай дзяржавы.
Пецяргоф, Санкт-Пецярбург
Прыпынкі ў названых двух гарадах пакінулі незабыўныя ўражанні, моцныя эмоцыі і яркія ўспаміны. Раскоша Пецяргофа, наведванне музея чыгункі Расіі найстарэйшай у краіне кінастудыі “Ленфільм”, шматлікія экскурсіі — Ісакіеўскі сабор, Сенацкая і Палацавая плошчы, Летні сад, Марсава поле… Цудоўным сюрпрызам стала магчымасць пабываць на юбілейным фестывалі выпускнікоў “Пунсовыя ветразі”, якому сёлета споўнілася 55 гадоў: жывая казка, растральныя калоны з палаючымі факеламі і ўбачаная са стрэлкі Васільеўскага вострава водная феерыя, што завяршылася фантастычным салютам.
У 1941-м гэтыя дні для ленінградцаў пачыналіся з надрыўнага выцця сірэн, гудкоў паравозаў і цеплаходаў. Адміралцейскі шпіль схаваў пашыты з мешкавіны чахол, зафарбоўваліся пазалочаныя шпілі Петрапаўлаўскага сабора і Інжынернага замка, званіца Прадцечанскай царквы, купалы Мікольскага сабора… Перад завяршэннем перадач па радыё 26 чэрвеня дыктар замест пажадання добрай ночы папярэдзіў слухачоў: на выпадак паветранай трывогі рэпрадуктары не павінны выключацца. Пасля спынення перадач па гарадской сетцы загучаў спецыяльны прыбор метраном, мернае ціканне якога азначала, што радыёкропка працуе. Ён стаў потым адным з сімвалаў жудаснай ленінградскай блакады, якая пачалася 8 верасня 1941 года, доўжылася 872 дні і, па розных ацэнках, забрала жыцці ад 600 тысяч да 1,5 мільёна жыхароў горада. Прычым толькі каля 3 працэнтаў насельніцтва загінула пры бамбёжках, астатнія памерлі ад страшнага голаду. Тым не менш Ленінград выстаяў і адрадзіўся пасля вайны.
Наступным горадам на маршруце быў Ніжні Ноўгарад. Сюды вывезлі Таню Савічаву, якой належыць вядомы на ўвесь свет дзённік: дзяўчынка запісвала даты смерці родных. Апошні кароткі радок пранізліва крычыць: “Савічавы памерлі. Памерлі ўсе”. На жаль, голад настолькі падарваў здароўе Тані, што і яе не ўдалося выратаваць… Самай важнай для нас падзеяй падчас знаходжання ў Санкт-Пецярбургу было наведванне Піскароўскіх мемарыяльных могілак — помніка смутку, стойкасці і мужнасці ў барацьбе з фашызмам. Моладзь Беларусі, Расіі, Арменіі і Кыргызстана ўсклала кветкі, запаліла свечкі і ўшанавала памяць ахвяр блакады Ленінграда і абаронцаў горада.
Ніжні Ноўгарад (у час вайны — Горкі)
Маладзёжная сталіца Расіі — 2023 прымала цягнік Памяці 26 чэрвеня. У гэты дзень у 1941 годзе на Беларускім вакзале ў Маскве адбылася прэм’ера вядомай усім песні “Свяшчэнная вайна”. Тады ж з неба над дарогай Маладзечна — Радашковічы накіраваў свой палаючы самалёт на таран калоны варожай бранятэхнікі інтэрнацыянальны экіпаж пад камандаваннем беларуса Мікалая Гастэлы. А ў пераможным 1945-м 26 чэрвеня быў падпісаны Статут ААН. Для сталіцы маёй Радзімы гэты дзень таксама адметны:
у 1974 годзе Мінск афіцыйна прызнаны горадам-героем.
Падчас вайны з Ніжагародскай вобласці ў Чырвоную Армію пайшло 844 тысячы чалавек, больш за 300 з іх атрымалі званне Героя Савецкага Саюза, многія былі прадстаўлены да высокага звання пасмяротна. Гэта горад вялікага працоўнага подзвігу. Менавіта ў Горкім была выпушчана палова ўсіх савецкіх падводных лодак, трэць танкаў і САУ, больш за чвэрць самалётаў-знішчальнікаў. Тут сыходзілі з канвеераў легендарныя “Кацюшы”, вайсковыя матацыклы, грузавыя аўтамабілі, артылерыйскія снарады і міны ўсіх калібраў. Галоўны пункт маршруту па горадзе — мемарыяльны комплекс у гонар гаркаўчан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У Ніжнім Ноўгарадзе мы наведалі музей-філіял “Ніжагародскі Крэмль” і Волга-Вяцкі філіял ДМІІ імя А.С.Пушкіна (“Арсенал”), сустрэліся з вышэйшымі службовымі асобамі рэгіёна, даведаліся мноства новых цікавых фактаў пра горад і ваколіцы ў ходзе экскурсій, былі на майстар-класах, малявалі, збіралі спілс-карты. Захапленне выклікала Чкалаўская лесвіца на беразе Волгі, закладзеная ў 1943 годзе ў гонар перамогі ў Сталінградскай бітве. Успаміны засталіся самыя цёплыя, хочацца вярнуцца ў гэты цудоўны і гасцінны горад яшчэ, каб пазнаёміцца з ім бліжэй.
