У Акадэміі адукацыі абмеркавалі праекты адукацыйных стандартаў агульнай сярэдняй адукацыі

- 12:40Новости

У Акадэміі адукацыі прайшла рабочая сустрэча па абмеркаванні праектаў адукацыйных стандартаў агульнай сярэдняй адукацыі. У абмеркаванні прынялі ўдзел спецыялісты Акадэміі адукацыі, якія распрацоўвалі адукацыйныя стандарты новага пакалення, і прадстаўнікі клуба “Крыштальны журавель”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Нагадаем, адукацыйны стандарт — тэхнічны нарматыўны прававы акт, які вызначае змест адукацыйнай праграмы праз устанаўленне патрабаванняў да адукацыйнага працэсу і вынікаў асваення яе зместу.

Настаўнік-метадыст настаўніца біялогіі гімназіі № 1 Пінска Таццяна Пархамчук найперш адзначыла, што канструктыўная размова з распрацоўшчыкамі праектаў адукацыйных стандартаў дазволіла ацаніць маштаб дакумента і яго глыбіню.

“Як правіла, настаўнікі-прадметнікі вядуць прафесійныя дыскусіі ў межах свайго вучэбнага прадмета. Сустрэча ў Акадэміі адукацыі дазволіла значна пашырыць свае гарызонты і паглядзець на стандарты больш глабальна, пачынаючы ад дашкольнай адукацыі і заканчваючы сярэдняй. Мы гаварылі не толькі пра змест стандартаў, але і пра вынікі — абмяркоўвалі ма­дэль выпускніка і тыя кампетэнцыі, якімі ён павінен валодаць. І трэба прызнаць, што кампетэнцыі абазначаны вельмі дакладна. Выпускнік павінен быць функцыянальна адукаваным у шырокім сэнсе, актыўным грамадзянінам і патрыётам.

Прапанаваны праект стандартаў стане трывалым падмуркам для развіцця якасці агульнай сярэдняй адукацыі. Вельмі спадабаўся скрупулёзны падыход распрацоўшчыкаў да вызначэння мэт стандартаў, вынікаў адукацыі, што дапаможа настаўнікам дакладна разумець свае прафесійныя задачы”, — падзялілася Таццяна Віктараўна.

“Адукацыйныя стандарты агульнай сярэдняй адукацыі — вельмі важныя дакументы. Іх распрацоўка — адказная і значная праца, у якой задзейнічаны і навукоўцы, і метадысты, і нас­таўнікі. Аўтары праектаў імкнуліся ўлічыць многія аспекты навучання і выхавання пад­растаючага пакалення, а таксама магчымасці ўстойлівага развіцця асобы пэўнага ўзрос­ту. Іншымі словамі, у стандартах выразна акрэсліваецца арыентацыя на вучня з яго патрэбамі і магчымасцямі.

З пункту погляду настаўніка-практыка, хацелася б бачыць адукацыйныя стандарты ў выглядзе цэласнага дакумента, у якім рэалізоўваецца пераемнасць паміж рознымі ступенямі адукацыі”, — адзначыла Іна Мядзведская, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Мсціслава.

Як падкрэслілі ў Акадэміі адукацыі, усе канструктыўныя парады экспертаў-педагогаў будуць улічаны пры дапрацоўцы праектаў стандартаў, што дазволіць удасканаліць змест стандартаў перад іх зацвярджэннем у якасці нарматыўных прававых актаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота на прэўю pixabay.com