У Беларусі прапануюць увесці кваліфікацыйную катэгорыю «выхавальнік-метадыст»

- 10:02Актуально

Асноўныя напрамкі развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі і маніторынг забеспячэння яе якасці, падрыхтоўку кадраў і работу з маладымі спецыялістамі абмеркавалі на пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Выкараніць залішнюю бюракратычную нагрузку на настаўнікаў і выкананне неўласцівых ім функцый — такую задачу кіраўнік дзяржавы агучыў на Рэспубліканскім педсавеце 27 жніўня 2024 года. Пра гэта ўдзельнікам калегіі нагадаў міністр адукацыі Андрэй Іванец, а таксама назваў распараджэнне прэм’ер-міністра № 321 ад 2017 года, дзе гаворыцца аб выключэнні прыцягнення педагагічных работнікаў да праверкі пячнога абсталявання, ацяплення і мер супрацьпажарнай бяс­пекі.

— Выпадкаў бюракратычнай нагрузкі нямала, — адзначыў Андрэй Іванец. — Так, педагог павінен быць неабыякавы да парушэнняў супрацьпажарнай бяспекі і пры неабходнасці інфармаваць РАНС, але не да­ваць заключэнне аб адпаведнасці. Тое ж самае тычыцца пытанняў, звязаных з санітарна-эпідэміялагічным наглядам. Калі ў сям’і, якая знаходзіцца ў са­цыяльна небяспечным становішчы, баць­кі не выконваюць патрабаванні медыкаў, то не настаўнік павінен праводзіць маніторынг сітуацыі, а медыцынскі работнік. Таксама ўстанова адукацыі не мае права запатрабаваць запазычанасць за электраэнергію, водазабеспячэнне, а тым больш патрабаваць ад настаўнікаў правядзення растлумачальнай работы з бацькамі на прадмет выплаты жыллёва-камунальных паслуг.

На сайце Міністэрства адукацыі створана асобная ўкладка аб неўласцівых функцыях педагогаў, дзе змешчаны ўсе нарматыўныя дакументы. У новай рэдакцыі пастановы Мінадукацыі № 164 дакладна прапісаны пералік дакументаў, рэгламентаваны для вядзення асобнымі катэгорыя­мі педагогаў. Напрыклад, педагог-псіхолаг павінен весці два журналы — індывідуальных кансультацый і сваёй штогадовай работы. Але на месцах прымаюць рашэнні аб вядзенні чатырох журналаў. Гэта тычыцца і журналаў, якія не маюць ніякага дачынення да выхаваўчай работы. Напрыклад, журнала маніторынгу сацсетак дзяцей. Такая работа можа праводзіцца толькі з пункту гледжання растлумачальнай дзейнасці. Трэба выкараняць справаздачы аб правя­дзенні розных мерапрыемстваў. Міністэрствам адукацыі вызначаны план ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы, які зацвярджаецца на год. Кіраўнік ведамства падкрэсліў, што іншых планаў быць не павінна. Справаздачнасць — два разы на год. Пазіцыянаваць сваю дзейнасць трэба на сайтах, у Telegram-каналах устаноў адукацыі. Таксама выдадзены загад міністра адукацыі, які забараняе па электроннай пошце ці ў месенджарах даваць любыя даручэнні, не прадугледжаныя нарматыўнымі прававымі актамі.

У краіне функцыянуе 3721 установа адукацыі, якая рэалізуе адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі, у тым ліку непасрэдна ўстаноў дашкольнай адукацыі — 2759. Колькасць выхаванцаў складае 338,1 тысячы. Ахоп дзяцей ва ўзросце ад 1 да 6 гадоў дашкольнай адукацыяй складае 88,9%. Падрыхтоўку да навучання ў школе праходзяць 100% дзяцей ва ўзросце 5 гадоў. Адукацыйны працэс у дзіцячых садах забяспечваюць амаль 55 тысяч педработнікаў.

— Для таго каб вызначыць далейшыя вектары павышэння якасці дашкольнай адукацыі, у кожным рэгіёне рэспублікі былі вывучаны асноўныя аспекты функцыянавання дзіцячых садоў, праве­дзена анкетаванне бацькоў выхаванцаў, педагогаў, навучэнцаў і студэнтаў каледжаў і УВА, якія атрымліваюць спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя”, — рас­казала намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі — начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіна Давідовіч. — Сярод важных пытанняў — даступнасць адукацыі. Перш за ўсё сацыяльная даступнасць, або магчыма­сць атрымаць месца ў дзіцячым садзе малышу з любой сям’і, а таксама эканамічная даступнасць. У нашай краіне бясплатная да­школьная адукацыя, плата бярэцца толькі за харчаванне, прытым што існуе цэлая сістэма льгот. Транспартная і крокавая даступнасць дасягаецца за кошт падвозу і адкрыцця новых дзіцячых садоў. Выбудавана змястоўная даступнасць праз пераемнасць адукацыйных стандартаў і вучэбных праграм дашкольнай і пачатковай адукацыі. Развіваецца інфармацыйная даступнасць праз прымяненне ІТ для аптымізацыі работы ўстановы і распаўсю­джанне якаснай інфармацыі аб ёй на сайце, у СМІ. Зарэкамендавала сябе інтэрактыўная карта аб наяўнасці свабодных месцаў у дзіцячых садах.

Гаворачы аб павышэнні прэ­стыжу педагагічнай прафесіі, А.Давідовіч адзначыла неабходнасць павелічэння колькасці педагогаў з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй і ад імя Міністэрства адукацыі агучыла прапанову ўвесці (па аналогіі з нас­таўнікам-метадыстам) кваліфікацыйную катэгорыю “выхавальнік-метадыст”.

Яна нагадала, што падчас тэматычных секцый напярэдадні калегіі педагогі абмеркавалі праекты канцэптуальных і нарматыўных дакументаў, якія вызначаць асноўныя вектары развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі на найбліжэйшы час. У іх ліку крытэрыі ацэнкі дзейнасці ўстаноў дашкольнай і спецыяльнай адукацыі, праект прафесійнага стандарту “Педагагічная дзейнасць ва ўстановах дашкольнай адукацыі”, які адкарэкціруе патрабаванні да адукацыі выхавальніка, праект пастановы “Аб парадку правядзення рэспуб­ліканскага конкурсу “Лепшы педагог установы да­школьнай адукацыі”, Нацыянальная стратэгія развіцця інклюзіўнай адукацыі да 2030 года. Гэта паспрыяе распрацоўцы Канцэпцыі развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі да 2030 года.

— Факультэт дашкольнай адукацыі БДПУ штогод выпускае 120—130 маладых спецыялістаў, якія праходзяць размеркаванне, — адзначыў рэктар універсітэта Аляксандр Жук. — Аднак колькасць заявак у БДПУ ад устаноў дашкольнай адукацыі значна перавышае колькасць такіх выпускнікоў. Асабліва высокая патрэба ў выхавальніках у Мінску. У сувязі з гэтым прадугледжаны для працуючых студэнтаў перавод на індывідуальны план навучання.

Рэктар заўважыў, што ва ўніверсітэт усё часцей паступаюць выпускнікі каледжаў з усёй краіны на скарочаны тэрмін навучання. Чвэрць з іх у апошнія тры гады — уладальнікі чырвоных дыпломаў. Запатрабаванасць скарочанай формы навучання і высокі ўзровень ведаў выпускнікоў каледжаў, які яны дэманструюць ва ўніверсітэце, пацвярджаюць эфектыўнасць такой траекторыі для падрыхтоўкі кваліфікаваных і матываваных спецыя­лістаў.

— Наш прыярытэт — павышэнне эфектыўнасці праф­арыентацыйнай работы з вучнямі педкласаў, а таксама з тымі, хто займаецца ў 5—9 класах, навучанне на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі і стварэнне ўмоў для замацавання маладых спецыялістаў на першых працоўных месцах, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Мікалай Башко. — Сумесна з раённымі прафсаюзнымі камітэтамі вядзецца актыўная работа па пашырэнні сістэмы льгот для маладых спецыялістаў (забеспячэнне жыллём, аплата праезду, кампенсацыя аплаты за наём жылля, фінансавыя выплаты). Так, 16 кватэр выдзелена спецыялістам дзіцячых садоў Мінс­кага раёна ў першым арэндным доме для педагогаў. У Пухавіцкім раёне ў дзіцячым садзе “Васілёк” п.Дружны 80% выхавальнікаў — маладыя спецыялісты. Усім, хто мае патрэбу ў жыллі, прадастаў­лены месцы ў інтэрнаце.

Выхавальніца дзіцячага сада № 111 Віцебска Дзіяна Глінка знаёміць дзяцей з гульнёй “Мая малая радзіма —  Білева” (мікрараён)
Фота з архіва ўстановы

Вопытам супрацоўніцтва з сем’ямі выхаванцаў па фарміраванні грамадзянскасці і патрыятызму падзялілася загадчык дзіцячага сада № 111 Віцебска “Буслік” Святлана Мяснікава:

— Па ініцыятыве бацькоў выхаванцаў створаны серыі стэндаў і відэаролікаў, Кніга памяці аб сваяках выхаванцаў, удзельніках Вялікай Айчыннай вайны. Відэаролік “Памяць пакаленняў у гісторыі маёй сям’і” быў удастое­ны дыплома І ступені на заключным мерапрыемстве ўсебеларускага патрыятычнага праекта “Памяць пакаленняў у імя будучыні”. Створаны комплекс “Горад дзяцінства”, які ўключае выставы “Мая Беларусь”, “Віцебшчына алімпійская”, “Народная лялька — люстэрка культуры”. Калектывам сада распрацавана больш за 20 маршрутаў выхаднога дня. У месенджарах педагогі прапаноўва­юць бацькам літаратурныя творы, гульні аб сваёй краіне і яе гісторыі. А наш новы творчы праект мы назавём “Радзіма пачынаецца з сям’і”.

Стаўка на маладых

— Мы робім стаўку на тое, каб вырасціць спецыяліста, бо сярод педагогаў дзіцячых садоў Светлагорскага раёна большасць — маладыя, — расказала метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Людміла Явар. — Створана сістэма настаўніцтва, мы практыкуем індывідуальнае метадычнае суправаджэнне, арганізоўваем праблемныя і творчыя групы, стартап-пляцоўкі, метадычныя масты з калегамі. Арыентуемся на практычнае прымяненне педагогамі ведаў і ўменняў. Традыцыйным на днях кіраўніка стала прэзентацыя сваіх брэндаў. Па шэрагу кірункаў мы ў лідарах. Так, у дзіцячым садзе № 14 Светлагорска дзейнічае этнаграфічны музей “Спадчына”, у гарадскім ДЦРР № 22 — дзіцячы прэс-цэнтр, а ў дзіцячым садзе № 7 — выставачная зала твораў мясцовых мастакоў.

Адразу пасля заканчэння Барысаўскага педкаледжа ў 2023 годзе выхавальніца дзіцячага сада № 15 Кобрына Ірына Каберская стала студэнткай Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ.

— Маё дашкольнае дзяцінства прайшло ў сценах цяперашняга месца работы, дзе я пазнаёмілася са сваёй выхавальніцай Аленай Кузьміч, — гаворыць дзяўчына. — Кожны дзень яна сустракала нас з усмешкай, чытала казкі, малявала, гуляла, дапамагала раскрыць таленты, а сёння яна мой настаўнік. Ва ўстанове я наведваю метадычнае аб’яднанне “Школа маладога выхавальніка”, уваходжу ў склад творчай групы па рэалізацыі адукацыйнага праекта “Зялёныя школы”. Дзень за днём я пагружаюся ў свет гульні са сваімі малышамі, імкнуся зрабіць іх знаходжанне ў дзіцячым садзе цікавым, карысным і запамінальным. Я ганаруся сваёй прафесіяй, даверам бацькоў, дасягненнямі кожнага дзіцяці. А лепшая ўзнагарода для мяне — гэта радасныя ўсмешкі выхаванцаў і ззянне іх вачэй, цёплыя словы бацькоў і калег па рабоце.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА