У абарону дзяцей: зацверджаны парадак прызнання дзяцей асобамі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы

- 16:07Новости, Школа управления

Зацверджаны парадак прызнання дзяцей асобамі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Акрамя таго, устаноў­лены крытэрыі і паказчыкі сацыяльна небяспечнага становішча. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 30 снежня 2024 года № 1055. Адпаведны дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Дакументам вызначаецца парадак выяўлення дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, парадак вя­дзення іх уліку, парадак і тэрміны правядзення абследавання ўмоў жыцця і выхавання гэтых дзяцей, забеспячэння кантролю за ўмовамі іх утрымання, выхавання і адукацыі, парадак прызнання такіх дзяцей асобамі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, а таксама парадак іх вяртання бацькам.

Так, да крытэрыяў са­цыяльна небяспечнага становішча адносяцца выпадкі, калі бацькамі або адным з іх не задавальняюцца асноўныя жыццёвыя патрэбы дзіцяці, не забяспечваецца нагляд за паводзінамі дзіцяці і яго ладам жыцця, з прычыны чаго яно здзяйсняе дзеянні, якія ўтрымліваюць прыметы адміністратыўнага правапарушэння альбо злачынства, а таксама сітуацыі, пры якіх бацькі або іншыя лю­дзі, якія ўдзельнічаюць у выхаванні і ўтрыманні дзіцяці, вядуць амаральны лад жыцця, што аказ­вае шкоднае ўздзеянне на дзіця, злоўжываюць сваімі правамі або жорстка абыходзяцца з дзецьмі, у сувязі з чым мае месца небяспека для жыцця або здароўя дзіцяці. Кожнаму крытэрыю адпавядае шэраг паказчыкаў сацыяльна небяспечнага становішча дзяцей.

Пастановай рэгулюецца работа арганізацый па прызнанні дзяцей асобамі, якія знахо­дзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, вызначаецца парадак выяўлення дзяцей, у сем’ях якіх маюцца крытэрыі і паказчыкі сацыяльна небяспечнага становішча, і правядзення сацыяльнага расследавання, устанаўліваецца парадак прыняцця рашэння аб наяўнасці ў сям’і дзіцяці крытэрыяў і паказчыкаў сацыяльна небяспечнага становішча, кантролю за яго выкананнем і спынення яго выканання.

Дакумент таксама вызначае парадак прыняцця рашэння аб адабранні дзіцяці і ўліку дзяцей, прызнаных асобамі, якія знахо­дзяцца ў сацыяльна небяспеч­ным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, устанаўлівае нормы рэалізацыі мерапрыемстваў па ліквідацыі крытэрыяў і паказчыкаў сацыяль­на небяспечнага становішча, выканання плана абароны правоў і законных інтарэсаў дзіцяці, утрымлівае ўмовы прыняцця рашэнняў аб вяртанні дзіцяці бацькам, аб звароце ў суд з іскам аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў, аб адабранні дзіцяці без пазбаўлення бацькоўскіх правоў і аб спыненні выканання рашэння аб адабранні дзіцяці.

Рашэнні аб прызнанні дзяцей асобамі, якія знаходзяцца ў са­цыяльна небяспечным стано­вішчы, прынятыя да ўступлення ў сілу пастановы, падлягаюць перагляду камісіямі па справах непаўналетніх гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў, мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах на працягу шасці месяцаў пасля ўступлення дакумента ў сілу.

Абласным і Мінскаму гарадскому выканаўчым камітэтам даручана прыняць меры па рэалі­зацыі пастановы. Дакумент усту­піў у сілу з 1 студзеня.

Па матэрыялах pravo.by падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота з сайта pixabay.com, носіць ілюстрацыйны характар