Уфа
Сталіца Башкартастана сустрэла цягнік Памяці ясным надвор’ем і сонечнымі ўсмешкамі гасцінных гаспадароў.
Гэты горад на маршруце цягніка адметны не толькі слаўнай гісторыяй, выдатнымі людзьмі, цікавымі архітэктурнымі помнікамі, маляўнічай прыродай. Не менш важна, што уфімскі прыпынак адбыўся на палях Х Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі. У Калоннай зале Міністэрства сельскай гаспадаркі Башкартастана адбылася сустрэча моладзі са старшынямі верхніх палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталляй Качанавай і Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка. Да адкрытага дыялогу з прадстаўнікамі чатырох краін, якія сёлета ўдзельнічаюць у беларуска-расійскім культурна-адукацыйным праекце, далучыліся таксама дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў і кіраўнік Рэспублікі Башкартастан Радый Хабіраў. Моладзь з Беларусі разам са сваімі расійскімі, армянскімі і кыргызскімі сябрамі ўсклала кветкі да помніка генералу Мінгалі Шаймуратаву. А далей нас чакала блізкае знаёмства з прыгажуняй Уфой!
Самара (Куйбышаў)
Гэта яшчэ адзін горад вялікага працоўнага подзвігу. У гады Вялікай Айчыннай вайны тыл тут быў фронтам. Адзін з трох ваенных парадаў у лістападзе 1941 года быў праведзены менавіта ў Куйбышаве. Ён меў асаблівае палітычнае і стратэгічнае значэнне як “запасная сталіца” Савецкага Саюза, куды былі эвакуіраваны вышэйшыя ўрадавыя органы на чале з М.І.Калініным і частка ваенных упраўленняў, дзе размясціліся замежныя пасольствы 21 краіны. Вярхоўны Галоўнакамандуючы Іосіф Сталін пакінуць Маскву адмовіўся… Сёння ў Самары канструююць і будуюць не толькі авіятэхніку, але і касмічныя караблі.
Невыпадкова наша раніца на найбуйнейшым вакзале Еўропы пачалася з інтрыгуючага творчага касмічнага сюрпрызу! Далей у праграме былі наведванне ваенна-гістарычнага музея, бункера Сталіна і парка “Расія — мая гісторыя”, а таксама сустрэча з удзелам намесніка старшыні ўрада Самарскай вобласці Аляксандра Фяцісава, прагляд спектакля “Васіль Цёркін” у тэатры “СамАРТ” і песні пад гітару разам з клубам фестывалю імя У.Грушына!
Мяне ў Самары найбольш крануў помнік непаўналетнім працаўнікам тылу: хлопчык і дзяўчынка сядзяць на лаве і трымаюцца за рукі. Пакуль бацькі ваявалі, замест іх ля станкоў стаялі падлеткі. На пастаменце — таблічка са словамі: “Им выпала особая дорога: война вас не считала за детей, а Родина с вас спрашивала строго”.
Валгаград
Так апісвае баі за Мамаеў курган нямецкі афіцэр Гельмут Вельц: “З гэтай вышыні нам відаць усё. На рускія абарончыя пазіцыі абвальваецца залп за залпам. Узлятаюць цэлыя гірлянды снарадаў. Там ужо не павінна быць нічога жывога. Здаецца, так яно і ёсць. Яшчэ якіх дваццаць метраў — і нашы зоймуць перадавыя рускія пазіцыі. І раптам у варонках і на агнявых пунктах з’яўляецца руская пяхота, якую мы ўжо лічылі знішчанай…”
На тагачасных тапаграфічных картах гэтае ўзвышша ў цэнтральнай частцы горада пазначалася як вышыня 102. Дзякуючы свайму стратэгічнаму становішчу, яна стала ключавой у бітве за Сталінград. Баявыя дзеянні на Мамаевым кургане вяліся з верасня 1942-га па студзень 1943 года, бітва працягвалася 135 дзён, а сама Сталінградская бітва — 200 дзён. Роўна столькі прыступак вядуць сёння на курган, дзе размешчаны вялікі мемарыяльны комплекс. Далей мы прайшлі праз алею таполяў і плошчу “Стаяць насмерць” у залу воінскай Славы. Сцены тут аблямоўваюць 34 мазаічныя сцягі пурпурнага колеру, на якіх высечаны імёны загінуўшых абаронцаў Сталінграда. Пасярэдзіне залы — рука загінуўшага воіна, які сімвалічна перадае Вечны агонь будучым пакаленням.
Па пандусе выйшлі на плошчу Смутку, дзе пахаваны маршал Васіль Чуйкоў. І адсюль яшчэ вышэй, на вяршыню кургана, — да сусветна вядомага манумента “Радзіма-маці”. Непадалёк — храм Усіх Святых. На кургане знайшлі апошні спакой каля 35 тысяч яе абаронцаў. Не буду гаварыць пра перажытыя пачуцці — перахоплівае дыханне ад слёз, словы лішнія. Завяршылася знаёмства з горадам у музеі-панараме “Сталінградская бітва”.
Тула, Ясная Паляна
Першы наш прыпынак на тульскай зямлі — станцыя Казлова засека, а наперадзе нас чакала знаёмства з музеем-сядзібай “Ясная Паляна” і іншымі мясцінамі, непарыўна звязанымі з імем Льва Талстога, а таксама займальны майстар-клас па кераміцы і прагляд монаспектакля “Гісторыя роду Талстых — гісторыя Расіі” і, нарэшце, знаёмства з горадам-героем Тулай, захапленне працоўным і воінскім подзвігам яе жыхароў. Моцная характарам, Тула не скарылася фашысцкім захопнікам і выстаяла ў смяротным баі. Самыя яркія ўражанні — наведванне Тульскага крамля і Музея абароны Тулы. Вельмі хацелася б затрымацца, але пара ў дарогу!
Магілёў, Жлобін і Мінск
Кожнаму з названых гарадоў хочацца прысвяціць асобную публікацыю, і яны абавязкова будуць, з выказваннямі і думкамі ўдзельнікаў праекта. Строгая веліч Буйніцкага поля, трагедыя Чырвонага Берага, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся адзін з найбуйнейшых дзіцячых донарскіх канцлагераў — гэта нікога не можа пакінуць абыякавым. Скрозь слёзы ў вачах юнакоў і дзяўчат з нашай каманды праступае зацятая рашучасць: злачынствам фашызму, жахам вайны нельга даць ніводнага шансу на паўтарэнне.
А яшчэ на нашым шляху было зачараванне Александрыяй, малой радзімай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, і сустрэча з кіраўніком дзяржавы на Кургане Славы пад Мінскам у Дзень Незалежнасці. Было знаёмства з цудоўным заасадам і шыкоўнае авіяшоу ў Магілёве і з палацава-паркавым комплексам Козел-Паклеўскіх на Гомельшчыне, ваенна-гістарычная рэканструкцыя на Лініі Сталіна, наведванне Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнай бібліятэкі і храма-помніка ў гонар Усіх Святых, урачыстае ўскладанне кветак да манумента-абеліска Перамогі ў Мінску і святочны салют.
Праект нездарма называюць культурна-адукацыйным. Нельга жыць столькі дзён у пастаянным эмацыянальным напружанні, і менавіта адукацыйны складнік дазваляў моладзі пераключаць увагу, каб даведацца штосьці новае і цікавае пра Беларусь і беларусаў. Упэўнена магу сказаць: моладзь засталася ў захапленні!
Кубінка і Масква
Фінальныя прыпынкі на маршруце. Мы, дзеці і дарослыя, як ніколі, адчуваем сябе з’яднанай камандай, разумеем адно аднаго нават не з паўслова — з аднаго позірку. Таму кожнае імгненне становіцца звышкаштоўным, кожнае тваё ўражанне раздзяляюць астатнія ўдзельнікі праекта — і ў выніку яго сіла памнажаецца больш як у 200 разоў! Парк “Патрыёт” у падмаскоўнай Кубінцы, “Дарога Памяці 1418” у музейна-храмавым комплексе Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі, дзе многія з нас змаглі знайсці ў базе даных прозвішчы сваіх дзядоў і прадзедаў — абаронцаў Айчыны, партызанская вёска, вячэрняе вогнішча і песні пад гітару… Здорава і сумна, бо застаўся толькі адзін дзень разам.
Мы правялі яго ў Маскве, і калі верыць папулярнай песні савецкіх часоў, то цяпер ніколі не забудзем новых сяброў. Як і тое светлае, невыказнае словамі пачуццё, што перажылі, ускладаючы кветкі да Магілы Невядомага Салдата ля Крамлёўскай сцяны, і абдымкі, усмешкі скрозь слёзы на развітальнай урачыстасці ў зале Славы музея Перамогі… Мы абавязкова сустрэнемся зноў!
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара