У чым галоўная мэта студэнцкага тэатра? Пагутарылі з кіраўніком творчага аб’яднання «Мы» Вольгай Гладкай

- 15:05АРТ-квартал

Народны студэнцкі тэатр “Мы” радуе сваёй творчасцю не толькі студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ, але і іншых заўзятых тэатралаў. Творчым аб’яднаннем кіруе яго былая выхаванка Вольга Гладкая, а дапамагае ёй у гэтым старажыл калектыву Ганна Жытко, педагог дадатковай адукацыі з 20-­гадовым стажам. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сёння тэатр аб’ядноўвае больш за два дзясяткі студэнтаў БДПУ, БДУ, БДЭУ. Займаюцца тут і тыя, хто, развітаўшыся з універсітэтам, не змог, аднак, расстацца з творчасцю. Калі раней любы жадаючы станавіўся членам акцёрскай трупы, то з гэтага года з-за вялікага наплыву прадугледжаны адбор. Зрэшты, строгіх крытэрыяў да прэтэндэнтаў ніхто не прад’яўляе. Галоўнае — шчырая ўнутраная зацікаўленасць у тэатральнай творчасці, якую рэжысёру заўсёды выдае асаблівы бляск у вачах студэнтаў.

— Сёння ў нашым рэпертуары тры спектаклі: “Каралева прыгажосці” паводле п’есы Марціна Макдоны, “Оскар і Ружовая дама” па аповесці Эрыка-Эманюэля Шміта і “Тэфі. Лялькі” па матывах апавяданняў Надзеі Тэфі, з якім, дарэчы, у лютым гэтага года мы пацвер­дзілі званне “Народны самадзейны калектыў”, — расказвае мастацкі кіраўнік тэатра Вольга Гладкая. — Я стаўлю спектаклі, право­джу трэнінгі па акцёрскім майстэрстве, сцэнічнай мове і сцэнічным руху. Таксама трэнінгі па сцэнічнай мове і размінку па пластыцы праводзіць мой памочнік Ганна Анатольеўна. Пры падрыхтоўцы кожнай пастаноўкі задзейнічаны два акцёрскія склады. Другі склад не дае расслабіцца першаму, цягнецца за ім, ствараючы здаровую канкурэнцыю.

Першыя паўгода з пачаткоўцамі праходзяць трэнінгі на развіццё ўвагі, гэта значыць, умення засяроджвацца на якім-небудзь аб’екце, што важна для кантакту з аўдыторыяй. Затым падключаюцца практыкаванні на ўзаемадзеянне з партнёрам. Паралельна ідуць заняткі па сцэнічнай мове, дзе прапрацоўваюцца артыкуляцыя, дыкцыя, правільнае дыханне, уменне валодаць голасам, ахопліваючы шырокі дыяпазон гукаў. Наваспечаным акцёрам на пачатковым этапе бывае цяжка, напрыклад, закрычаць. Таксама нярэдка ў іх аказваецца заціснуты плечавы пояс. Усё гэта сведчыць аб блакіраванні эмоцый, страху праявіць сябе.

Народны студэнцкі тэатр “Мы” ўтварыўся ў 1985 годзе. Ля яго вытокаў стаяў тагачасны студэнт гістарычнага факультэта Ігар Карпенка. Зарадзіўшыся як шоу-тэатр, пазней студэнцкае аб’яднанне ўсё больш набліжалася да драматычнага тэатральнага мастацтва.

На думку Вольгі Гладкай, студэнцкі тэатр — гэта ў першую чаргу тое месца, дзе, адчуваючы сябе свабодна і камфортна, маладыя творчыя людзі могуць раскрыцца не толькі як акцёры, але і як асобы. Для кагосьці з іх тэатр становіцца ў нейкай ступені разнавіднасцю арт-тэрапіі. Удзел у тэатральным жыцці дапамагае студэнтам справіцца з адзінотай, паглядзець на свет шчаслівымі вачыма, знайсці сяброў і адчуць, як важна займацца любімай справай.

— Часта юнакі і дзяўчаты прыходзяць заціснутыя, замкнёныя, ім цяжка глядзець адно аднаму ў вочы, складана гучна размаўляць. Відаць, як кожны раз, выконваючы тое ці іншае заданне, яны нібы пераадольва­юць сябе, — расказ­вае Вольга Яўгенаўна. — Але раз за ра­зам пражываючы пэўныя ролі, студэнты даведваюцца пра сябе нешта новае. Выконваючы практыкаванні, яны пражываюць і прапрацоўваюць свае болевыя кропкі, пазбаўляюцца ўнутраных стрымліваючых аковаў і расцвітаюць, адчуваючы сябе свабодна на сцэне. Гэта ві­даць збоку, і для мяне як для педагога і кіраўніка тэатра гэта вельмі каштоўна і важна. Мабыць, галоўная мэта студэнцкага тэатра мне бачыцца менавіта ў гэтым — даваць магчымасць моладзі раскрывацца, разнявольвацца, самарэалізоўвацца, выходзячы на сцэну і атрымліваючы ад гэтага задавальненне.

— А як падбіраеце ролі юным тэатралам?

— Спачатку прапаную вы­браць ім самім. Хтосьці, валодаючы ўнутранай актыўнасцю або пераадольваючы страх, адгукаецца адразу, а хтосьці адмоўчваецца. Выбіраюць ролі мае падапечныя па-рознаму. Часта свядома ці падсвядома яны імкнуцца да той ролі, якая ім знаёма ў жыцці, якая кранае ўнутраныя струны душы, болевыя кропкі. Магчыма, хтосьці, жадаючы паглыбіцца ў блізкую па духу ролю, шукае адказы на мноства назапашаных пытанняў, а нехта, ідучы ад адваротнага, выбірае героя супрацьлеглага сабе, каб на сцэне пражыць тое, што не можа адчуць у жыцці. У тэатры падлетак, нібы хаваючыся за маскай іншага чалавека, можа быць любым: смешным, адважным, неардынарным. І нават калі потым у звычайных зносінах ён зноў замыкаецца, хаваючыся ў ахоўную ракавінку, ён ужо на крок бліжэй да унутранай свабоды і далей ад сваіх комплексаў і страхаў.

— Як праходзяць рэпетыцыі, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца акцёры-аматары?

— Рэпетыцыі праходзяць тройчы на тыдзень, у розны час і доўжацца 3—4 гадзіны. З рознымі групамі адпрацоўваем розны матэрыял. Пры абмеркаванні роляў кожны выказваецца пра тое, якім ён бачыць свайго героя, інтэрпрэтуе аўтарскае бачанне. Мы прагаворваем розныя пункты гледжання. Даць магчымасць выказацца студэнтам, чаго, дарэчы, няма ў прафесійных тэатрах, лічу вельмі важным, бо пры абмеркаванні выкрываюцца тэмы, якія сёння асабліва хвалю­юць моладзь. На першым месцы гэта дзіцячабацькоўскія адносіны, тэма сталення і сепарацыі, пытанні самавызначэння.

Мабыць, цяжэй за ўсё юнакам і дзяўчатам даецца перадаць тыя эмоцыі, якія па ўзросце ім яшчэ не даводзілася перажываць у жыцці. Але дзякуючы доўгім размовам, пошуку аналогій у нейкіх падобных жыццёвых сітуацыях, правільна падабраных фільмах, рэжысёру ўдаецца дасягнуць пастаўленых задач. Кожны спектакль для студэнтаў-акцёраў — гэта пазнанне і асэнсаванне чагосьці новага і важнага, пашырэнне асабістых унутраных гарызонтаў.

Так, сёння, працуючы над спектаклем аб натхняльнай сіле дружбы, веры і любові “Оскар і Ружовая дама”, у якім 10-гадовы хлопчык, паміраючы ад анкалогіі, за апошнія 12 дзён свайго жыцця спасцігае сэнс быцця, юнакі і дзяўчаты, прапускаючы праз сябе словы галоўнага героя, прыходзяць да ра­зумення таго, што “…трэба кожны дзень глядзець на свет, быццам бачыш яго першы раз… я сузіраў святло, фарбы дня, дрэвы, птушак, жывёл. Я адчуваў, як у мае ноздры ўваходзіць паветра і прымушае мяне дыхаць. Я чуў галасы, якія разносіліся ў калідоры, быццам пад скляпеннямі сабора. Я адчуў сябе жывым. Мяне перапаўнялі дрыжыкі чыстай радасці. Шчасце быцця. Я быў перапоўнены здзіўлення”.

Займаючыся рэалізацыяй праекта “Праз мастацтва да культуры будучых педагогаў”, Ганна Жытко стварыла супольнасць у Viber “Тэатральнае жыццё”, якая аб’ядноўвае каля 1,5 тысячы аматараў-тэатралаў, дзе дае прафесійныя парады мастацтвазнаўцы, рэкамендуючы спектаклі, на якія абавязкова варта схадзіць. У іх ліку і пастаноўкі студэнцкага народнага тэатра “Мы”.

Задумваючыся аб планах на будучы сезон, Вольга Гладкая хоча рэарганізаваць працоўны час і рэпетыцыйны працэс, каб можна было ставіць больш спектакляў:

— Ёсць задума дэлегаваць частку паўнамоцтваў старшакурснікам, якія, назапасіўшы пэўны вопыт, ужо самі мо­гуць простым базавым рэчам вучыць пачаткоўцаў. Такім чынам у нас будзе фарміравацца пераемнасць пакаленняў.

Выпускнік БДПУ 2021 года Ілья Каморны займаецца ў тэатры шосты год, на яго рахунку дзясятак сыграных роляў:

У студэнцкім тэатры я пачаў займацца, калі вучыўся на 2 курсе гістарычнага факультэта БДПУ. Сюды мяне аднойчы накіравалі пасля кастынгу на адным з універсітэцкіх конкурсаў талентаў.

Акрамя таго, што тут можна пазнаёміцца і пагутарыць з вялікай колькасцю вельмі цікавых асоб, я назваў бы тэатр інструментам для шматпланавага развіцця асобы. Тут чалавек раскрываецца з нечаканых бакоў, разнявольваецца, становіцца больш упэўненым у сабе, пашыраючы спектр унутранай эмацыянальнай палітры. Кожны раз іграючы тую ці іншую ролю, ты прымяраеш на сябе рысы пэўнай асобы. Іграючы, напрыклад, паскуднага нягодніка, трэба прадэманстраваць мноства негатыўных якасцей. Прычым, каб арганічна ўжыцца ў ролю і быць дакладным, трэба неяк гэтыя непрыемныя якасці для сябе апраўдаць, нібыта іх палюбіць. Так, напрыклад, развіваецца эмпатыя.

У тэатры, у адрозненне ад кіно, не бывае другасных роляў. Тут кожная роля — галоўная, яна стварае атмасферу. Кожная роля — гэта тая важная шрубка, ад якой залежыць работа ўсяго тэатральнага механізма.

У адным са спектакляў я іграў пяць роляў. Даводзілася за лічаныя мінуты пераапранацца і па ўмоўным шчоўканні пальцаў пераходзіць з аднаго стану ў іншы. Дарэчы, гэта напрацаванае з вопытам уменне пераключацца з адной ролі на іншую бывае карысным у жыцці, каб, напрыклад, выйсці са стрэсавай сітуацыі або панізіць узровень стрэсу.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара і з архіва тэатра