З 31 мая па 4 чэрвеня на базе Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь праходзіў сталічны гарадскі спартыўна-патрыятычны конкурс “Зарніца”, арганізатарам і каардынатарам якога выступіў Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі. У конкурсе ўдзельнічалі 9 каманд па 10 чалавек: 6 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі ў кожнай. Разам яны справіліся з выпрабаваннямі, якія паказалі, хто лепш падрыхтаваны фізічна, творча і інтэлектуальна.
Спаборніцтвы былі інтэлектуальна-этычнага і прыкладнога характару. Падлеткі прадстаўлялі візітоўкі каманд, стваралі запамінальныя баявыя лісткі, дэманстравалі зладжанасць у аглядзе строю і песні і гістарычныя веды ў турніры “75 кадраў аб вайне”, разбіралі і збіралі на хуткасць АК-74, стралялі па мішэні № 8 з 10 метраў, выконвалі розныя заданні (разборка, зборка аўтамата, падрыхтоўка рэчавага мяшка, транспарціроўка параненых і інш.) у ваенізаванай эстафеце “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”.
— Самай запамінальнай для дзяцей была гульня на мясцовасці “Абаронныя рубяжы”, — расказвае культарганізатар сектара ідэалагічнай работы і сацыяльных ініцыятыў дзяцей і моладзі МДПДіМ Сяргей Быкаў. — У найбліжэйшым да ваеннай акадэміі лясным масіве распрацоўваецца пэўная легенда. На старце ва ўдзельнікаў правяраюць экіпіроўку каманды. Далей яны атрымліваюць заданне па арыенціроўцы на мясцовасці. Калі правільна выбралі напрамак, то яны дабягуць да пэўнага пункта, дзе іх чакае выпрабаванне. Напрыклад, “Буралом”, калі над зямлёй нацягваюцца шнуры, праз якія дзіця павінна прайсці, не дакрануўшыся да іх, інакш будзе штраф. Далей — пераправа па паралельных вяроўках, стварэнне гаці з дапамогай лежакоў, перапаўзанне па-пластунску і інш.
У дзень падвядзення вынікаў удзельнікі хваляваліся не менш чым падчас выпрабаванняў. Тыя, хто ўжо разумеў, што змагаецца за перамогу, былі максімальна напружаны. Былі як шчаслівыя ўсмешкі, так і слёзы расчаравання. Па выніках усіх іспытаў 3-е месца заняла каманда сярэдняй школы № 189 Ленінскага раёна,
2-е месца — каманда сярэдняй школы № 209 Маскоўскага раёна, а пераможцай стала гімназія № 43 Фрунзенскага раёна.
— Гэты конкурс для нас традыцыйны, мы ўдзельнічаем у ім на працягу больш чым 10 гадоў, — дзеліцца кіраўнік каманды гімназіі № 43 педагог-арганізатар Андрэй Сіўцоў. — Неаднаразова каманда брала прызавыя месцы на гарадскім этапе і два разы перамагала на рэспубліканскім.
Каманда рыхтавалася да конкурсу з восені. Пачалі з самага складанага — страявой падрыхтоўкі і рэпетыцыі песні. Займаліся ў спартыўнай зале, на вуліцы.
— У ціры адпрацоўвалі зборку і разборку аўтаматаў, стралялі, — расказвае кіраўнік каманды гімназіі № 43 педагог-арганізатар Ірына Вячорка. — Далей вывучалі гісторыю Вялікай Айчыннай вайны і піянерскай арганізацыі, разбіралі з дзецьмі даты, падзеі, асоб. Пасля Новага года рыхтаваліся больш узмоцнена, бо ў сакавіку праходзіў раённы этап конкурсу. Cпадзяёмся, што сёлета зможам выйграць на рэспубліцы трэці раз.
На рэспубліканскім конкурсе ў гімназіі № 43 Мінска будзе шэсць сапернікаў: па камандзе з кожнай вобласці. Фінал пройдзе ў Брэсце, прыкладна ў канцы чэрвеня.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.