У Беларусі прынцып інклюзіі стаў асновай дзейнасці з асаблівай катэгорыяй дзяцей

- 9:41Компетентно, Новости

Нядаўняе пасяджэнне Кансультатыўнага савета па пытаннях сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, створанага пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, яшчэ раз засведчыла ўважлівае і адказнае стаўленне дзяржавы да дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Для іх створаны ўсе ўмовы, каб яны паспяхова вучыліся ў школе, атрымлівалі спецыяльную адукацыю, маглі адаптавацца ў навакольным асяроддзі і будаваць сваю прафесійную кар’еру. Пра стан спраў, які складваецца сёння ў сістэме спецыяльнай адукацыі нашай краіны, расказаў на пасяджэнні Кансультатыўнага савета міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Як адзначыў кіраўнік міністэрства, за апошнія 20 гадоў сетка ўстаноў спецыяльнай адукацыі не пашырылася, а скарацілася ўдвая, што пацвярджае выкарыстанне новых форм навучання і выхавання дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці, укараненне новых відаў устаноў адукацыі, інтэграванне ў навучанні і выхаванні. Але наогул адмовіцца ад спецыяльных устаноў нельга, таму што там знаходзяцца дзеці, якія маюць патрэбу ў асаблівых умовах навучання і выхавання, падкрэсліў міністр.

Сёння ў нашай краіне дзейнічаюць 237 устаноў спецыяльнай адукацыі, сярод іх цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання, спецыяльныя дзіцячыя сады, спецыяльныя школы і школы-інтэрнаты. Ужо доўгі час у нас функцыянуюць спецыяльныя класы і групы інтэграванага навучання, дзе вучыцца каля 70% дзяцей з асаблівас­цямі псіхафізічнага развіцця (АПФР). У школах сталіцы такая катэгорыя дзяцей складае да 14% ад агульнай колькасці навучэнцаў. Ва ўстановах вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі вучыцца 2712 асоб з інваліднасцю і 902 з АПФР. Прынцып інклюзіі стаў асновай дзейнасці з асаблівай катэгорыяй дзяцей, што ў выніку прывяло амаль да 100% ахопу спецыяльнай адукацыяй і карэкцыйна-педагагічнай дапамогай дзяцей з асаблівасцямі.

Сёння, на жаль, спектр парушэнняў у развіцці дзяцей даволі разнастайны. Гэта патрабуе выкарыстання асаблівых педагагічных тэхналогій, спецыяльных падыходаў у стварэнні адпаведнага адукацыйнага асяроддзя. Андрэй Іванец адзначыў, што каля 40 тысяч педагогаў сёння займаюцца інтэграваным навучаннем і выхаваннем, аказваюць карэкцыйна-педагагічную дапамогу дзецям з лёгкімі парушэннямі развіцця. З іх 11,9 тысячы чалавек з’яўляюцца настаўнікамі-дэфектолагамі, якія непасрэдна ажыццяўляюць навучанне і выхаванне дзяцей з АПФР. Працэнт укамплектаванасці такімі кадрамі дасягае 100%, што дазваляе на дастатковым узроўні арганізаваць адукацыйны працэс. Псіхалагічнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу забяспечваюць 4,1 тысячы педагогаў-псіхолагаў.

Сёння пастаўлена задача, каб кожны педагог умеў працаваць з дзецьмі з асаблівасцямі ў развіцці. Трэба імкнуцца да таго, каб забяспечыць гатоўнасць звычайнага педагога правільна і эфектыўна вырашаць задачы, звязаныя з навучаннем дзяцей з асаблівасцямі, у тым ліку з расстройствамі аўтыстычнага спектра. Да пачатку новага навучальнага года плануецца перагледзець прыкладныя вучэбныя планы па ўсіх педагагічных спецыяльнасцях.

Будучых настаўнікаў-дэфектолагаў рыхту­юць 6 устаноў вышэйшай адукацыі, асноўной з іх ужо шмат гадоў застаецца Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. З мінулага года падрыхтоўка па новай спецыяльнасці на ўзроўні сярэдняй спе­цыяльнай адукацыі “Педагагічнае суправаджэнне” (кваліфікацыя “выхавальнік”) упершыню арганізавана ў Мінскім гарадскім педагагічным каледжы, Ваўкавыскім каледжы. Але сёння пастаўлена задача, каб кожны педагог умеў праца­ваць з дзецьмі з асаблівасцямі ў развіцці. Трэба імкнуцца да таго, каб забяспе­чыць гатоў­насць звычайнага педагога правільна і эфектыўна вырашаць задачы, звязаныя з навучаннем дзяцей з асаблівасцямі, у тым ліку з расстройствамі аўтыстычнага спектра. Да пачатку новага навучальнага года плануецца перагледзець прыкладныя вучэбныя планы па ўсіх педагагічных спецыяльнасцях.

На думку міністра, па магчымасці адукацыйны працэс для дзяцей з асаблівасцямі трэба арганізоўваць па месцы жыхарства. Кожная ўстанова адукацыі павінна рыхтавацца да прыходу асаблівага дзіцяці, а гэта значыць, забяспечыць яму належнае суправаджэнне, працоўнае месца, стварыць неабходную адукацыйную прастору, прадаставіць сродкі навучання. Толькі за апошнія 3 гады выдадзена 76 вучэбных дапаможнікаў для дзяцей з АПФР, у тым ліку 18 — на аснове рэльефна-кропкавага шрыфту Брайля. Пытанні ўдасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі і забяспечанасці спецыяльнымі сродкамі навучання рэалізуюцца ў рамках дзяржаўных праграм “Адукацыя і маладзёжная палітыка” і “Сацыяльная абарона” да 2025 года. Сёння элементы даступнага асяроддзя маюць каля 60% устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі. Так, у 2022 годзе толькі на вырашэнне задачы па стварэнні даступнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі зрасходавана 788 891,52 рубля са сродкаў мясцовых бюджэтаў і ўласных сродкаў устаноў. Трэба прызнаць, што сёння ў навучэнцаў школ не сфарміраваны паўнацэнныя навыкі ўзаемадзеяння з аднагодкамі з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Неабходна распрацаваць сістэму псіхолага-педагагічнага суправаджэння з ухілам на талерантнае стаўленне навучэнцаў да дзяцей з асаблівасцямі. Міністэрствам адукацыі сумесна з міністэрствамі аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны падпісана дарожная карта ўдасканалення міжведамаснага ўзаемадзеяння пры аказанні дапамогі асобам з АПФР, інваліднасцю і іх сем’ям.

Ала КЛЮЙКО
Фота БелТА