У Ашмянах напярэдадні Дня Незалежнасці расчыніў дзверы дзіцячы сад пад нумарам два

- 10:05Новости

Ён размешчаны ў мікрараёне горада, які актыўна забудоўваецца, і справядліва прэтэндуе на званне самага сучаснага ў райцэнтры з пункту гледжання тэхнічнага абсталявання. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Цікавыя заняткі для дзяцей педагогі будуць праводзіць з выкарыстаннем камп’ютарнага класа, інтэрактыўных пясочніцы, скаладрома і адукацыйнай падлогі Magium. Што да апошняга ноу-хау, то гэта сучасная распрацоўка з элементамі дапоўненай рэальнасці, якая з дапамогай праектара і спецыяльнага датчыка ператварае падлогу ў сэнсарную паверхню. Такім чынам дзеці (безумоўна, у суправаджэнні педагогаў) у гульнявой форме змогуць развіваць творчае мысленне і логіку, фантазію і ўяўленне, будуць вучыцца канструяваць, ма­дэляваць і ў цікавай форме пашыраць элементарныя матэматычныя ўяўленні.

— Такое абсталяванне — навінка не толькі для нашых выхаванцаў, але і для педагогаў. Мы ўжо прайшлі неабходнае навучанне і можам сказаць, што інтэрактыўныя памочнікі стануць важным элементам у адукацыйным працэсе. Актыўна выкарыстоўваць пералічаныя распрацоўкі, як і разумнае люстэрка ArtikMe з вялікім наборам навучальных праграм, будуць лагапеды і нас­таўнікі-дэфектолагі, педагог-псіхолаг і выхавальнікі, — гаворыць кіраўнік новай дашкольнай установы Вольга Куліковіч.

Лета для яе стартавала з вялікай і грунтоўнай работы па падрыхтоўцы дзіцячага сада № 2 да сустрэчы з выхаванцамі. За плячыма педагога больш за 15 гадоў працоўнага стажу ў сістэме адукацыі. Наладжваць узаемадзеянне ёй даводзілася з дзецьмі розных узростаў. Пасля заканчэння галоўнай рэгіянальнай УВА — ГрДУ імя Янкі Купалы — пачынала шлях у педагогіцы настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў Дакурнішская сярэдняй школе Ашмянскага раёна. Пасля быў вопыт работы намеснікам загадчыка дзіцячага сада № 3 і намеснікам дырэктара гімназіі № 1 райцэнтра.

— У педагогіцы бяру прыклад са сваёй першай настаўніцы Любові Уладзі­міраўны Бушук з гімназіі Пружан. Варта адзначыць, што любы прадстаўнік нашай прафесіі — настаўнік у школе ці выхавальнік у дашкольнай установе — павінен умець працаваць у рэжыме шматзадачнасці. І ўсё ж вызначальным у выбары прафесіі і далейшай рэалізацыі ў ёй лічу любоў да дзяцей, — дзеліцца Вольга Куліковіч.

Менавіта на гэтым яна плануе зрабіць акцэнт у рабоце калектыву новага дзіцячага сада, у значнай ступені прадстаўленага маладымі спецыялістамі. Свой шлях у прафесіі тут пачнуць і працягнуць каля дзесяці педагогаў са стажам да двух гадоў.

— Ужо прадумалі арганізацыю работы школы маладога педагога. Акрамя таго, за кожным маладым спецыялістам будзе замацаваны вопытны настаўнік, — працягвае кіраўнік дашкольнай установы.

Што тычыцца магчымас­цей дашкольнай установы для бацькоў самых юных жыхароў мікрараёна, то будуць працаваць група кароткачасовага знаходжання, адаптацыйная пляцоўка, мацярынская школа.

— Гэта вельмі актуальна з улікам размяшчэння дзіцячага сада ў адным з самых маладых раёнаў горада, — гаворыць галоўны спецыя­ліст упраўлення адукацыі Ашмянскага райвыканкама Жанна Загорская. — Акрамя таго, пры зацікаўленасці з боку бацькоў разглядаем магчымасць адкрыцця групы для дзяцей ранняга да­школьнага ўзросту з 1,5 года.

Акрамя згаданага тэхнічнага абсталявання, у новым садзе Ашмян будзе яшчэ і адзіны ў раёне інтэрактыўны комплекс “Замак”. У яго цэнтральнай секцыі з вялікім сэнсарным экранам будзе нават датчык бескантактнага кіравання.

— Комплекс абсталяваны не толькі стандартнымі гульнямі з сэнсарным кіраваннем на экране, але і рухавымі гульнямі, кіраванне ў якіх ажыццяўляецца на адлегласці, напрыклад, жэстамі рук ці бегам на месцы. Такія гульні цалкам заканамерна выклічуць у дзяцей вялікую цікавасць і будуць садзейнічаць развіццю не толькі памяці, логікі і мыслення, але і маторыкі і каардынацыі, — знаёміць з навінкай Вольга Куліковіч.

Новае абсталяванне галоўным чынам будзе не забаўляць, а развіваць. І такая тэхніка — важкі ўклад у адукацыйную прастору, паколькі ў дзіцячым садзе № 2 будуць працаваць інтэграваная група і група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення.

Разлічаны новы сад на 190 месцаў. Для дашкалят тут ёсць свой басейн, а групавыя прасторы абсталяваны яркай мэбляй з выявамі папулярных герояў мультфільмаў.

— У нашым раёне шмат добрых традыцый і цікавых падыходаў у арганізацыі куткоў патрыятычнага выхавання ў групах і не толькі. Запазычваць вопыт калег, напрыклад, з Гальшан, будуць і педагогі новага дзіцячага сада. А ўжо вясной, напярэдадні 9 Мая, выхаванцы ўстановы адчуюць сябе часткай вялікай каманды равеснікаў падчас агульнагарадскога тэатралізаванага канцэрта-пастаноўкі. Не першы год яна справядліва лічыцца візітнай карткай сістэмы дашкольнай адукацыі ў раёне, — дадала Жанна Загорская.

Зусім хутка групы напоўняцца дзіцячымі галасамі.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара